Праект са сваіх традыцый

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Найбольш яскрава рэгіянальныя асаблівасці культуры і рамёстваў Прынямонскага краю адлюстраваны ў нематэрыяльных праявах творчасці чалавека, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Для іх папулярызацыі на Гродзеншчыне запланаваны цыкл мерапрыемстваў, якія з сакавіка па чэрвень знаёмяць са звычаямі, абрадамі, рамёствамі, музычнымі і танцавальнымі традыцыямі.

/i/content/pi/cult/581/12817/12-1.jpgПершым крокам стаў рэгіянальны кірмаш “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”, які прайшоў 18 сакавіка ў гістарычнай частцы абласнога цэнтра. Тэматыка была прадыктавана перадсвяточнай каталіцкай “пальмавай” (вербнай) нядзеляй і галоўнымі атрыбутамі Вялікадня — вярбой, яйкамі-пісанкамі, святочнымі ўпрыгожваннямі жылля. Гэтым тром элементам прысвоены статус “гісторыка-культурная каштоўнасць”. Гродзенскія вербы — не толькі святочны атрыбут. Гэта сапраўдны твор народнага мастацтва. Прамы ствол з пышнай верхавінкай сімвалізуе ўзыходжанне і адраджэнне, каляровасць — сутнасць райскіх вобразаў, а плоская форма сведчыць аб традыцыі захоўваць вярбу за абразамі. Сёння асноўнымі носьбітамі гэтага рамяства з’яўляюцца народны майстар Дамініка Кавалёнак і тры яе сястры з Гродна: Данута Альшэўская, Ванда Лапацінская, Часлава Чараднікова. Традыцыю яны перанялі ад продкаў і далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых.

Шматлюдна было і на майстар-класе ў Наталлі Клімко з Навагрудка. Традыцыйная выцінанка-выбіванка ўжывалася яшчэ ў 1930 — 1950-я, калі існавала адметная тэхніка ўпрыгожвання папяровымі ўзорамі інтэр’еру жылля. Гаспадыні рабілі складаныя фіранкі на вокны, ручнікі-набожнікі, сурвэткі на Вялікдзень пад пірагі. Сёння, калі традыцыйнае рамяство на Навагрудчыне адрадзілася дзякуючы намаганням майстрыхі, афармленне офісаў, кафэ, агратурыстычных аб’ектаў у стылі “навагрудскай выцінанкі-выбіванкі” стала зноў прыкметнай з’явай.

Адметнымі сталі майстар-класы ад Ларысы Касіцкай і Алены Лашкевіч па роспісе яек. Такая традыцыя ў Сапоцкіне Гродзенскага раёна занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у 2014 годзе, і за такі кароткі час яна стала папулярнай, нават сярод моладзі. Традыцыйнымі малюнкамі на “сапоцкінскіх пісанках” з’яўляюцца матывы птушак (курыцы), кветкавыя выявы (рамонкі, дзьмухаўцы), дубовыя лісточкі, галінкі яліны.

На кірмашы знайшлося месца для іншых таленавітых майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Так, яйкі, дэкарыраваныя тонкімі карункамі з саломкі, аплеценыя бісерам, шклярусам, стужкамі, з аўтарскім роспісам былі прадстаўлены Марынай Ярэмчык, Аленай Чумрай, Аленай Сідзякінай. Кошыкі з лазы са святочнымі карункамі менавіта да Вялікадня прадставілі Барыс Федаровіч, Соф’я Замана, Святлана Папко, Мар’яна Радзюк. Іншыя атрыбуты свята былі прывезены з Ваўкавыска, Бераставіцы, Шчучына, Іўя.

Урэшце, цыкл мерапрыемстваў па папулярызацыі элементаў НКС Гродзенскай вобласці ўключае не толькі кірмашы. Чакайма на святы фальклору, ткацтва, абрад Юр’я, вяселле з традыцыйнымі караваямі і многія іншыя падзеі!

Таццяна ГРЫГАРАН, намеснік дырэктара — загадчык  аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага АМЦНТ

На здымку: пісанкі з Сапоцкіна.