Марымба, ксілафон...

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

У рамках Года культуры з 24 па 26 сакавіка ў Мінску праходзіў першы Беларускі конкурс выканаўцаў на ксілафоне і марымбе імя Міхаіла Гузікава. Мерапрыемства ладзілася ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў №10 Мінска імя Яўгена Глебава, а яго арганізатарамі выступілі Беларускі саюз музычных дзеячаў, Беларуская перкусійная асацыяцыя, названая ўстанова адукацыі ды шэраг камерцыйных арганізацый.

Нагода для правядзення конкурсу была асаблівая: сёлета спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Гузікава — ураджэнца Шклова, стваральніка прататыпа сучаснага ксілафона, віртуознага выканаўцы на драўляна-саламянай гармоніцы, сканструяванай на аснове беларускага народнага інструмента брускі. Творчасцю нашага земляка захапляліся Фелікс Мендэльсон-Бартольдзі, Ферэнц Ліст, Жорж Санд, а канцэрты з яго ўдзелам ладзіліся ў канцэртных залах Вены, Парыжа, Адэсы, Берліна, Вільні, Львова ды Варшавы… “К” плануе прысвяціць Міхаілу Гузікаву асобны матэрыял, дзе падрабязна распавядзе пра яго біяграфію і творчыя набыткі. А пакуль магу сказаць, што на свае вушы і вочы чуў і бачыў гранне на падобнай да гузікаўскай драўляна-саламянай гармоніцы. Такі нумар прадставіў на адкрыцці конкурсу лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст аркестра Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Аляксандр Зубко.

/i/content/pi/cult/581/12786/2-2.jpg

Падчас фэста. / Фота аўтара

Але вярнуся да самой імпрэзы. Як адзначыў “К” старшыня Беларускай перкусійнай асацыяцыі, канцэртмайстар групы ўдарных інструментаў сімфанічнага аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а таксама старшыня журы конкурсу Уладзімір Судноўскі, мерапрыемства сабрала ў сталіцы больш за дваццаць удзельнікаў з Мінска, Брэста, Віцебска, Магілёва ды Маладзечна. Хлопцы і дзяўчаты рознага веку цягам двух дзён выконвалі на ксілафонах і марымбах творы Баха, Моцарта, Чайкоўскага і многіх іншых вядомых кампазітараў. (Марымба — гэта “своеасаблівы” родзіч ксілафона, а граюць на гэтым інструменце спецыяльнымі палачкамі з абматанымі ніткамі ці гумовымі галоўкамі. Яна адрозніваецца ад ксілафона дыяпазонам і тэмбрам — і, адпаведна, памерам клавіш і рэзанатараў. Як у ксілафона, рэзанатар — металічная або драўляная трубка, падвешаная вертыкальна пад клавішай.)

На ўрачыстым закрыцці конкурсу былі абвешчаны пераможцы ў дзвюх прадстаўленых намінацыях. Хлопцы і дзяўчаты атрымалі не толькі дыпломы, але і каштоўныя прызы ды падарункі — усё дзякуючы спонсарам і арганізатарам мерапрыемства. А наступны конкурс, па словах Уладзіміра Судноўскага, плануецца зладзіць не раней чым праз два гады. Будзем чакаць новых удзельнікаў і новых выканаўцаў: ксілафонная традыцыя ў Беларусі даўняя і вядома далёка за межамі нашай краіны…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"