Што ж такое (вы)творчасць?

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Галерэя “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў спрычынілася да святкавання 40-годдзя факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстановы выставай “ХТО”, на якой экспануюцца творы выкладчыкаў кафедры графічнага дызайну.

/i/content/pi/cult/579/12791/8-3.jpgЯк настаўніку літаратуры неабавязкова быць літаратарам, так і таму, хто рыхтуе спецыялістаў мастацкай сферы, няма пільнай патрэбы самасцвярджацца яшчэ і праз мастацкую творчасць. Гэта, так бы мовіць, у прынцыпе. Бо самому якасна рабіць нейкую справу і вучыць гэтай справе іншых — дзве розныя прафесіі, для якіх патрэбны два розныя таленты. Але зусім някепска, калі ў выкладчыка ўсё ж такі ёсць яшчэ і творчы досвед, і мастацкі талент. У такім выпадку большая верагоднасць таго, што ён здолее з павагай паставіцца і да таленту вучня, і ні ў якім разе не стане, як кажуць, ламаць чужую натуру праз калена.

Студэнтам кафедры графічнага дызайну згаданага факультэта нашай акадэміі, мяркую, з выкладчыкамі пашчасціла. Яны ведаюць і што такое творчасць, і што такое вытворчасць. Ім ёсць што сказаць грамадзе, а гэта азначае, што яны здольныя і прыслухоўвацца да іншых. А вядома, што навучальны працэс, пабудаваны на сумоўі і паразуменні, можа быць вельмі плённым.

Удзел ў выставе бяруць дызайнеры — выкладчыкі кафедры. У кожнага — адметны почырк. Увогуле яны ўніверсалы, могуць плённа працаваць у розных галінах дызайн-графікі, а таксама ў сумежных з ёй сферах. Але кожны мае ўлюбёную тэхніку і тэматычныя прыярытэты. Уладзімір Васюк і Вячаслаў Семянько шануюць "кансерватыўныя" тэхнікі. Першы ў аўтарскіх аркушах колерам не карыстаецца ўвогуле, другі — зрэдку. Абодва майстры перадаюць настрой і думкі праз безліч адценняў шэрага. Гэта на тле бязмежных магчымасцяў каляровага друку дазваляе ім разважаць на прасторы аркуша пра нязменныя чыннікі Быцця, пра Прастору і Час, не збіваючыся на вонкава эфектнае, але сутнасна — другаснае і эфемернае. Уладзімір Даўгяла вядомы як ілюстратар кніг. Яго вабяць тэксты, якія дазваляюць занурыцца ў рамантызаваны свет еўрапейскага Сярэднявечча. Стылёва ягоныя аркушы нагадваюць мініяцюры старажытных хронік. Ён шануе акварэль.

Наталля Коўш знайшла сябе ў фотаграфіцы. Фактычна яна малюе аб’ектывам. У яе руках камера становіцца рэнтгенаўскім апаратам, які прасвечвае аб’ект ці з’яву наскрозь, да “костак”. Да асновы. Камера — асноўны інструмент і для Уладзіміра Цярэнцьева. Ягоныя фотаграмы, імпрэсіяністычныя па духу, успрымаюцца эстэтычнай рэфлексіяй, але пры нагодзе, у пэўным кантэксце, пры тэматычным дачыненні могуць набыць функцыянальнасць.

Руслан Найдзен — рафінаваны эстэт. Тэма, змест, канцэпцыя — ўсё гэта для яго не тое каб другаснае, але і, відавочна, не галоўнае. Паводле ягонай завядзёнкі, ўсё ім зробленае мусіць найперш быць прыгожым. Свае работы ён групуе ў серыі, ідэю раскрывае праз паслядоўнасць выяў. Мне гэта нагадвае графічныя аповеды Казіміра Малевіча і дае падставы меркаваць, што адштурхоўваецца Найдзен менавіта ад творчасці вялікага супрэматыста. Адно што Малевіч і гламур (уласцівы Руслану Найдзену па жыцці) — рэчы несумяшчальныя. Дызайну, аднак, пасуюць парадоксы…

Вось і Юрый Тарэеў — майстар парадоксаў. Гэта асаблівасць ягонага мыслення добра прыдалася да практыкі стварэння тэатральных плакатаў. Гэта іпастась творчасці Тарэева грунтоўна прадстаўлена ў дадзенай экспазіцыі. Эдуард Жакевіч, адзін з ветэранаў кафедры, вядомы найперш як дызайнер кнігі. Тэхнічная і іншая спецыяльная літаратура для мастакоў, што звязаныя з паліграфіяй, ніколі не лічылася прэстыжнай справай. Куды як больш цікава аздабляць літаратуру мастацкую. Эдуард Жакевіч гэты стэрэатып зламаў. Кожную работу ён робіць як унікальную. Аздобленыя ім кнігі разлічаныя на шчыльнае кола спецыялістаў, але іх з цікавасцю будзе гартаць і той, хто да тых спецыяльнасцяў дачынення не мае. Майстру належыць значная роля ў станаўленні сучаснай беларускай кніжнай культуры, кніжнага дызайну. Ганна Мельнікава на гэтай выставе запомнілася работамі, якія больш пасуюць станковай графіцы, чым дызайну. Хоць сёння паміж гэтымі з’явамі няма неадольнай мяжы. Эмацыйнасць, пачуццёвасць, зрэшты, не пярэчаць функцыянальнасці. Сказанае тычыцца і работ Наталлі Кузьмянковай.

Выкладчыкі кафедры графічнага дызайну на гэтай выставе прадэманстравалі свой творчы патэнцыял, паказалі, што можна паспяхова сумяшчаць творчую майстэрню і вучэбную аўдыторыю, працу па прафесіі і перадачу свайго досведу моладзі. Ну а амбіцыйнай моладзі ёсць на каго раўняцца…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"