Івянец, Віцебск, Брэст, Ганцавіччына, Лідчына...

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г


/i/content/pi/cult/582/12832/11-1.jpgІвянец / Быў наватарам

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры 2 красавіка адбылася ўрачыстасць да 110-годдзя з дня нараджэння слыннага майстра Франца Целяшэўскага.

У прасторнай ганчарні музея была наладжана выстава керамічных вырабаў адмыслоўцы і стэнд са здымкамі Франца Ігнатавіча. Успамінамі пра бацьку падзяліліся сын Павел і дачка Ганна. Шматлікія ўнукі, праўнукі таксама далучыліся да местачковай грамады. У гонар юбіляра за ганчарным варштатам дэманстравалі сваё майстэрства Алег Капуста і Уладзімір Сасноўскі. Даспадобы прыйшоўся і майстар-клас па народных танцах мінулага стагоддзя.

Творчасць Франца Целяшэўскага займае адметнае месца ў развіцці івянецкай школы керамікі. Юнаком за польскім часам ён навучаўся ў майстэрні Бярнарда Падліпскага, два гады ўдасканальваў майстэрства ў Вільні, потым атрымаў атэстат аб званні майстра і заснаваў уласную ганчарню на родным падворку, дзе канкурыраваў з мясцовымі рамеснікамі. З прыходам Савецкай улады не эміграваў у Польшчу, як зрабілі многія майстры, а застаўся ў Івянцы і спрычыніўся да арганізацыі прамыслова-рамесных арцеляў, а потым стаў вядучым майстрам на заводзе мастацкай керамікі. Целяшэўскі — адзіны ганчар Беларусі, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Творчасці майстра ўласцівы пошукі ў формаўтварэнні і дэкаратыўным аздабленні вырабаў. Маючы цудоўны музычны слых, ствараў адмысловыя цацкі-свістулькі, спеўныя акарыны і іншыя музычныя інструменты. Напрыклад, гліняная гітара захоўваецца ў фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне.

Алег РАМАНОЎСКІ

Фота Ігара ЛЯВІНСКАГА


Віцебск / Карпаратыўна!

Напярэдадні Дня яднання Беларусі і Расіі дэлегацыя бібліятэчных работнікаў Віцебскай вобласці пабывала з прафесійным візітам у Смаленскай абласной універсальнай бібліятэцы імя Аляксандра Твардоўскага і бібліятэцы Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Была падпісана дамова пра супрацоўніцтва паміж Віцебскай і Смаленскай абласнымі бібліятэкамі. Установа ў горадзе над Заходняй Дзвіной атрымала ў падарунак унікальнае выданне “Смаленская зямля ў помніках рускай славеснасці“ ў 45 тамах.

Візіт стаў завяршальным этапам абласнога семінара дырэктараў раённых і гарадскіх бібліятэк ”Публічныя бібліятэкі Віцебскай вобласці: рэгіянальныя асаблівасці і прыярытэты развіцця”. Дырэктары ўстаноў рэгіёна абмяркоўвалі вынікі і перпектывы развіцця ўстаноў.

У вобласці — 510 бібліятэк (на 22 менш, чым у 2015 годзе), 1200 бібліятэкараў. За апошнія пяць гадоў на 30 тысяч паменшылася колькасць чытачоў, што звязана як з дэмаграфічнай сітуацыяй, так і з развіццём Інтэрнэту. Таму асноўныя прынцыпы нашага далейшага развіцця — у пашырэнні інфармацыйных электронных рэсурсаў і карпаратыўнасці пры іх стварэнні. Сумесны інавацыйны праект з бібліятэкай Смаленскага дзяржуніверсітэта — гэта электронная база даных “Беларускія смаляне — смаленскія беларусы“. У верасні плануецца выданне друкаванага варыянту, які будзе прэзентаваны ў Смаленску і ў Віцебскай абласной бібліятэцы.

Таццяна САЛАЎЁВА


Брэст / “Цёзкі” горада

Урачыстае адкрыццё фотавыставы “Брэст яднае” адбылося ў Музеі выратаваных каштоўнасцяў у горадзе над Бугам.

Назва горада “Брэст” — не адзіная ў Еўропе. Ёсць Брэст у Балгарыі, Германіі, Францыі, Чэхіі, Сербіі. А ўсяго — трынаццаць Брэстаў.

31 сакавіка 2014 года з пляцоўкі ля гарнізоннага сабора Брэсцкай крэпасці-героя з дабраслаўлення настаяцеля храма Мікалая ініцыятыўная група адправілася ў шматдзённае падарожжа, каб распавесці брэстаўчанам Еўропы не толькі аб сваім горадзе, але і аб многіх іншых Брэстах-братах. За два тыдні энтузіясты праехалі больш за шэсць тысяч кіламетраў, пабывалі ў шасці еўрапейскіх краінах, у якіх змаглі падыхаць “берасцейскім паветрам”. Адначасова экспанавалася фотавыстава “Брэст яднае”, збіраліся матэрыялы для яе напаўнення.

Мікола ПАНАСЮК


Ганцавіччына / Што ўмее чытач?

У бібліятэчных установах Ганцаўшчыны час ад часу арганізуюцца выставы творчых работ чытачоў, каб зацікавіць, заахвоціць людзей наведваць кніжніцу яшчэ і яшчэ…

У раённай дзіцячай бібліятэцы выстава творчых работ Таццяны Ненадавец называлася «Вачам на радасць, сэрцу на памяць». Аўтар персаналіі — педагог па прафесіі — стварае лялькі, шкатулкі, мяккія цацкі, вырабы з газетнай паперы.

У Цэнтральнай жа раённай бібліятэцы арганізавана выстава “Жаночай творчасці свет неабдымны”. Тут прадставілі мяккія цацкі, вышываныя карціны, роспіс шкляных прадметаў. Адбыўся майстар-клас з аўтарам работ Наталляй Фартавой.

Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай РЦБС


Лідчына / Татэмная “Камаедзіца”

У Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці стартаваў этнапраект “Абрады маёй краіны”. Кожная сельская клубная ўcтанова не толькі рыхтуе абрад ці свята традыцыйнай культуры, але і далучае да ўдзелу ў ім як мага больш мясцовых жыхароў.

Ролю мядзведзя (галоўнага героя свята) у святкаванні “Камаедзіцы” ў Тарноўскім доме культуры выконваў культарганізатар установы Дзмітрый Лінга. “Звер” частаваўся мёдам (“вось табе салодкі мядок, каб быў гладзенькі бачок”), грыбамі ( “а вось смачныя грыбочкі, каб пільна глядзелі вочкі”), сушаным рэпнікам і гарохавымі камамі (гэтыя камы, верагодна, і далі назву усяму святу — “камаедзіца”: камы есці).

Весялілі мядзведзя “гарохавай” полькай удзельнікі дзіцячага танцавальнага калектыву “Чаравічкі” згаданай установы. З удзельнікамі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Талер” (аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры) і з усімі прысутнымі “касалапы” танчыў, а вакальны гурт “Сустрэча” Тарноўскага ДК выконваў прыпеўкі. Свята суправаджалася народным сямейным ансамблем Парфенчыкаў Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Кожны мог пачаставацца блінамі з мёдам і малінавым варэннем, аўсяным кісялём…

Ганна НЕКРАШ, метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці