На што здольная п’еса-споведзь?

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

4 красавіка ў Купалаўскім тэатры адбудзецца трэці беларускі паказ сусветна вядомай пастаноўкі “Сем”, заснаванай на дакументальнай п’есе сямі аўтарак-драматургаў. Гэтым разам пастаноўка, скіраваная на прыцягненне ўвагі грамадства да праблем гвалту па гендарнай прыкмеце, будзе рэалізавана пры ўдзеле беларускіх дзеячаў культуры, бізнесу і спорту.

Тэкст п’есы прачытаюць салістка музычанага праекта “Shuma” Руся, заснавальнік партала “TUT.BY” Юрый Зісер, тэлевядучая Ганна Бонд, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь па тайскім боксе, вакаліст гурта “Brutto” Віталь Гуркоў, Пасол добрай волі ЮНЭДС у Беларусі, тэлевядучая Святлана Бароўская, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг…

Упершыню за гісторыю сваёй кампаніі ў Беларусі ўнікальны праект, куратарам якога з’яўляецца Фонд ААН ў галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, будзе паказаны для шырокай аўдыторыі. Патрапіць на яго можа любы ахвотны, папытаўшыся бясплатна білет у касе тэатра.

Да нас праект “Сем” прыйшоў летась, але яго шэсце па свеце (ахоплена ўжо 30 краін) распачалося яшчэ ў 2008-м, калі шведскі драматург, актрыса і прадзюсарка Хеда Крауш Шорген прапанавала новую канцэпцыю п’есы сямі амерыканскіх аўтарак-драматургаў, пераўтварыўшы яе ў “Турнэ Сем”. “Прайсціся ў абутку” сямі жанчын, на чыіх гісторыях заснаваны твор, мусілі не прафесійныя акцёры, а прадстаўнікі розных сфер дзейнасці. “Сем” стала правадніком у розныя культуры свету пытання аб тым, наколькі распаўсюджаны гвалт у дачыненні да жанчын у кожнай краіне, і ці заўважаем мы гэтыя знявагі і несправядлівасць.

Кожная з гераінь (з Пакістану, Камбоджы, Нігерыі, Гватэмалы, Афганістана, Расіі і Паўночнай Ірландыі) распавяла пра свой шлях да волі і раўнапраўя. Іх гісторыі літаратаркі і перапрацавалі ў маналогі. Праз удзел прадстаўнікоў грамадства ў чытанні п’есы, праз уключэнне ў асабістую споведзь, праз вопыт суперажывання і яго трансляцыі гэты крок аказаўся паспяховым. На сёння “Сем” перакладзена на больш як 20 моў. Больш за 150 разоў п’еса была пастаўлена на розных пляцоўках.

Чытальнікамі твора за гэты час станавіліся генералы, члены парламентаў, зоркі — звыш 600 жанчын і мужчын!

Першымі ж чытальнікамі твора ў Беларусі сталі прадстаўнікі міністэрстваў, дзяржаўных структур. Гісторыю Му Сокуа, былога міністра па справах жанчын Камбоджы, што змагаецца супраць гандлю жанчынамі, чытала начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная. Споведзь Інэс Маккормак, ірландкі, якая асмелілася выйсці замуж за каталіка, — намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алена Купчына. А агучыць адну з самых цяжкіх гісторый — Мухтар Май родам з Афганістану, якая пацярпела ад групавога згвалтавання, пагадзіўся начальнік аднаго з упраўленняў Міністэрства ўнутраных спраў краіны Алег Каразей…

Варта адзначыць і яшчэ адну асаблівасць праекта: кожны раз п’еса атрымлівае не толькі новых акцёраў-чытальнікаў, але новую аўдыторыю. На першую пастаўноўку “Сямі” былі запрошаныя прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх структур і арганізацый. Другі паказ — і фокус на іншую групу: адмыслоўцаў, ад актыўнасці якіх залежаць зрухі ў полі гендарнага раўнапраўя. Трэці паказ — зварот да шырокай супольнасці… А яшчэ запланаваны чацвёрты і пяты паказы — для розных аўдыторый. Пастаноўкі адбываюцца на фоне інфармацыйнай кампаніі “Гвалт у дачыненні жанчын недапушчальны”. Рэжысёр спектакляў — Іван Пінігін.

Думаецца, “Сем” — гэта актуальная і моцная форма, каб заахвоціць грамадства ўбачыць праблемы гвалту па гендарнай прыкмеце не звонку, а знутры. “Мэта праекта — развіццё нулявой талерантнасці грамадства да гвалту ў Беларусі, — падкрэслівае намесніца прадстаўніка Фонду ААН у вобласці народанасельніцтва ў Беларусі Алена Касько, — ініцыяцыя публічнай дыскусіі на тэму правоў жанчын”.

Наколькі актуальная гэта праблема ў нас? Па апытанні, якое зладзіў ЮНФПА ў Беларусі ў 2014 годзе, больш за 77 % мужчын і жанчын прызналіся, што сутыкаліся з хатнім гвалтам... Але “падвойныя стандарты” ў дачыненні апошняга аказаліся найбольш яскрава выяўленыя ў мужчын: да прыкалду, 45,5 % апытаных мужчын лічаць магчымым абражаць і лаяць партнёршу, і толькі 29,4 % пагаджаюцца з тым, што жанчына можа дзейнічаць падобным жа чынам. Таксама больш высокія паказчыкі па розных формах гвалту — эканамічнага, псіхічнага, фізічнага, сексуальнага — у адносінах да жанчын. Першай з прычын хатняга гвалту і мужчыны, і жанчыны назвалі празмернае ўжыванне алкаголю.

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"