Фінансавае забеспячэнне і асноўныя рызыкі
На рэалізацыю Дзяржпраграмы патрабуюцца сродкі ў памеры 29 841 955 560,5 тысячы рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 5 021 262 163,9 тысячы, з мясцовых бюджэтаў — 19 607 345 688 тысяч, з уласных сродкаў арганізацый — 5 213 347 708,6 тысячы рублёў.
Асноўныя рызыкі пры выкананні праграмы звязаны са скарачэннем сеткі ўстаноў, зменай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, з неэфектыўным кіраваннем рэалізацыяй праграмы, уключаючы кіраванне фінансавымі, кадравымі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Для прадухілення негатыўных вынікаў улічваліся наступныя механізмы па кіраванні рызыкамі і меры па іх мінімізацыі: комплекснае вырашэнне задач дзяржпалітыкі ў галіне культуры, падтрымка прыярытэтных кірункаў развіцця нацыянальнай культуры (ахова гісторыка-культурнай спадчыны, падтрымка тэатральна-відовішчных арганізацый і арганізацый кінематаграфіі, развіццё ўсіх відаў мастацтва), мадэрнізацыя і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, забеспячэнне інавацыйнага развіцця, адаптацыя мерапрыемстваў праграмы да сацыяльна-эканамічных змен, варыянтнасць падыходаў да рэалізацыі асобных мерапрыемстваў, актывізацыя ўзаемадзеяння органаў дзяржкіравання з арганізацыямі суайчыннікаў за мяжой, накіраванне пазабюджэтных (уласных) сродкаў арганізацый культуры на выкананне мерапрыемстваў праграмы.
“Спадчына”
У сістэме Міністэрства культуры дзейнічае 151 музей. Сетка скарацілася на 9 адзінак: да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў якасці філіялаў далучыліся музеі Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, да Нацыянальнага гістарычнага — музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, прыроды і экалогіі. Рэарганізаваны ўстановы ў Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях.
Адна з праблем — адсутнасць паўнавартаснай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, якая заклікана адлюстроўваць беларускую нацыянальную ідэю. Наспела неабходнасць будаўніцтва адзінага дэпазітарыя для захоўвання музейных фондавых калекцый.
На сёння маецца каля 7,7 тысячы публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным фондам каля 180 мільёнаў экзэмпляраў. Міністэрству культуры падпарадкоўваецца каля 37 % бібліятэк краіны. З-за сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў назіраецца скарачэнне сеткі сельскіх бібліятэк. Разам з тым бібліятэчныя паслугі — па-ранейшаму запатрабаваныя.
Невысокім застаецца ўзровень інфарматызацыі. Перспектыўным праектам з’яўляецца стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі, карпаратыўнай службы электроннай дастаўкі дакументаў на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама — выкарыстанне воблачных тэхналогій.
Рэалізавана Дзяржпраграма адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы”.
Нявырашаныя праблемы: неналежны тэхнічны стан значнай колькасці аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, адсутнасць распрацаваных і зацверджаных праектаў зон аховы, несанкцыянаваныя раскопкі на аб’ектах археалагічнай спадчыны і яе прысутнасць у сусветнай інфармацыйнай прасторы, недастатковая інфарматызацыя сферы гісторыка-культурнай спадчыны, дэфіцыт рэстаўратараў, недастатковая колькасць аб’ектаў у міжнародных ахоўных спісах, няроўны доступ да музейных і бібліятэчных фондаў жыхароў паселішчаў без стацыянарных устаноў культуры, недахоп фінансавання работ па ахове і рэстаўрацыі аб’ектаў спадчыны.
Мэтавыя паказчыкі
Трэба ўключыць не менш 86 праяў нематэрыяльнай творчасці чалавека да 2020 года ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Колькасць дасье на аб’екты спадчыны, падрыхтаваных і прадстаўленых у Цэнтр Сусветнай спадчыны — не менш пяці да 2020 года. Колькасць наведванняў публічных бібліятэк, у тым ліку аддаленымі карыстальнікамі — павелічэнне на 20 % да 2020 года ў параўнанні з леташнім паказчыкам. Прыросты аб’ёму Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і колькасці музейных наведванняў — у абодвух выпадках павелічэнне за пяцігоддзе на 5 % у параўнанні з леташнім. Колькасць фестываляў, святаў народных мастацкіх промыслаў — не менш за 8 у год. Колькасць мерапрыемстваў з удзелам творчых калектываў нацыянальна-культурных аб’яднанняў — не менш за 50 у год.
Фінансаванне падпраграмы
Аб’ём фінансавання — 9 367 617 140,6 тысячы рублёў, у тым ліку: з рэспубліканскага бюджэту — 1 999 236 193,7 тысячы, з мясцовых бюджэтаў — 6 427 534 379 тысяч, за кошт уласных сродкаў арганізацый — 940 846 567,9 тысячы рублёў.
“Мастацтва і творчасць”
У Беларусі — 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 — сістэмы Міністэрства культуры (два музычных, 18 драматычных, сем лялечных), адзін — сістэмы Міністэрства абароны. Статус “нацыянальны” маюць чатыры тэатры, званнем “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь” уганараваны дзесяць тэатраў. Канцэртнай дзейнасцю займаецца 21 дзяржаўная арганізацыя рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання. Ёсць 2,9 тысячы клубных устаноў. Штогод адбываецца 8500 спектакляў, 6000 канцэртаў, больш за 580 тысяч клубных мерапрыемстваў. Кожны год ладзіцца каля 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў.
Сярод праблем застаюцца недастатковая канкурэнтаздольнасць і запатрабаванасць нацыянальнага культурнага прадукта, неэфектыўнае выкарыстанне эканамічных механізмаў у дзейнасці тэатральна-відовішчных арганізацый, нездавальняючая прадстаўленасць беларускага кінамастацтва, нізкая акупляльнасць фільмаў у неігравой і анімацыйнай формах, адсутнасць адзіных падыходаў да правядзення конкурсаў эскізных праектаў пры стварэнні манументальных і манументальна-дэкаратыўных твораў, недастатковы ўзровень выканальніцкага майстэрства асобных эстрадных калектываў і выканаўцаў, неўкамплектаванасць кадрамі тэатральна-відовішчных і кінематаграфічных арганізацый.
Мэтавыя паказчыкі
Колькасць праведзеных тэатральна-відовішчнымі арганізацыямі фестываляў, форумаў, свят і іншых культурных мерапрыемстваў — не менш за 14,5 тысячы ў год. Колькасць клубных культурных мерапрыемстваў — не менш за 500 тысяч у год. Прырост колькасці самадзейных калектываў мастацкай творчасці са званнямі “народны” і “ўзорны” — за пяцігоддзе на 150 больш ад леташняга ўзроўню. Прырост аб’ёму даходаў ад кінапаказу і іншых паслуг кінапракатных і кінавідовішчных арганізацый — на 50 % да 2020 года ад леташняга ўзроўню.
Фінансаванне падпраграмы
Аб’ём фінансавання — 19 410 244 312,6 тысячы рублёў, у тым ліку: з рэспубліканскага бюджэту — 2 663 089 893,9 тысячы, з мясцовых бюджэтаў — 12 517 027 600 тысяч, за кошт уласных сродкаў арганізацый — 4 230 126 818,7 тысячы рублёў.
“Архівы Беларусі”
У 32 дзяржаўных архіўных установах, 1123 тэрытарыяльных (раённых і гарадскіх) архівах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў краіны ўтрымліваецца 14 099 306 адзінак захоўвання (абраных з 1931 года і да нашых дзён), у тым ліку дакументы дзяржорганаў, арганізацый, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, грамадзян. Для фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь паўнавартаснымі па змесце і аптымальнымі па складзе дакументамі ў дзяржаўныя архіўныя ўстановы прымаецца на пастаяннае архіўнае захоўванне больш за 80 тысяч адзінак захоўвання. Крыніцы камплектавання — каля васьмі тысяч дзяржорганаў і іншых арганізацый. Эфектыўнае фарміраванне Нацыянальнага архіўнага фонду магчыма толькі пры пашырэнні плошчаў архівасховішчаў, забеспячэнні эксплуатацыйнай надзейнасці будынкаў і памяшканняў, удасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Мэтавыя паказчыкі
Колькасць унікальных і асабліва каштоўных архіўных дакументаў, якія маюць страхавыя копіі — не менш за 600 адзінак захоўвання ў год. Колькасць дакументаў, якія маюць лічбавыя копіі — не менш за 3600 адзінак у год. Колькасць выдадзеных зборнікаў дакументаў і архіўных даведнікаў пра склад і змест дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду — не менш за пяць у год.
Фінансаванне падпраграмы
Аб’ём фінансавання — 1 033 248 351 тысяча рублёў, у тым ліку: з рэспубліканскага бюджэту — 328 484 520 тысяч, з мясцовых бюджэтаў — 662 389 509 тысяч, за кошт уласных сродкаў арганізацый — 42 374 322 тысячы рублёў.
“Беларусы ў свеце”
Колькасны склад беларускай дыяспары ў свеце складае каля 2,5 мільёна чалавек. Грамадскія аб’яднанні беларусаў актыўна ажыццяўляюць сацыякультурную дзейнасць у Расіі, ва Украіне, у Латвіі, Літве, Эстоніі, Польшчы, Малдове. Беларуская дыяспара прысутнічае ў Аўстраліі, Аўстрыі, Аргенціне, Вялікабрытаніі, Германіі, Канадзе, Нідэрландах, ЗША…
Асноўны механізм узаемадзеяння з беларусамі замежжа быў замацаваны ў Дзяржпраграме супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце” на 2013 — 2015 гады.
Але існуе неабходнасць больш сістэмнага падыходу да вырашэння пытанняў развіцця супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай.
Мэтавыя паказчыкі
Колькасць культурных мерапрыемстваў у Беларусі з удзелам замежных калектываў мастацкай творчасці і дэлегацый нацыянальна-культурных аб’яднанняў беларусаў замежжа — не менш за 20 у год. Колькасць мерапрыемстваў з удзелам беларускіх прафесійных і самадзейных калектываў мастацкай творчасці, якія ладзяцца беларусамі замежжа — не менш за 20 у год. Колькасць бізнес-форумаў у Беларусі з удзелам беларусаў замежжа з ліку прадпрымальнікаў — не менш за пяць у год.
Фінансаванне падпраграмы
Аб’ём фінансавання — 30 845 756,3 тысячы рублёў, у тым ліку: з рэспубліканскага бюджэту — 30 451 556,3 тысячы, з мясцовых бюджэтаў — 394 200 тысяч рублёў.
Аб’ём фінансавання падлягае ўдакладненню зыходзячы з макраэканамічных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і магчымасцей рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.