Ці рэальнае “народнае” фінансаванне?

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Нездарма кажуць: як няма грошай — не бяда, як сяброў грамада. Прыказка гэтая актуальная сёння як ніколі, асабліва з улікам таго, што Сусветнае павуцінне дазваляе сабраць вакол свайго праекта ці ідэі ў вельмі сціслы тэрмін даволі багата людзей. Некаторыя з работнікаў культуры Беларусі ўжо ўлічваюць названую акалічнасць і актыўна выкарыстоўваюць інтэрнэт-рэсурсы для прасоўвання ды піяр-кампаніі сваіх праектаў, каб зарабіць такім чынам грошы на іх рэалізацыю.

/i/content/pi/cult/579/12798/4-22.jpgСкажам, на сайце maesens.by сёння некаторыя з іх збіраюць грошы і на выданне свайго песеннага дыска, і на правядзенне пленэру разьбяроў у вёсцы Стойлы на Пружаншчыне, дзе жыў стваральнік “драўлянага народу” народны майстар Мікола Тарасюк. На іншым — talaka.by — адзін знаёмец шукае фінансы на выпуск кнігі Клайва Льюіса “Хронікі Нарніі” ў перакладзе на беларускую мову, а іншы арганізоўвае збор артэфактаў беларускай прамысловай і рамесніцкай вытворчасці, каб прэзентаваць іх пасля ў форме кнігі і віртуальнага музея…

Да слова, з 2013 года на апошнім з названых сайтаў рэалізаваны 43 праекты! А толькі за апошнія восем месяцаў 15 ініцыятыў атрымалі фінансаванне амаль ад тысячы чалавек на суму 378 мільёнаў рублёў.

Яшчэ адна падобная платформа, што месціцца па адрасе ulej.by, запрацавала ў Беларусі ў жніўні мінулага года. За яе аснову была ўзятая паспяховая міжнародная пляцоўка Kickstarter, а сам праект падтрымаў адзін з вядомых беларускіх банкаў — сталы спонсар шэрагу культурных імпрэз. На названым сайце сёння ладзіцца збор грошай і на здымкі кліпа, і на роспіс сцен Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, і на набыццё аўдыя- і відэатэхнікі для правядзення тэатральнага фестывалю… Шэраг прадстаўленых на партале праектаў таксама ўжо сталіся паспяховымі. Так, неабыякавымі людзьмі сабраны 38 мільёнаў рублёў на стварэнне ў адным з раённых гарадоў Беларусі міні-кінатэатра, 23 мільёны — на выданне дыска аднаго з беларускіх гуртоў, 25 мільёнаў на стварэнне арт-пляцоўкі і зоны вольнага адпачынку ў адным з мікрараёнаў Мінска…

Напрыканцы прывяду яшчэ адну лічбу: у 2015 годзе тры названыя беларускія інтэрнэт-пляцоўкі сабралі на свае праекты больш за тры мільярды рублёў! Падаецца, даволі значная лічба, каб зацікавіць тых неабыякавых культработнікаў Беларусі, якія мараць пабачыць рэалізаванымі свае крэатыўныя ідэі і задумкі.

А схема працы падобных платформ, пабудаваных на аснове краўдфандынгу, амаль усюды падобная: аўтар ідэі падае сваю заяўку на, так бы мовіць, “народнае” фінансаванне. У заяўцы ўказваецца сума, патрэбная для рэалізацыі задуманага, а таксама тэрмін, за які гэтыя грошы трэба сабраць. Тыя наведвальнікі сайта, хто ўпадабае тую ці іншую ідэю, можа яе падтрымаць, сплаціўшы пэўную суму праз банк, ды атрымаць нейкія прызы ці бонусы, якія будуць прадугледжаны аўтарам ініцыятывы ў залежнасці ад памеру грашовага пераводу. Калі неабходная сума набіраецца — праект рэалізуецца, а калі не — грошы вяртаюцца ахвярадаўцам.

Чаму я пра гэта распавядаю так падрабязна? Таму што яшчэ ў далёкім 2008 годзе сам, без усякіх “платформаў” і “сайтаў-памочнікаў” збіраў падобным чынам невялікую, па сутнасці, суму на выданне сваёй кнігі, прысвечанай дыялектным гаворкам жыхароў Брэсцкай вобласці. З дапамогай сябра, які працаваў на адным з беларускіх парталаў, змясціў там інфармацыю пра будучую кнігу, апублікаваў шэраг карт і тэкстаў — і справа, ці, дакладней, грошы пайшлі…

Натуральна, усе спонсары выдання, іх прозвішчы і імёны былі пасля ўзгаданы мной удзячным словам у прадмове да кнігі, якая ўжо ў наступным, 2009-м, пабачыла свет… Так што не на словах, а на справе я пераканаўся ў тым, наколькі можа быць паспяховым і эфектыўным гэтае “народнае” фінансаванне.

І калі атрымалася ў мяне, дык чаму не можа быць падобнага поспеху ў музейшчыкаў, бібліятэкараў, клубнікаў Беларусі? Вандруючы па рэгіёнах краіны, я не раз пераконваўся ў тым, што ў нашай краіне крэатыўных і зацікаўленых у сваёй дзейнасці людзей хапае. А не стае ім часам толькі аднаго — грошай. Прычым часцяком жаданая імі сума асігнаванняў вымяраецца не дзясяткам мільёнаў рублёў, а ў разы меншымі лічбамі. Таму асабліва крыўдна, калі той ці іншы цікавы праект культурнай тэматыкі пасля “гібее” ды пакрываецца пылам у нейкіх папках верхняй шуфляды працоўнага стала…

Сёння хаваць свае праекты няма патрэбы: падобныя сайты, пабудаваныя на аснове краўдфандынгу, і створаны дзеля таго, каб адметныя задумкі паспяхова “нараджаліся” і ажыццяўляліся. Бо чым больш будзе такіх малых праектаў, тым больш цікавым будзе жыццё.

Як кажа тая ж народная мудрасць, “усе вялікія справы пачынаюцца з малых учынкаў”… І я з гэтым выслоўем абсалютна згодны. Тым больш у згаданым кантэксце!

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"