Золата і вохра свету Гаўдзі

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Як журналіст “К” называла фотатворы
Назва выставы “Паклон Гаўдзі”, што нядаўна адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва (пляцоўка на праспекце Незалежнасці), — знак павагі Валерыя Вядрэнкі да вялікага каталонскага дойліда. Але за назвай — адметная і постаць аўтара дакументальных фатаграфій і фотапластычных кампазіцый, які падчас вандроўкі па Барселоне ў 2011 годзе “прапусціў” праз сябе вобразную архітэктуру.

/i/content/pi/cult/581/12810/14-1.jpgНаслаенне сэнсаў на фотапластычных кампазіцыях (здымках архітэктуры Гаўдзі і ідэй, асацыяцый Валерыя Вядрэнкі) нараджае новы аб’ект, як у плане тэхнікі, так і адносна тэмы. У работах — не проста перасячэнні “цела” будынкаў каталонца ў стылі мадэрн і выгінаў жаночага цела, а іх яднанне. Валерый гуляе з матэрыяльным, выкарыстоўваючы ўлюбёныя ім аптычныя накладанні, і залаціста-вохрыстыя кампазіцыі выбухаюць энергіяй, нібыта вулкан лавай. (Мо праз тое яны падаюцца эмацыйна нават перанасычанымі?) Што да дакументальных таніраваных здымкаў, то на іх — агульны план сабора Святога Сямейства аўтарства Гаўдзі ў працэсе пабудовы і асобныя дэталі бадай самага знакамітага даўгабуду свету. Выразнасць выявам надаюць святлоценевыя эфекты, кантрасты, танальнасці, якія падкрэсліваюць выгіны архітэктуры.

Некаторыя працы відавочна патрабуюць разгадкі ці пэўнага тлумачэння. Дык дамо слова аўтару!

Варыянты

— Да гэтай выставы, — кажа Валерый Вядрэнка, — былі падрыхтаваны некалькі варыянтаў, якія я з часам “разбураў”. Але з адной з тых “рабочых” версій, паказаных публіцы ў 2012-м, і “вырас” цяперашні “Паклон Гаўдзі”. Упэўнены, работ не існуе, пакуль не раздрукуеш файлы на паперы і не ўбачыш вынік. Тады і зразумееш: “патрапіў” — “не патрапіў”. Для мяне было вельмі істотна, як яны “дыхаюць”, як выглядаюць у вялікім фармаце. Таму адну са спроб выканаў у памеры дзесьці метр на паўтара (прадстаўленае раней — у меншых за гэты фарматах) і паказаў яго ў… лесе падчас фестывалю “Вялікая бард-рыбалка” ў Быхаўскім раёне. Акурат пасля павелічэння памераў пабачыў, колькі застаецца пустой прасторы. Работы нагадвалі плакаты, страцілі ў адпаведнай энергетыцы.

Ідэя

— Адна з прычын узнікнення серыі: тое, што я ўбачыў, і тое, што думаў пра Гаўдзі, — розныя рэчы. З ягонай творчасцю быў знаёмы па альбомах і кніжках… Аднак непасрэднае ўздзеянне архітэктуры Антоніа Гаўдзі было надзвычай моцным. І першае — шок ад таго, якога маштабу можа быць мастак. Гаўдзі ж стварыў цэлы свет! Да ўсяго, яму пашанцавала: знайшоўся фундатар для яго ідэй.

Тэрмін

— Тэрмін “фотапластыка” (як адну з форм фатаграфіі) я прыдумаў для сваіх работ (балазе іх ніяк не назавеш фатаграфіямі, а назва патрабавалася). Але, аказалася, яго вызначыў яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя тэарэтык фотамастацтва з Венгрыі Ласла Мохай-Надзь. Я спрабаваў знайсці работы эксперыментатара ў гэтым кірунку, і нічога ў Сеціве не адшукаў. Таму дапускаю, што Мохай-Надзь толькі тэарэтычна абгрунтаваў панятак.

Колер

— Залаціста-вохрыстыя фотапластычныя кампазіцыі першапачаткова былі… земляністага колеру, то бок драматычныя, крыху “ўцяжараныя”. І калі прадставіў выставу, зразумеў: перабор. Тым больш гэта ўжо не будзе адпавядаць тым адчуванням, якія я атрымаў ад Гаўдзі.

Тэхналогія

— Лічбавая тэхналогія настолькі гнуткая, няўлоўная, што ўвесь час трымае “на кручку”. Не можаш “паставіць” кропку, заўсёды хочацца перарабіць, змяніць… Таму стаўлю шматкроп’е.

Работы рыхтаваліся Валерыем адмыслова для гэтага памяшкання (у серыі іх 100, але прадстаўлена 65). Выстава для творцы мае і музычнае гучанне, паколькі адзін твор плаўна “пераходзіць” у іншы. І выцягнуць адну рэч з “музычнага шэрагу”, на думку фотамастака, немагчыма. Нейкая нітачка абавязкова абарвецца, штосьці акажацца незразумелым. Таму мне давялося на свой густ выбіраць творы, якія праілюстравалі публікацыю. Назваў работам Вядрэнка не даваў, але пагадзіўся, каб аўтар гэтых радкоў праз уласныя фантазіі ды асацыяцыі прыдумала іх. Такім чынам, усё пачалося з “Нараджэння”. У рамках выставы акрэсліваецца нават невялікая серыя здымкаў: яшчэ я пабачыла “Станаўленне” і “Смерць”. Калі чакала майстра, назірала, як ставіцца да гэтай трыяды работ сямейная пара. І калі жанчына пачала разглядаць адну з іх, адразу сказала: “Дык гэта ж нейкая разруха!” А для мяне — наадварот, нараджэнне будынка, “цялеснага”, матэрыяльнага. Сам Валерый Вядрэнка адзначыў, што там адлюстравана будаўніцтва сабора.

Перайшлі да работы, якой дала назву “Скамянелая мелодыя”. Валерый змясціў выяву жанчыны, якая грае на музычным інструменце, не ў цэнтры твора. Такое кампазіцыйнае рашэнне надае рабоце рух, энергію, моц. І толькі калі прыгледзецца, пабачыш фігуру жанчыны. Але гэты твор успрымаецца па-рознаму. Я на ім угледзела профіль з цёмным вокам. І гульня з асацыяцыямі Валерыю падабаецца, бо знаходзяцца новыя сэнсы. Сам жа майстар дадаў: гаворка вядзецца пра магчымасці чалавека. Гаўдзі — звычайны чалавек, але што ён стварыў? Вось таму сам Вядрэнка разглядае цела на гэтай працы як сховішча духоўнай энергіі.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст
Аўтар: Валерый ВЯДРЭНКА
фатограф