Што такое “#Новы фармат”

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Канцэртам 5 красавіка ў сталіцы вакальная група "Чысты голас" (за год да 25-годдзя калектыву) пачала праект “Гэта неба для нас!” (радок з песні “Неба” кампазітара Рамана Козырава і паэта Андрэя Моцiна, з якой калектыў спрабаваў адабрацца на апошняе “Еўрабачанне”) па нашай краіне ды замежжы. Турнэ будзе доўжыцца да канца года і з ім артысты мяркуюць дабрацца, скажам, да Сахаліна. Праграма, якую гурт прадставіць публіцы ў Мінску, называецца “#Новы фармат”. “Чым жа стары не дагадзіў?” — задаўся я слушным пытаннем.

/i/content/pi/cult/582/12826/6-1.jpg

Адказала мне на яго дырэктар “...Голасу” Святлана Дземядчук. Па яе словах, за апошнія тры гады ў камандзе змяніліся два чалавекі. І новыя салісты — людзі маладыя, дзёрзкія, амбіцыйныя, з сучасным музычным густам, з цікавымі ідэямі. З іх прыходам рэпертуар стаў стылістычна больш разнастайным, а калектыў у цэлым вакальна ўзбагаціўся. Пашырылася і супрацоўніцтва з беларускімі аўтарамі. Так, некалькі песень ансамблю прапанаваў кампазітар Алег Молчан, у тым ліку — на вершы Янкі Купалы. У праграму “Чыстага голасу” ўваходзяць і песенныя творы на паэзію іншых айчынных класікаў. “Мы лічым сваім абавязкам падтрымліваць творчасць беларускіх кампазітараў ды паэтаў, — тлумачыць Святлана Дземядчук. — Папулярызаваць яе, аддаваць належнае такім людзям, паказваць публіцы, што на беларускай зямлі ёсць свае выдатныя творцы”.

І хоць афіцыйна тур стартаваў 5 красавіка, тры канцэрты ў яго рамках ужо прайшлі ў Гомельскай вобласці. Тыя з гледачоў, якія знаёмыя з творчасцю ансамбля, былі прыемна здзіўленыя “перафарматаваннем” і як бы пыталіся: “А што яшчэ вы прапануеце, чаго ад вас чакаць?” Ды і сталічная публіка занурылася ў “правільную эклектыку”, ацаніўшы рознажанравасць квінтэта.

Думае гурт і пра спецыяльныя канцэрты, прымеркаваныя да розных святаў і знакавах дат. Напрыклад, да Дня Перамогі будзе падрыхтавана праграма “Дзеля жыцця на Зямлі” — перапрацаваны варыянт колішняга сумеснага праекта “На вайне, як на вайне” “Чыстага голасу” і народнага артыста Беларусі Уладзіміра Гасцюхіна; да Дня Незалежнасці — “За Беларусь мая малітва”.

— Нам хочацца быць цікавымі ва ўсе часы, — кажа Святлана Дземядчук. — Хочацца больш шырокай публікі. Можна, вядома, корпацца выключна ў сваёй творчай нішы, каб прайсці яе дарэшты. А далей што?..

Шырокай публікі ды аншлагавых канцэртаў "Чыстаму голасу" і жадаю. І... ні дна, ні пакрышкі: тварыць яшчэ доўга!

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"