Сюіта для конкурсу з іменем

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

На радзіме беларускага кампазітара, прафесара, народнага артыста БССР Уладзіміра Алоўнікава заснавалі Адкрыты рэгіянальны конкурс юных піяністаў імя славутага земляка. Пачатак падаецца надзвычай удалым: у Бабруйск на першыя спаборніцтвы прыехалі 140 юных піяністаў з 16 гарадоў рэспублікі (была прадстаўленая кожная вобласць краіны). Як бабруйчане дасянулі такога поспеху і якую будучыню прагназуюць свайму дзецішчу, разважае Наталля КАСЦЯНЕВІЧ, дырэктар мясцовай дзіцячай школы мастацтваў №2 імя Уладзіміра Алоўнікава.

/i/content/pi/cult/582/12825/7-2.jpgУверцюра

— Ідэя стварыць такога кшталту імпрэзу лунала ў паветры, бо на Магілёшчыне падобных конкурсаў наогул не праводзіцца. Ініцыятарам была намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірына Роскач. У шчыльным супрацоўніцтве з гарвыканкамам наша ДШМ змагла дасягнуць мэты.

На базе школы быў створаны арганізацыйны камітэт. Увосень, пасля завяршэння працяглай падрыхтоўчай працы, адправілі электронныя лісты па музычных школах буйных гарадоў усіх абласцей. Чуткамі зямля поўніцца: на наш адрас пачалі прыходзіць не толькі адказы гэтых устаноў, але і запыты на ўдзел у конкурсе ад невялічкіх школ, да якіх мы на той момант не звярталіся.

У палажэнні мерапрыемства адзначана, што ўдзел прадугледжвае папярэдні ўнёсак у памеры 1,5 базавай велічыні. Паверце, гэта сума ў некалькі разоў ніжэйшая за лічбы ў іншых аналагічных імпрэзах! Атрыманыя грошы пайшлі на вырашэнне пэўных арганізацыйных пытанняў, напрыклад, раздрукоўку арыгінальных дыпломаў пераможцаў. Праезд, пражыванне, харчаванне — клопаты пра гэта таксама ляглі на плечы бацькоў удзельнікаў, аднак ці не ўвесь горад дапамагаў з вырашэннем пытанняў. Прынамсі, наша ДШМ браніравала нумары ў гатэлях, тыя, у сваю чаргу, ішлі насустрач, шукаючы найбольш танныя варыянты размяшчэння юных талентаў. А гандлёва-эканамічны каледж адкрыў у ДШМ цудоўны буфет з прымальнымі цэнамі на час конкурсных дзён.

Не засталіся ўбаку і мецэнаты. Даўнія сяброўскія адносіны мы маем з “Бабруйскгазам”. Нашыя шэфы, напрыклад, да конкурсу дапамаглі змяніць заднік на сцэне. ТДА “Веста” ўзялася за выраб статуэтак для лаўрэатаў і сувенірную прадукцыю — на тое арганізатарам закладзеных грошай ужо не хапала. Прадпрыемства “Алмаз-люкс” само выступіла з ініцыятывай выдаткаваць грашовыя прэміі для пераможцаў.

Экспазіцыя

— Конкурсныя праслухоўванні праходзілі на базе ДШМ № 2. Юныя музыканты спаборнічалі ў чатырох узроставых групах. У кожнай з іх свае праграмныя патрабаванні, але абавязковым для усіх было выкананне твора Уладзіміра Алоўнікава ці, прынамсі, каго-небудзь з айчынных кампазітараў-класікаў. Гэта стала адметнасцю нашага конкурсу. Хочацца такім чынам паўплываць на адносіны дзяцей да нацыянальнай музычнай спадчыны, зрабіць кампазіцыі суайчыннікаў больш запатрабаванымі ў праграме нацыянальных музычных школ.

Мы ганарымся тым, што старшынёй журы пагадзіўся стаць народны артыст Беларусі, прафесар Акадэміі музыкі Ігар Алоўнікаў. Ён сказаў, што з’яўленне конкурсу імя яго бацькі — вялікая падзея для усёй сям’і. Мне запомніліся пранікнёныя словы Ігара Уладзіміравіча на адкрыцці форуму: “Калі прыехаў на адкрыццё, быў уражаны, наколькі сур’ёзна падышлі да гэтага мерапрыемства арганізатары. Гэта ўзровень, які звычайна бывае на конкурсе міжнароднага класа”. Дарэчы, старшыня зрабіў падарунак усім удзельнікам, выканаўшы “Накцюрн” Арно Бабаджаняна ў суправаджэнні ўзорнага сімфанічнага аркестра ДШМ № 2.

Дадам, што форум нарадзіў вельмі добрыя ідэі. Для ўдзельнікаў і іх бацькоў мы стварылі стэнды з інфармацыяй пра жыццё і творчасць кампазітара, які даў імя конкурсу. Зараз жа працуем над магчымасцю адкрыцця ў нашых сценах выставачнага пакоя з асабістымі рэчамі Уладзіміра Алоўнікава.

Музычная рэпрыза

— Гран-пры конкурсу ўзяла навучэнка дзіцячай школы мастацтваў № 3 імя Міхаіла Салдатава Дар’я Рыдлевіч. Магіляўчанка атрымала грашовую прэмію ў памеры аднаго мільёна рублёў. Па шэсцьсот тысяч атрымалі лаўрэаты першай ступені. Педагогі, якія іх выхавалі, адзначаны граматамі за высокае педагагічнае майстэрства.

Зараз у нас ёсць два гады, каб падрыхтавацца да наступнай сустрэчы. На развітанне многія казалі, што гэты форум можа стаць сапраўдным брэндам і ўласна школы, і горада ў цэлым. Мы марым паступова вывесці яго ў ранг рэспубліканскага. Вядучы спецыяліст адзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Беларусі Васіль Галаван у дні імпрэзы адзначыў, што адкрыты рэгіянальны конкурс імя Алоўнікава адразу ўзяў высокую планку і ў яго ёсць патэнцыял ператварыцца нават у міжнароднае спаборніцтва юных музыкантаў. Мы і самі спадзяемся, што хутка ў краіне загавораць пра ўзнікненне новага музычнага брэнду.

Дарэчы, многія падкрэслівалі добрую якасць раяляў, на якіх гралі ўдзельнікі. Нашай школе ўжо сорак гадоў, інструменты — яе равеснікі, і мы імкнёмся трымаць іх на ўзроўні. Прынамсі, правялі капітальны рамонт кожнага раяля. А вось фартэпіяна ў класах патрабуюць замены… Урэшце, мы ідзем у нагу з часам, набываем электронныя інструменты. Аднак я ўпэўнена, што сапраўдны музыкант павінен граць на сапраўдным фартэпіяна. На жаль, яны сёння вельмі дарагія. Магчыма, нашы сёлетнія поспехі дадуць падставу тым, ад каго гэта залежыць, дапамагчы нам у абнаўленні клавішных… Прынамсі, гарвыканкам ужо абяцаў нам дапамогу.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"