Акцёрскі баль у коласаўцаў

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Артысты-коласаўцы вырашылі адметна адзначыць сваё свята — Міжнародны дзень тэатра, запрасіўшы гледачоў на акцёрскі баль “У віхуры ілюзій”.

/i/content/pi/cult/581/12820/14-1.jpgУ яго нумарах можна было пазнаць сцэны са спектакляў, якія выйшлі з рэпертуару тэатра, але засталіся ў нашых сэрцах: “Чума на вашыя дзве сям’і”, “Ладдзя роспачы”, “Сымон-музыка”, “Жаніцьба”, “Мудрацы…”, “Ветрагоны”. А паяднаў прадстаўленне агульнай ідэяй, стаў свайго кшталту сцэнарным і рэжысёрскім ходам дзеі знакаміты выраз Канстанціна Станіслаўскага “А што было б, калі…”

Да прыкладу, што было б, калі героі з “Рамэа і Джульеты” ажылі ў інтэрпрэтацыі Рыгора Горына? Да “працягу” шэкспіраўскай трагедыі ў спектаклі “Чума на вашы дзве сям’і!” тэатр звяртаўся 16 гадоў таму. І вядомая песня пра карнавал, што гучала ў ім, стала лейтматывам акцёрскага балю. Ці што было б, калі мужчынская палова трупы раптам… запісалася ў жаўнеры? Артысты спрабавалі ўявіць такое дапушчэнне ў касцюмах, а значыць, і ў вобразах улюбёных герояў. Ці вось яшчэ. Што было б, каб у тэатр вярнулася прызабытая прафесія суфлёра. Гэта стала нагодай прыгадаць даўнюю пастаноўку “Жаніцьбы” і стварыць цудоўную сцэнічную рэпрызу з удзелам не толькі вядучага майстра сцэны Георгія Лойкі, што некалі іграў гогалеўскага Падкалесіна, але і маладых акцёраў Уладзіслава Жураўлёва (які паспрабаваў сябе ў новай прафесіі) і Арцёма Герака (ён “прымерыў” вобраз Сцяпана).

А яшчэ артысты-коласаўцы цягам святочнай імпрэзы паўдзельнічалі ў спеўным конкурсе, у асобных нумарах здолелі па-добраму пакпіць з саміх сябе ды некаторых варункаў нашага жыцця. Пэўна, у некаторых гледачоў слёзы наварочваліся на вочы, калі Валерый Анісенка (не толькі мастацкі кіраўнік тэатра, але і выдатны артыст, чытальнік) выканаў знакаміты “Маналог Арлекіна” Эдуардаса Межалайціса. А паралельна дэманстраваліся архіўныя здымкі знакамітых пастановак, і гледачы маглі ўзгадаць волатаў коласаўскай сцэны — Аляксандра Ільінскага, Анатоля Шэлега, Паўла Малчанава, Анатоля Труса, Галіну Маркіну і многіх іншых.

Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа

Фота Наталлі ЯРМОЛАВАЙ

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа