Скансэн з крэатывам

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

У Год культуры спаўняецца 40 гадоў з дня нараджэння адной з самых цікавых і адметных музейных устаноў нашай краіны — Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

Нейкага ўрачыстага мерапрыемства з нагоды “круглай” даты, як патлумачыў “К” дырэктар музея Эдуард Багдановіч, ладзіць у Азярцы не плануюць. Але гэта не значыць, што музейшчыкі на свята забыліся.

— Фактычна ўсе нашы акцыі, імпрэзы, падзеі, што сёлета ўжо адбыліся ці адбудуцца ў нашых наваколлях, праходзяць пад знакам святкавання 40-годдзя музейнай установы, — кажа кіраўнік айчыннага скансэну. — Гэта і Масленіца, і гуканне вясны, і Купалле...

Сярод будучых цікавых мерапрыемстваў, што плануюць зладзіць у Азярцы, — правядзенне “Беларускага weekend”у, фестывалю званарства, міжнароднай навуковай канферэнцыі ды многае іншае. Як ужо адзначалася ў мінулых нумарах “К”, крэатыў музейшчыкаў дае значны фінансавы плён. Так, за 2015 год установа культуры зарабіла ў лік пазабюджэтных даходаў 2 мільярды рублёў. А з такім неабыякавым падыходам да справы, які апошнім часам дэманструюць супрацоўнікі скансэну, у юбілейны год дадзеная лічба павялічыцца…

Акрамя таго, як распавёў Эдуард Багдановіч, сёння поўным ходам ідзе рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы з вёскі Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Названы помнік архітэктуры, пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя, прэзентуе падняпроўскую школу цесляроў, сталяроў і разьбяроў ды мае ўнікальныя архітэктурныя формы і планіроўку храма. У музейнай экспазіцыі можна будзе ўбачыць розныя экспанаты, якія паходзяць з царквы: абразы, панікадзіла, распяцце, разныя дзверы і іншыя рарытэты. Акрамя таго, музейшчыкі прадставяць тут беларускую разьбу, падняпроўскі іканапіс, царкоўныя кнігі, адзенне святароў і іншае царкоўнае начынне. Урачыстае адкрыццё адрэстаўраванага помніка архітэктуры запланавана на верасень.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"