Музей па-еўрапейску і канкурэнцыя для кнігі

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

З чарговым героем рубрыкі мы апынуліся ў Ашмянах. "Каб культурна правесці час, у гады дзяцінства наведваў парк адпачынку ды кінатэатр імя Гастэлы, дзе я з дзядзькам глядзеў серыял “Сакрэтны фарватар”, — вельмі ён мяне ўразіў, — прыгадвае мой спадарожнік. — Куды людзі ходзяць зараз?.. Не ведаю: з цяперашнiм культурным жыццём горада знаёмы павярхоўна. Уласна да культуры, напэўна, гэта не тычыцца, але ён некалькі страціў прывабнасць пасля падразання ліпаў у яго цэнтральнай частцы: яны надавалі Ашмянам шарм, індывідуальнасць. Кінатэатра ў горадзе няма. “Аптымізацыя”, — патлумачыла нам выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Людміла Каханоўская ды сцісла абмалявала сітуацыю ў раёне. Прыкінуўшы шляхі супрацоўніцтва паміж Віктарам Марціновічам (а менавіта ён — мастацтвазнаўца, пісьменнік, драматург ды журналіст — наш сённяшні герой) ды ашмянскай культурай, займеўшы ў якасці гіда метадыста аддзела Сяргея Жылiка, мы і выправіліся па ўстановах.

/i/content/pi/cult/582/12831/10-1.jpgБацькі Віктара здымалі кватэру ў Мiнску (мама вучылася ў інстытуце, тата працаваў), але нарадзіўся ён у Ашмянах. У 8 месяцаў малога перавезлі ў вёску Барбарова, да прабабулі ды бабулі па лініі таты, дзе ён пражыў паўтара года, а потым забралі ў сталіцу. Школьнікам Віктара выпраўлялі ў Барбарова на канікулы, але тыдзень — другі ён праводзіў у Ашмянах: у бабулі па лініі мамы ды цёткі. Кантраст паміж вясковым ладам i гарадскім быў вялікі, і пры ўсёй сваёй пяшчотнай любові да Барбарова, паездкі ў райцэнтр наш герой згадвае як сапраўднае свята: “У вёсцы ж трэба было кароў пасвіць, а ў полі — буракі бясконцыя. Вечарам прыходзіў, выпіваў збан малака, на дэсерт з’ядаў апырсканы вадой і пасыпаны цукрам кавалак хлеба ды клаўся спаць. А ў Ашмянах кола прадавалася, рассыпістыя слаёныя ражкі з павідлам...”

Калі вокны былі вялікімі…

Ашмяны і пачалі фарміраваць Віктара як асобу. Адзін з першых яркіх успамінаў чатырохгадовага дзіцяці — від з акна цырульні на нейкія ржавыя руіны. Інтарэс да архітэктуры і да гісторыі мастацтва ў цэлым Віктар Валер’евіч і тлумачыць тагачасным уражаннем, якое зрабілі на маленькага чалавека рэшткі старадаўняга касцёла (а гэта былі яны). А якія кнігі ў сярэдзіне 1980-х спарадзілі гэткі ж моцны водгук у душы?

— “За мора, за акіяны”, выданне сацрэалістычна-аптымістычнага дызайну, пра падарожжа журналіста ў Гавану.

Значна пазней Віктар спрабаваў адшукаць гэты твор (праз Інтэрнэт у тым ліку), але нічога падобнага з такой самай назвай або фабулай не знайшоў... А кнігі ён чытаць любіў і ў раённую цэнтральную бібліятэку (цяпер — Ашмянская раённая) хадзіў часта, аддаючы перавагу прыгодам. Засечку ў памяці пакінуў раман “Авадзень” ды аповесць “Дзінка”, з беларускага — Янка Маўр з “Палескімi рабінзонамi” ды іншыя тамы айчынных аўтараў з серыі “Бібліятэка прыгод ды фантастыкі”. А сёння наш герой не належыць да тых, хто лічыць, што папяровая літаратура памірае. Аб’ектыўна, яна прайграе ў канкурэнцыі з сучаснымі носьбітамі інфармацыі, але пры гэтым вяртае сабе значэнне артэфакта, становіцца атрыбутам эстэцкім, паказчыкам добрага густу.

Пра сваё ж далучэнне да беларускамоўнай літаратуры і да беларускага наогул Віктар разважае скрозь прызму лёсу бацькі, які, добра валодаючы родным словам, пераехаўшы ў Мiнск, як бы вымушана ад яго адмовіўся ў рускамоўным соцыуме, аднак у вёсцы па-ранейшаму размаўляў па-беларуску. І тлумачыў сыну, які чытаў Караткевіча, пэўныя словы ў кнізе Уладзіміра Сямёнавіча. Ды ўсё ж, выхаваны гарадскім жыццём, круцячыся ў тым самым соцыуме, да беларускасці Віктар прыйшоў па вялікім рахунку пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Цяпер мой спадарожнік шмат бывае ў бібліятэках самага рознага ўзроўню, куды яго запрашаюць на рандэву з чытачамі. Што вынес ён з гэтых кароткіх сустрэч? Установы яму нагадваюць... сярэднявечныя манастыры, цытадэлі, дзе працуюць і ў якія прыходзяць людзі, што ўваходзяць у нейкі ордэн. Віктар сітуацыю бачыць так: наведвальнікаў ва ўстановах мала, цікавасць да апошніх падае, падтрымаць яе спрабуюць, набываючы не самую вартую ўвагі літаратуру. І Марціновіч такі падыход разумее ды... ўхваляе: бо для таго, каб не сышла ў нікуды сапраўды патрэбная кніга, мусіць быць месца, дзе яна магла б захоўвацца. І бібліятэкі ў гэтым сэнсе ў чымсьці ахвяруюць сваім культуртрэгерскiм прызначэннем, аберагаючы патрэбнае, вечнае ды... шырспажыў.

— Што можа вярнуць людзей у бібліятэкі — рэальныя ды віртуальныя? — лаўлю на слове суразмоўцу.

— Яны павінны стаць цэнтрам канцэнтрацыі электронных тэкстаў. Неабходна алічбаваць архівы бібліятэк, рэдкія выданні, якія захоўваюцца ў фондах, выкладваць такія файлы-копіі на сайтах i заклікаць моладзь заходзіць па іх на вэб-старонкі. Трэба ладзіць афлайн-мерапрыемствы, але не забаўляльнага характару, а адукацыйнага, і калі ўжо дзесьці задумалі паставіць нейкую містэрыю, дык яна мусіць быць наўпрост звязана з літаратурай. Трэба зрабіць бібліятэкі пляцоўкай для рэгулярных выступаў пісьменнікаў, крытыкаў, філосафаў, пляцоўкай дыскусій, кніжных прэзентацый, гутарак пра літаратуру, працэсы ў ёй.

— Як пісьменнік вы ў Ашмяны прыязджаеце?

— Літаратурных чытанняў у мяне тут не было... Маю засцярогу ад магчымай сустрэчы з радзімай ў такім амплуа. Каб мяне ашмянская публіка прыняла дрэнна, тое закранула б значна больш, чым правал у горадзе, які мне не такі дарагі.

/i/content/pi/cult/582/12831/10-2.jpgПра бібліятэку Віктар прыгадвае: вялікія, светлыя вокны, якіх... не памятае дырэктар Ашмянскай райбібліятэкі Марына Белавус:

— Яны як былі, так і засталіся — вузкія, доўгія. У снежні 2015 года “раёнцы” споўнілася 75 гадоў. У яе структуру ўваходзяць 18 бібліятэк (у Ашмянах, у аграгарадках ды вёсках). Летась установа атрымала каля 16 тысяч адзінак літаратуры (Марына Рамуальдаўна кажа: абнаўляльнасць фондаў магла б аказацца і большай, ды, на жаль, не хапае сродкаў). 16 % з іх — паступленні беларускія, што, як мне патлумачылі, паказчык нядрэнны.

Пры бібліятэцы працуюць два клубы: “Сустрэча” — яго пасяджэнні ўяўляюць сабой спатканні чытачоў з аўтарамі — і краязнаўчы “Ведай край”. Кніжніца стала арганізатарам праекта “Творцы і кнігі: юбіляры 2016 года”. У яго рамках у бібліятэках раёна ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя канкрэтным “імяніннікам” (дзе-нідзе яны ўжо адбыліся), прычым не толькі прызнаным класікам, але і “пяхоце” літаратурнага фронту. Сярод іншых крэатыўных ідэй — выставы-прэзентацыі рэгіёнаў “Ашмяншчына на турыстычнай карце Беларусі” праз літаратурныя творы.

Спадарыня Белавус вылучыла і яшчэ тры буйныя пачынанні, да якіх бібліятэка мела непасрэднае дачыненне. Стварэнне турыстычнага аб’екта “Нявесцiн камень” (гэты валун на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння), музея Дугі Струвэ ў Гальшанскай сельскай бібліятэцы як часткі праекта “Дуга, якая аб’ядноўвае краіны і народы”, і ўдзел у літаратурнай частцы транспамежнага праекта “Два бакі — адна гісторыя і культура”. У вёскі, дзе бібліятэк няма, раённая ўстанова накіроўвае не проста бібліобусы, а часта прывозіць тэматычныя літаратурныя праграмы, балазе праектарам, экранам ды гукавой апаратурай тут забяспечаны. Дарэчы, для дастаўкі друкаванай прадукцыі ў некаторыя аддаленыя паселішчы прыцягваюцца валанцёры: пад ініцыятыву набылі ровары. Натуральна, дапамагаюць гэтыя маладыя людзі не толькі кнігай, а могуць насекчы дровы, прынесці з калодзежа ваду ды памераць ціск (таму закупілі і танометры). Развозяць кнігі ды перыёдыку і па асобных прадпрыемствах Ашмянаў. Прызнацца, маштабы разнапланавай дзейнасці прывялі мяне ў стан культурнага шоку.

— Адкуль жа грошы, Марына Рамуальдаўна?.. — не стрываў я з не надта карэктным пытаннем. — Разумею, дзяржава клапоціцца, але...

— Мы рэгулярна ўдзельнічаем у конкурсах на атрыманне грантаў Еўрасаюза. І, здараецца, выйграем. Зараз падалі яшчэ адну заяўку, звязаную з культурным, скажам так, абслугоўваннем аддаленых тэрыторый.

— Вы бывалі ў латвійскіх бібліятэках...

— У Гулбенскім краі. Больш за ўсё ўразіла, што ў адной з валасных бібліятэк было зарэгістравана толькі 100 чытачоў. У нас такую бібліятэку аптымізавалі б. З чаго складаецца бюджэт устаноў у суседзяў? У асноўным са сродкаў муніцыпальных (утрыманне бібліятэк), затым — дзяржаўных (абавязковая літаратура) ды саміх кніжніц (атрыманае на праекты). Што ўяўляе з сябе праект? Ад нас — дакументацыя на 40 старонак, заяўка, ад латвійцаў — паўтары старонкі, паколькі іх праекты разлічаны на населеныя пункты з малой колькасцю жыхароў.

Урэшце, чытачоў у тамтэйшых валасных бібліятэках стае. І чэргі, калі яны ёсць па нейкія выданні, большыя, чым нашы. А вось кнігі, заўважыла Марына Белавус, захоўваюцца дзе-нідзе бязладна, а чытачам у пэўных установах прапануюць сядзець ці не выключна на крэслах-мяхах, звыклага нашаму воку афармлення няма, як і дошак аб’яў. Нібыта і парадку не бачна, але ўсё працуе, а да ўсяго — новенькія камп’ютары, тэлевізары-плазмы, алічбаваныя кнігі.

— Але аб праблемах у кіраўнікоў гэтых устаноў я ўсё роўна спытаўся б, як задам пытанне і вам... — замёр я ў чаканні.

— Пры ўсім разуменні сітуацыі, мне вельмі не хацелася б, каб зачыняліся бібліятэкі. Пры ўсіх поспехах пакуль не вельмі ўяўляю, як мы будзем дасягаць павелічэння наведванняў (летась на 4 тысячы чытачоў прыйшлося 32 тысячы наведванняў). Хочацца кніг электронных, новага памяшкання — больш прасторнага, з сучаснымі стэлажамі. Як дэпутат райсавета часам задумваюся пра тое, каб паставіць пра гэта пытанне на сесіі. Але як паслухаеш іншыя бюджэты... Якія пажаданні выказваюць нам наведвальнікі? З арыгінальных: каб можна было ў чытальнай зале не проста чытаць газету, а яшчэ і піць каву. Я не супраць, можа, прыдумаем што-небудзь. Просяць больш выязных мерапрыемстваў…

Упаўнаважаны заявіць

Нягледзячы на тое, што ў ашмянскім Доме культуры Віктар Валер’евіч ніколі не быў, зазірнуць у яго (цяпер гэта Раённы цэнтр культуры) мы ўсё ж вырашылі. Марціновіч сустракаецца са сваімі чытачамі не выключна ў бібліятэках, а таму меркаванне аб цэнтрах, палацах ды дамах культуры ў яго ёсць:

— Шмат залежыць ад кіраўнікоў. Я бачыў ўстановы, якія знаходзяцца ў відавочнай стагнацыі, і дырэктары іх адразу пачыналі распавядаць пра тое, як у іх усё бесперспектыўна. А калі гэта была асоба жывая ў зносінах, то і справы ва установе ідуць, няхай нават будынак лядашчы.

У Ашмянскім РЦК працуе 21 клубнае фарміраванне (7 дзіцячых, 3 — на платнай аснове), дзе займаецца больш за 300 чалавек: танчаць, спяваюць, граюць у народным тэатры ды рэалізуюць сябе ў лялечным гуртку. Ветэраны аддаюць перавагу харавому мастацтву, моладзь — музыцы паграмчэй у рок-гурце пры аматарскім аб’яднанні “Пакаленне Next”, якое спецыялізуецца на перформансах ды батлах. Брэндавыя стравы цэнтра — фестываль маладзёжных субкультур ды “Калядныя сустрэчы” (паглядзець на гэта музычна-тэатралізаванае шоу прыязджаюць нават з-за мяжы).

Вядуць заняткі тут, у асноўным, мясцовыя адмыслоўцы, але пакоі ў інтэрнаце для прыезджых маладых спецыялістаў прадаставіць гатовыя.

— Наш цэнтр — канцэнтрацыя розных культур, — кажа яго дырэктар Вольга Кузьміцкая. — Беларускія ж мастацтва, святы, абрады больш прыжыліся на вёсцы, там імі “руляць” падначаленыя нам клубныя ўстановы. У некаторых рэгіёнах ёсць нейкія свае “фішачкі”, заснаваныя на мясцовых традыцыях, як, напрыклад, у аграгарадку “Кальчуны” абрад “Загаўлены”. Ну а фестываль сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак” вядомы і за межамі.

Над маёй прапановай панесці беларускую культуру ў выглядзе п’есы ў народны тэатр Віктар Марціновіч задумаўся ды зацікавіўся ей. А Вольга Баляславаўна падзялілася тымi момантамі ў дзейнасці цэнтра, якiя яе турбуюць. Установе патрабуецца капітальны рамонт, праектная дакументацыя на абноўлены будынак (з пашырэннем плошчы) складзена, пакуль жа касметычны глянец на цэнтр наводзяць уласнымі сіламі. Абшываюць свае калектывы тут самі, набыць гатовае не дазваляюць сродкі (пашанцавала “народнікам”, якім набылі ў свой час, лічу, найкруцейшыя строі).

— Хацеў бы звярнуцца да дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў Гродзеншчыны, — зазначае Марціновіч. — На могілках аграгарадка “Жупраны” пахаваны Францішак Багушэвіч — пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры, якая і пачалася з Ашмянскага краю. І мне балюча чуць, што адзін з галоўных вузлоў мясцовай культуры знаходзіцца не ў лепшым стане. Спадарства, далучыцеся фінансава...

На "фінішы"

Накіроўваемся ў Ашмянскі краязнаўчы музей імя таго самага Багушэвіча. Прайшло ўжо некалькі гадоў, як ён пераехаў у іншы будынак — гістарычны, сярэдзіны XIX стагоддзя, адрэстаўраваны. Ад старога ў Марціновіча захаваліся самыя цёплыя эмоцыі. Паглядзім, якія пачуцці на яго нахлынуць у новым (ён у ім бываў, але як “эксперт” — яшчэ не). Па выніках 2014 года ўстанова стала пераможцам конкурсу II Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” ў намінацыі “Лепшае мастацкае праектаванне экспазіцыі”. Яна ўключае 4 залы: “Свет прыроды”, “Ашмяны ад старажытнасці да XXI стагоддзя”, “Вядомыя месцы Ашмяншчыны”, “Старонкі гісторыі краю ў ХХ стагоддзі”.

Дырэктар Настасся Навіцкая вядзе для нас экскурсію.

— Сярод пудзілаў гэтых звяроў прайшло маё дзяцінства, — з хваляваннем прамаўляе Віктар у зале прыроды. — Як толькі прыязджаў у Ашмяны, адразу бег у музей. У першую чаргу спяшаўся ў гістарычны аддзел, але не спыніцца ля лася не мог.

Здавалася б, гараджане павінны ўжо “насыціцца” музеем, вывучыць “ад і да”. Дык не! Справа ў тым, што як выставачная зала музей дзейнічае з 2009-га, а экспазіцыю ў ім адкрылі ў 2013-м. Практыкуе ўстанова і выязныя мерапрыемствы: правядзенне лекцый разам з экспанаваннем. Музей часткова абсталяваны тэхналагічнымі “наваротамі” накшталт сістэмы аб’ёмнага гучання. Экспазіцыя ж уяўляе з сябе летапіс Ашмяншчыны з часоў старажытных. Але на “фінішы” не савецкі перыяд і не цяперашні час, а… куток Багушэвіча.

Мы затрымліваемся ля фрагментаў старажытных скульптур. Паміж Марціновічам, Навіцкай і Жылiкам узнікае абмен думкамі, здагадкамі, што гэта магло б быць і з якога матэрыялу зроблена.

— Я пабываў у падобных установах, напэўна, усіх тых краін, якія наведваў, — каменціруе ўбачанае Віктар. — Гэты музей глядзіцца вельмі па-еўрапейску, зусім не правінцыйна. Парэкамендаваў бы дырэктарам некаторых нашых устаноў — нават “цэнтравых” — прыехаць сюды, паглядзець, пераняць вопыт. Музеі такога профілю робяць нацыю нацыяй.

Пераехаўшы ў новы будынак, музей не ўзяў з сабой тыя праблемы, якія спадарожнічалі старому, у прыватнасці — з захаваннем экспанатаў: тут для іх ёсць больш камфартабельнае месца, якое адпавядае ўсім нормам. Прычым у фондах знаходзіцца столькі прадметаў, што яны маглі б размясціцца на яшчэ адным паверсе будынка, каб ён быў.

— Але сучаснае абсталяванне для фондасховішча мець хацелася б, — прызнаецца Настасся Васільеўна.

Усё, што задумвалася наведаць у Ашмянах, мы наведалі. А ў бліжэйшых творчых планах самога Віктара Валер’евіча — выхад кнігі “Возера радасці”. У Беларусі яна, як мяркуецца, пабачыць свет напрыканцы красавіка — у пачатку мая. Панарамны малюнак постсавецкіх гадоў праз гісторыю дзяўчыны, народжанай у багатай сям’і, — так анансуе свой раман-эпапею Марціновіч, падкрэсліваючы, што хроніка гэта — вельмі беларуская.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"