Вялікі скачок?

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Пошукі і погляды маладой айчыннай фатаграфіі
У той час, калі прэмія дакументальнай і арт-фатаграфіі “Прафота” толькі набірае папулярнасць у “родных пенатах”, яе пераможцы паспяхова заяўляюць пра сябе па-за межамі рэспублікі. На ІІІ Маскоўскім фатаграфічным салоне галерэя “ЦЭХ” прэзентавала работы фіналістаў прэміі, каталог “Прафота”. У рамках падзеі адкрылася выстава Аляксандра Міхалковіча — пазалеташняга пераможцы конкурсу. Сёння два праекты беларускага аўтара ў маскоўскай Галерэі класічнай фатаграфіі прыцягваюць публіку і “Фотабіенале-2016”, буйнога міжнароднага фестывалю, які доўжыцца да восені.

/i/content/pi/cult/582/12835/8-2.jpgШто ў мінулым?

“Прафота” як прэмія праектнай фатаграфіі заявіла пра сябе ў Мінску пазалетась, калі адбыўся першы Месяц фатаграфіі. Вызначала лепшых міжнароднае журы на чале з маскоўскім куратарам і фотарэдактарам Ганнай Шпакавай. “Шорт ліст” складаўся з работ дзесяці аўтараў, а ўладальнікаў Гран-пры было двое. Ну а сёлета адбылася выстава фіналістаў “Прафота-2015”, запаралелілася з ёю тая самая выстава Аляксандра Міхалковіча.

На сёння прэмія не толькі вызначае лепшых у Беларусі (па меркаванні журы, вядома) у дакументальнай і арт-фатаграфіі, але актыўна прасоўвае таленавітых аўтараў як у выставачным, так і ў друкаваным фармаце. Яе пераможцы атрымліваюць не грашовыя ўзнагароды, а магчымасці: да прыкладу, арганізацыі выставы ў межах міжнароднай фатаграфічнай дзеі, варыянты ўдзелу ў форумах. У сучасных рэаліях падобны ўдзел шмат каштуе.

А што ў патэнцыяле?

Аднак пра сёлетнюю экспазіцыю ў “ЦЭХ”у. Выставачны фармат “Прафота-2015”, прадэманстраваў не толькі тэндэнцыі ў сучаснай фатаграфіі, але і магчымасці працы з беларускімі аўтарамі. Куратаркай выставы выступіла Ганна Шпакава — старшыня журы конкурсу, спецыяліст па фатаграфіі, дызайну і мультымедыя. Дзякуючы яе ўдзелу выставачны праект стаўся тым прыкладам, калі куратарская праца сапраўды заўважная і ўражвальная. Яна выяўляецца не толькі ў экспазіцыйнай культуры, выбудоўванні паралеляў паміж праектамі, але і ў здольнасці разам з аўтарамі вылучаць са, здавалася б, вывучаных уздоўж і ўпоперак серый новыя грані і сэнсы.

Дзіўная рэч, але першае ўражанне ад ўбачанага — умоўнасць мяжы паміж дакументальнай і арт-фатаграфіяй. Так, безумоўна, розніца ёсць, аднак акцэнт быў зроблены на іншае: цэльнасць фатаграфічнага праекта, данясенне да гледача думкі аўтара. Гэтаму і аддавалася перавага. Пры такім раскладзе, прызнацца, асабіста мне было ўсё роўна, работа арт-фатографа перада мной ці апалагета дакументалістыкі.

Асэнсаванне таго, што раблю, да чаго імкнуся, што са мной і маім праектам у дадзены момант адбываецца, — гэта, аказваецца, недастаткова прапрацоўваецца беларускімі фатографамі і не дае іх работам прагучаць, як належна. І наадварот — дакладныя і нешараговыя пытанні ў працэсе працы здольныя істотна развіць серыю, змясціўшы яе ў належны кантэкст. Тое і адбылося на прыкладзе экспазіцыі, калі многія аўтары раскрылі свой патэнцыял, як і патэнцыял сваіх праектаў.

Адкуль жорсткасць?

Да прыкладу, суседства двух уладальнікаў Гран-пры — праекта Аляксандра Васюковіча і Дар’і Цырык “Кожная трэцяя” (лепшая серыя ў дакументальных праектах) і Максіма Сарычава “Прывітанне, зброя!” (Гран-пры ў арт-фатаграфіі).

Серыя драматычных партрэтаў Аляксандра і Дар’і — зварот да тэмы хатняга гвалту. Гераіні на фатаграфіях да канца не адкрываюць свае абліччы — алегорыя самой праблемы, якая пры ўсёй відавочнай наяўнасці неахвотна заўважаецца грамадствам. Куратарка ў зале размясціла толькі адзін з партрэтаў, а побач — аўдыясповедзі жанчын, якія зазналі гвалт (іх сведчанні можна паслухаць праз навушнікі). Расповеды, сабраныя Аляксандрам і Дар’яй падчас працы на праектам, дазваляюць усвядоміць маштаб праблемы, адвагу жанчын, што здолелі вырвацца з “хатняга пекла”, і прафесіяналізм аўтараў, якія, не абмежаваўшыся павярхоўным дакументаваннем, раздзялілі боль пацярпелых. Перад намі — акт арт-тэрапіі, суперажывання, калі ўзаемадзеянне з іншым чалавекам дазваляе вызваліцца, у пэўнай ступені, ад мінулага. Праект сацыяльны, але зроблены максімальным уключэннем, уцягненнем аўтараў.

Побач — на суседняй сцяне — серыя Максіма Сарычава “Прывітанне, зброя!”. У фокусе ўвагі фатографа — тэма палявання, якая атрымлівае аўтарскую інтэрпрэтацыю. У арт-праекце няма зробленых самім аўтарам фотаздымкаў. Выявы, узятыя з адкрытых форумаў паляўнічых, спалучаюцца ў Максіма, накладваючыся адна на адну па прынцыпе падвойнай экспазіцыі. Фатаграфіі забітых качак, трусоў, казуляў (дзічыны, адным словам) спалучаюцца з баляваннямі паляўнічых, іх групавымі партрэтамі, дарожнымі пейзажамі… Што ёсць забойства жывёл сёння, калі мы не маем патрэбы ў падобнай практыцы, каб пракарміць сябе? Што стаіць цяпер за вядомым з даўніны промыслам? Ці не ператварылася паляванне ў вялізную індустрыю, мэта якой — звычайнае спажыванне? Спалучаючы выявы, якія самі прыхільнікі сучаснага палявання размяшчаюць у Сеціве, рэпрэзентуючы сябе людзьмі са зброяй, аўтар задае пытанне: няўжо сучаснае грамадства, прайшоўшы такі доўгі шлях эвалюцыі, сапраўды мае патрэбу ў паляванні дзеля самога палявання? Адпаведны кантэкст стварае і адмысловы “слоўнік” паняццяў, жарганізмаў, якія выкарыстоўваюць прыхільнікі суполкі, размешчаныя паміж фотавыявамі.

Побач з серыяй “Кожная трэцяя” пасыл праекта Максіма становіцца асабліва заўважным. І сапраўды, адкуль столькі жорсткасці — як у дачыненні да сваёй сям’і, так і свайго наваколля?

Саспенс месца

Цікавы дыялог таксама адбыўся паміж праектамі Аляксандры Салдатавай “Сведка” і “Пралог” Сяргея Канапляніка. Не трэба рабіць прамых паралеляў. У гэтым выпадку захапляльна назіраць як па-рознаму можна працаваць з тэмай прасторы.

У варыянце Сяргея Канапляніка гаворка ідзе пра Данецк. Сяргей паставіў сабе за мэту зазірнуць у мінулае гэтага ўкраінскага горада з дапамогай сервісу  “Google Street View“, перамясціўшыся такім чынам у 2011 год. Перад гледачом — звычайныя фатаграфіі постсавецкага горада, зробленыя з дапамогай панарамнай камеры машыны “Google“. Нічога прыкметнага: часу ад часу праязджае трамвай, нейкія людзі ў чорным паляць гумовыя пакрышкі, хтосьці выходзіць (ці заходзіць) у стары драўляны дом… І пры гэтым усё неяк напружана. Гэта фатаграфія такога дзіўнага раздражнення, калі ўзіранне ў звычайны гарадскі пейзаж спараджае эфект трывогі. Сам Сяргей так тлумачыць прычыну свайго пошуку: “Мне хацелася схапіць той падвешаны стан гораду, пашукаць прыкметы навалы, што набліжаецца”. Суб’ектыўнае ўспрыняцце таго, хто глядзіць на гэтыя здымкі, вядома, адыгрывае сваю ролю — мы ведаем што там адбылося, — тым не менш, шэры пейзаж занадта пусты і няўцямны, каб не “ўпісаць” у яго нашы прадчуванні.

У праекце ж Аляксандры Салдатавай месца, якое даследуецца, знаходзіцца ў бліжэйшым арэале ад Мінска. Населены пункт не называецца (у адрозненні ад праекта Сяргея, які не хавае імя Данецку, каб глядач здолеў праверыць свае “падазрэнні”). У фатографкі пасланне іншае: паказаць не тое, што будзе, а тое, што ўсё ніяк не адбудзецца. Невыпадкова серыя носіць назву “Сведка”, маючы на ўвазе той дзіўны дысананс аўтара, калі фатограф хоча стаць сведкай чагосьці, што вось-вось адбудзецца, але яно ўсё ніяк не здзяйсняецца.

Да прыкладу, на адным з адбіткаў — звычайны куст пасярод поля, і падаецца, што за ім — цэлая гісторыя (магчыма, хтосьці хаваецца ў гэтым суплёце галін), але… Ніхто адтуль не выскоквае, і куст застаецца ўсяго толькі кустам. На іншым фотаздымку — жанчына выгульвае сабачку ў звычайным дворыку шматпавярхоўкі, і падаецца, што вось зараз яна, гэта жанчына, падзеліцца чымсьці важным, загаворыць. Але зноў — кантакту не адбываецца, ды і месца не раскрывае сваёй прыналежнасці. “Горад N”, як беларускі Твін Пікс, які ўсё ніяк не можа разабрацца са сваімі таямніцамі, ды ўвогуле адмаўляе сабе ў тым, што ён штосьці ўтрымлівае дзіўнага. Недарэчная прастата, якая, між тым, у сваім паўтарэнні, перакананні ў звычайнасці выклікае адчуванне зруху ў свядомасці. Чым больш пейзаж пераконвае нас, што тут няма нічога цікавага, тым больш узмацняецца пачуццё метафізічнага правала. Сведкай падзеі ў гэтым “горадзе N” немагчыма стаць, аднак сведкай чагосьці няяўнага — цалкам верагодна. Гэту “змову пустэчы” і ўдаецца перадаць Аляксандры Салдатавай, вылучыўшы ў абліччы ананімнага постсавецкага населенага пункта яго анамалію цішыні.

Эпілог?

Насамрэч, праектаў, якія на выставе раскрыліся па-новаму, было дастаткова — ад “Y Мінск” Аляксея Навумчыка, чый візуальны рытм запаволіўся, дадаўшы новых сэнсавых паўз, да серыі Сяргея Гудзіліна “Па краі” — у ёй уразіў момант пільнага ўзірання фатографа ў наваколле, пошук спецыфікі беларускага пейзажу, яго сацыялогіі: як чалавек падпарадкоўвае сваё атачэнне і — атачэнне яго.

Сучасныя беларускія фатографы на прыкладзе “Прафота” (прэмія ўсё ж паяднала, збольшага, маладую фатаграфію) усё больш становяцца даследчыкамі сучаснага грамадства, яго трансфармацыі, суадносяцца, у тым ліку, і з катэгорыяй уласнага месца.

“Беларуская фатаграфія зрабіла вялікі скачок, — падзялілася сваімі ўражаннямі ад працы ў праекце Ганна Шпакава. — У аўтараў змяніўся фокус з унутранага на знешні свет, з’явілася жаданне даследаваць сацыяльныя аспекты жыцця грамадства, што адразу прываблівае міжнародную супольнасць. Змянілася і візуальная мова фатаграфіі. Адносна трансфармацыі месца, грамадства, прываблівае не толькі тое, што сыходзіць былое і фатографы рэагуюць на гэта пэўным спосабам. Важна, калі яны фіксуюць рэгенерацыю рэчаў, рэфлексуюць. І з’яўляецца задзел на будучыню, яе перспектыва, патэнцыял гэтай будучыні. Таму за беларускай фатаграфіяй так цікава сачыць”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"