Хор стаў лёсам

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Ён быў на адзін год маладзейшы за Казловіцкі народны хор, які пад кіраўніцтвам Арэста Далжонка атрымаў званне “народны”, а ў 1970 — 1990 гадах стаў творчай візітоўкай Случчыны і культурнай з’явай усёй краіны. І ў гэтым, па меркаванні супрацоўнікаў Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, няма ніякага перабольшання. 2 красавіка ў 80 гадоў пайшоў з жыцця Арэст Васільевіч.

/i/content/pi/cult/582/12833/11-2.jpg

На вайсковай службе хлопец з сялянскай сям’і вёскі Падомхі Докшыцкага раёна пачаў захапляцца музыкай: падчас заняткаў па страявой падрыхтоўцы адбіваў рытм на барабане. Балазе ў вайсковую частку прыязджалі з канцэртамі артысты. Пасля дэмабілізацыі Далжонак працаваў токарам машынна-трактарнай станцыі. Паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, але вельмі хутка зразумеў, што дакладныя навукі — не для яго. Сябры прапанавалі паступаць у Маладзечанскае музычнае вучылішча, якое нядаўна адкрылася. На той час увесь музычны досвед Арэста Васільевіча складаўся з выбівання рытму на армейскім барабане і ігры па слыху на акардэоне, які бацька набыў пасля вайны. Але хлопец вытрымаў экзамены і стаў навучэнцам харавога аддзялення. Ды і вучоба давалася лёгка, пасля другога курса стаў падпрацоўваць у музычнай школе. На аддзяленні харавога дырыжыравання ён сустрэў будучую жонку Яніну Эдвінаўну. Аднакурснікамі ж Далжонка былі Тамара Раеўская і Юрый Антонаў.

У 1963 годзе пара маладых спецыялістаў па размеркаванні прыехала ў Слуцкі раён. У 28 гадоў Далжонак стаў дырэктарам Казловіцкага дома культуры і кіраўніком хору, які быў створаны яшчэ ў 1934 годзе. Арэст Васільевіч стаў збіраць яго былых удзельнікаў, і многія адгукнуліся на заклік маладога спецыяліста. У 1965-м налічваў 53 чалавекі і стаў удзельнікам заключнага канцэрта ІІІ Рэспубліканскай дэкады самадзейнага мастацтва БССР, станоўча ацэньваў талент вяскоўцаў Пётр Машэраў. 1970 — 1980 гады мінулага стагоддзя былі часам найбольшага росквіту харавога мастацтва, і Казловіцкі хор выступае ў Расіі, ва Украіне… А да кожнай замежнай дэлегацыі стараўся падрыхтаваць сюрпрыз у якасці пазнавальных нацыянальных напеваў.

Заслужаны работнік культуры краіны Арэст Далжонак кіраваў калектывам да выхаду на пенсію ў 2002 годзе, саступіўшы пасаду маладому хормайстру, а сам ён займаўся з вакальнымі ансамблямі ў сельскіх клубах вёсак Лядно і Маяк.

У маі 2015-га адзначаўся 80-гадовы юбілей Арэста Васільевіча. Юбіляр быў рады віншаванням і таму, што пашчасціла дажыць да такіх гадоў. Але больш за ўсё радаваўся, што справу, якой ён прысвяціў жыццё, працягваюць прафесіяналы.