Добраму канцэрту яшчэ б і асвятленне пасавала…

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Метадычны кантэкст клубнага мерапрыемства
Перад тым як пачаць расповед пра шматгранную івацэвіцкую культуру, усё ж вернемся ў Ляхавічы. У тамтэйшым “інфармацыйна насычаным“ гатэлі свежы нумар раённай газеты нам паведаміў, што гурту “Народныя музыкі“ спаўняецца 25 гадоў. Не маглі прайсці міма такой нагоды, таму і завіталі ў Ляхавіцкі ГДК, дзе і “прапісаны“ народны калектыў.

І “Народныя музыкі“…

Мастацкага кіраўніка “Народных музыкаў“ Эдуарда Сяліцкага, на жаль, не заспелі, бо жыве гэты творчы чалавек у суседніх Баранавічах, адтуль прыязджае на рэпетыцыі ды канцэрты. Дырэктар Дома культуры Мікалай Ламака распавёў нам, што песенны кірунак для ўстановы культуры — даўні і пашанотны. Пад дахам ГДК дзейнічаюць 22 самадзейныя калектывы, у тым ліку — пяць народных, заслужаны ды ўзорны. А гэта, пагадзіцеся, паказчык. Увогуле, песня Ляхавіччыны — адметная ў сваіх старадаўніх традыцыях. Варта згадаць тут Падлескі народны хор, якому споўнілася 75 гадоў і ля вытокаў стварэння якога стаяў знакаміты Генадзь Цітовіч. Пра гэта нам распавёў кіраўнік метадычнага цэнтра Юрый Грынь, які і шчыруе для таго, каб спеўная традыцыя краю стала паўнавартасным мастацкім набыткам усёй Беларусі.

А “Народныя музыкі“ выраслі з народнага ансамбля народнай музыкі “Крыніцы“, які ў 1987 годзе стварыла і якім кіруе Людміла Ламака, жонка дырэктара ГДК. Вось такія перапляценні творчасці. Дарэчы, галасістыя і сыны ў Ламакаў. Людміла Казіміраўна вельмі прасіла падзякаваць добрым словам кампазітару Леаніду Захлеўнаму, які словам ды справай заўжды падтрымлівае “Крыніцы“.

На развітанне Людміла Ламака зацягнула песню. Няўжо жанчына на такую магутнасць здольная? Падалося, што нават дах ГДК здзіўлена прыўзняўся. Гэтая творчая моц і суправаджала нас да Івацэвіцкага раёна.

/i/content/pi/cult/581/12815/1-1.jpg

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

З галоўным метадыстам мясцовай культуры Юрыем Грынем мы гаварылі пра выкананне плана па аказанні культурных паслуг насельніцтву. У чарговы раз быў ухвалены факт пра шчыльную сістэмную гастрольную дзейнасць самадзейных калектываў раёна. Але нават не гэта падалося галоўным (асабліва пасля таго, як мы пачалі разбірацца ў таямніцах “пазабюджэткі“ па ўстановах культуры Івацэвіцкага раёна). Усё ж, як паказвае практыка, пазабюджэтная дзейнасць дае стабільны плён там, дзе насельніцтва прывучылі плаціць за любую культурную паслугу. Ключавое слова тут — “прывучылі“. Там, дзе з гэтым спазніліся, узнікаюць праблемы. Я забягаю наперад, але відавочным застаецца тое, што пасля сыходу на пенсію вопытнага начальніка аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любові Фосцікавай надта вялікая цякучка кадраў была на гэтай пасадзе. Толькі гэтым тлумачу праблемы з выкананнем плана пазабюджэтнай дзейнасці па Івацэвіцкім раёне. Але пра гэта — крыху ніжэй.

Шчаслівая нечаканасць

Па дарозе мы параіліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Святланай Завадскай, якія паселішчы з карысцю для сябе мы можам наведаць на маршруце да раённага цэнтра. Святлана Васільеўна зазначыла, што можна завітаць у Любішчыцы, дзе яна колісь кіравала СДК. Інфармацыю прынялі да ведама, але калі заўважылі на трасе ўказальнік “Дабрамысль“, вырашылі звярнуць і сюды. Журналісцкая інтуіцыя не падманула, трэба сказаць…

Мы прызвычаіліся апошнім часам пісаць пра тое, што ў сельскіх установах культуры, нават у другой палове дня, няма наведвальнікаў. Нам кажуць: “Ды вось толькі былі — сышлі. Вы з’едзеце — зноў з’явяцца. Абавязкова!“ Верым на слова, аднак, бывае, з-за пустэчы ў бібліятэках і клубах нават рукі апускаюцца. Няўжо сапраўды сельскія ўстановы культуры насельніцтвам не надта запатрабаваныя?

Дык вось, у вёсцы Дабрамысль гэтае пытанне нават і не ўзнікла. Дый ці магло яно ўзнікнуць у паселішчы з такой назвай? Купкі людзей чагосьці чакалі на ганку сельскага клуба, людна было і ў памяшканнях будынка. Яшчэ на ўваходзе хлопчык Валодзя сказаў нам, што неўзабаве пачнецца тут справаздачны канцэрт (на які, як аказалася, прыедуць метадысты з райцэнтра), а потым будзе сельсаветаўскі сход. А ў канцэрце, з важнасцю дадаў Валодзя, выступаць у ліку іншых будуць ягоныя бацькі: Юрый і Таццяна Шылы, першы — акампаніятар СК, другая — настаўніца музыкі мясцовай школы. Каб не інтуіцыя, і не патрапілі б на такую цікавостку!

Перад канцэртам пагутарылі з загадчыкам сельскага клуба Галінай Шаўчук, якая не так даўно заняла гэту пасаду. Як высветлілася, нягледзячы на планы раённага кіраўніцтва, вёска Дабрамысль так і не стала аграгарадком. А летась у выніку аптымізацыі сельскі дом культуры быў пераўтвораны ў сельскі клуб. Адпаведна скараціліся і штатныя адзінкі. Цяпер з творчага складу засталіся загадчык СК і на палову стаўкі — акампаніятар. Але апроч аптымізацыі ўстанова летась зведала і рамонт. У выніку была прыведзена да ладу танцавальная зала, страха будынка. Дапамагла ў гэтай справе мясцовая ПМК.

Нягледзячы на паніжэнне ў статусе, установа культуры шукае магчымасці да развіцця. Прынамсі мы пераканаліся, што высокі ўзровень тут дэманструе гурток выцінанкі, творы якога дэманструюцца ў фае будынка, а таксама мясцовы музычны калектыў народнай песні. Пра яго пагаворым напрыканцы матэрыялу — як пра хэдлайнера справаздачнага канцэрта.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

У час нашых аўтападарожжаў заўсёды імпануе, калі сельскія ўстановы культуры аб’яднаны пад дахам аднаго будынка. Яшчэ больш падабаецца, калі гэтых устаноў не дзве, — бібліятэка і дом культуры — а некалькі. Калі дзеці і дарослыя могуць тут паспяваць і патанчыць, узяць кнігу і пагуляць у шахматы, скарыстацца трэнажорнай залай ці хаця б більярдам і пакаштаваць гарбаты па адмысловым рацэпце з зёлак. Такія ўстановы сустракаліся нам і ў Ляхавіцкім, і ў Любанскім раёнах. Такой жа запатрабаванай мясцовай супольнасцю і насычанай падалася і ўстанова ў Дабрамыслі.

/i/content/pi/cult/581/12815/1-2.jpg

Бібліятэчны кантэкст

У фае пакрысе збіралася аматарскае аб’яднанне “Медуніца“. Галіна Шаўчук вельмі хвалявалася ў чаканні начальства з райцэнтра. А тут яшчэ і мы. Каб не замінаць, вырашылі пабываць да пачатку мерапрыемства ў бібліятэцы, што месціцца на другім паверсе. Так і пазнаёміліся з бібліятэкарам Нінай Ліс. Сітуацыя, у якой яна апынулася, крыху нагадвае пачатак бібліятэчнай кар’еры Іны Андроцкай з Мікалаеўшчыны. Ніна Іванаўна таксама пачынае справу ў Дабрамыслі з чыстага аркуша. Працавала бібліятэкарам у Сяльцы (чатыры кіламетры адсюль). А калі бібліятэкар з Дабрамыслі Людміла Сахута пайшла на заслужаны адпачынак пасля амаль двух дзясяткаў гадоў працы, пасаду прапанавалі Ліс.

Дык з чаго збіраецца пачынаць? Як і яе каляжанка з Мікалаеўшчыны, з інфармацыйнага забеспячэння сваёй працы.

Але напачатку паразмаўлялі з чытачамі, якіх заспелі ў бібліятэцы. Скарга адна: недахоп гістарычнай, духоўнай літаратуры, кніг, якія прымушаюць задумацца, паразважаць. У аддзела камплектавання ЦБС, відаць, сваё бачанне на сітуацыю: маладога пакалення ў вёсцы адносна багата: 80 школьнікаў і 20 дзетак ходзяць у дзіцячы садок. А таму, калі і папаўняецца бібліятэка новымі кнігамі, то, па словах бібліятэкара, пераважна дзіцячай літаратурай.

Але калі чытачы наракаюць на абмежаваныя бібліятэчныя фонды, то бібліятэкарка — на малую колькасць чытачоў. Маўляў, сядзяць аднавяскоўцы па хатах, утаропіўшыся ў тэлевізары, забыўшы на царкву, бібліятэку, не кажучы ўжо пра клуб. Разам прыйшлі да высновы, што без анкетавання мясцовай грамады тут ніяк не абысціся. Без вызначэння зацікаўленасцей якаснай працы ў работнікаў культуры не атрымаецца. Невыпадкова ў час нашых аўтатураў сутыкаліся з сітуацыяй, калі для павелічэння запатрабаванасці сельскіх бібліятэк там ствараліся гурткі па кулінарыі, садаводстве і агародніцтве, клубы чытачоў з сумесным абмеркаваннем навукова-папулярных часопісаў.

І гэта прыносіла свой плён. А таму разнастайныя фарміраванні пры бібліятэках — гэта не модная з’ява, а жыццёвая неабходнасць, пра якую нельга забывацца, абклаўшыся фармулярамі і каталогамі.

Лямпачка Ільіча — не перашкода

Шпацыруючы да пачатку канцэрта па будынку сельскага клуба, пачулі ў адным з пакояў гукі баяна і не маглі туды не зазірнуць. Мо рэпетыцыя да справаздачнага канцэрта? Але не. Аказалася, што ў невялічкім кабінеце размяшчаецца філіял музычнай школы, а ўласна баян паспяхова асвойвае юная жыхарка Дабрамысля Вікторыя Карачун…

А цяпер — самы час наведаць глядзельную залу СК. Тут ужо ўсе сабраліся: некалькі дзясяткаў вяскоўцаў ды метадысты з Івацэвічаў. Метадысты — гэта Алена Шэлест — па выставачнай дзейнасці, Ірына Дука — па аматарскай творчасці, Алена Цітова — па культурна-дасугавай дзейнасці. Кажуць, што такія выезды ў іх — па некалькі разоў на тыдзень. Справа ў тым, што на Івацэвіччыне ідзе цяпер адбор калектываў для ўдзелу ў конкурсах ды фестывалях, у прыватнасці, на абласны фестываль “Спораўскія жарты”.

І такі сістэмны адбор дае цудоўную магчымасць ацаніць дзейнасць клубных фарміраванняў. Пра аказанне аператыўнай разнажанравай метадычнай дапамогі мы і не кажам. Прынамсі, такога вялікага метадычнага дэсанта ніколі дагэтуль не бачылі. Так што, метадысты Івацэвіччыны, вялікі вам дзякуй за прадметную ўвагу да сяла і да яго культуры!

Рэй на канцэрце вялі “Медуніца“ і Юрый ды Таццяна Шылы (сын Валодзя паглядаў на нас з задавальненнем). Шмат песняў было на роднай мове. Самадзейныя артысты трымаліся на сцэне ўпэўнена. Асабліва — маленькая Ксюша. Вяла канцэрт і спявала як мае быць загадчыца СК Галіна Шаўчук. Мы зрабілі шмат фотаздымкаў. Але ці перададуць яны атмасферу еднасці, што панавала тым вечарам у глядзельнай зале сельскага клуба?

Агульнае ўражанне не сапсавала нават не вельмі ўтульная зала СК, слабая музычная апаратура і кепскае святло на сцэне. Галіна Шаўчук прызналася, што ўчора святло ўвогуле знікла. У аўральным парадку яны з мужам (дарэчы, старшынём сельсавета) Мікалаем Шаўчуком шукалі ды падключалі прыдатную лямпачку.

У выніку мы сталі сведкамі жывога нефармальнага мерапрыемства. Даўно не адчувалі такога задавальнення, якое па сваёй атмасферы можа даць форы сталічным клубным канцэртам.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Канцэрт у Дабрамыслі нам вельмі спадабаўся. Шчыра, якасна, натхнёна. Прызнаемся, не менш спадабаліся і іншыя ўстановы культуры Івацэвіцкага раёна, у якіх мы паспелі пабываць. Іншая справа, што кожная з іх мае шэраг сваіх пытанняў: пазабюджэтна-фінансавых, арганізацыйных і нават нарматыўна-метадычных. Разам з кіраўніцтвам сферы культуры раёна паспрабуем у іх разабрацца ў наступных нумарах “К”.

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"