Аншлаг — паказчык якасці

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Фестывалі бываюць рознымі. І не ў тым справа, раённыя яны, абласныя ці рэспубліканскія. Галоўнае, падаецца, у тым, наколькі карысныя яны для гледачоў і ўдзельнікаў. “К” паведамляла ўжо, што Магілёўшчына распачала Год культуры абласным фестывалем народнай творчасці. Дык вось, у мерапрыемстве па чарзе бяруць удзел лепшыя самадзейныя калектывы дваццаці аднаго раёна, а таксама Магілёва ды Бабруйска. Інакш кажучы, з фестывалю народнай творчасці Год культуры на Магілёўшчыне распачаўся, ім жа і скончыцца.

Ініцыятар акцыі — Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы, які славіцца нестандартным і маштабным падыходам да справы. Дырэктар Алег Хмялькоў распавядае, што фінальны гала-канцэрт адбудзецца ў Палацы культуры вобласці. А пакуль творчыя справаздачы раёнаў адбываюцца ў зале (480 месцаў) абласнога метадцэнтра. Распачаў акцыю Магілёўскі раён, працягнуў Бялыніцкі, а ў мінулы чацвер выступіў ужо Бабруйскі.

Канцэрты, білет на якія каштуе дваццаць тысяч рублёў, праходзяць, па словах Алега Хмялькова, з аншлагам. Лепшага доказу таго, што мерапрыемствы якасныя, і не назавеш. Яшчэ адно тлумачэнне папулярнасці імпрэз у тым, што “імпарт” сельскага мастацтва на сцэну абласнога цэнтра — справа, мякка кажучы, не будзённая. Не, творчыя справаздачы мастацкай самадзейнасці на ўнутрыраённым узроўні — досыць рэгулярныя. Але выхад на вобласць, ды яшчэ з удзелам усіх без выключэння рэгіёнаў, ажыццяўляецца, як падаецца, упершыню.

“Перад рэалізацыяй творчага праекта, — тлумачыць Алег Хмялькоў, — мы праманіторылі сітуацыю. Аказалася, што нашу прапанову падтрымалі ў першую чаргу непасрэдныя ўдзельнікі імпрэз — самадзейныя артысты. Вынік у пэўнай ступені прадказальны. Для творцаў гэта — і адказны іспыт, і цудоўная магчымасць праявіць сябе. Без названых складнікаў не бывае росту ў мастацтве…”

Натуральна, крыху інакш успрынялі навіну начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, бо ім апрача творчага пытання прыйшлося вырашаць і гаспадарчае: вышукваць транспарт і бензін. Але ўменне гаспадарыць — таксама мастацтва. І той, хто ў свой час не баяўся “рэпетыцый”, досыць упэўнена адчувае сябе і сярод накладных ды рахункаў-фактур. Урэшце, аксіёма творцы-гаспадарніка (а такімі, спадзяюся, з’яўляюцца большасць нашых начальнікаў раённых аддзелаў): без прадуманага матэрыяльнага падмацавання не бывае і духоўных прарываў.

А цяпер больш падрабязна прааналізуем, чым уразілі магілёўскую публіку, скажам, бялыніцкія артысты. Цэлым спектрам вартых увагі прэзентацый. На вуліцы перад метадцэнтрам працавалі рамесніцкія падворкі. У фае кіраўнікі хлеба- і сыравытворчасці рэкламавалі сваю прадукцыю. Райбібліятэка прапаноўвала паслугі фітабара. Школа мастацтваў і народныя майстры праводзілі майстар-класы па выцінанцы і пляценні паясоў. Музеі паказвалі 3D-візітоўкі. Былі запрошаны і ганаровыя грамадзяне Бялыніч. На сцэне выступалі народныя ды ўзорныя калектывы, а ў выставачнай зале па вуліцы Болдзіна прэзентаваліся сорак жывапісных работ бялыніцкай мастачкі Ларысы Журавовіч.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"