Нас пакінуў апошні народны паэт Беларусі...

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Ніл Гілевіч (1931 — 2016)
29 сакавіка вечарам прыйшла сумная вестка — памёр народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Ніла Гілевіча яго родным.

/i/content/pi/cult/581/12783/2-3.jpgмПрэс-служба беларускага Лідара зазначае, што ў спачуванні, у прыватнасці, адзначана: “Творчасць Ніла Гілевіча блізкая чытачам розных пакаленняў і па праву займае асаблівае месца ў айчыннай літаратуры. У яго паэзіі знайшлі адлюстраванне высокія маральныя ідэалы, любоў да Радзімы, павага да народа”. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што памяць пра Ніла Гілевіча як аб адным з яркіх майстроў слова захаваецца ў сэрцах прыхільнікаў беларускай літаратуры.

Калектыў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуе ў сувязі з вялікай стратай, якую панесла беларуская культура, — смерцю народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча ГІЛЕВІЧА, і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

Калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” смуткуе з прычыны смерці народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча ГІЛЕВІЧА і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

Калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” выказвае свае шчырыя спачуванні былому першаму намесніку дырэктара ўстановы, колішняму галоўнаму рэдактару часопіса “Мастацтва” Міколу Сымонавічу Гілю (Гілевічу) з прычыны смерці брата — народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча ГІЛЕВІЧА.

Гэта публікацыя вершаў Ніла Сымонавіча — унёсак ў вянок памяці сапраўды народнага Паэта нашай зямлі.

Жыта, сосны і валуны

Дзе па роднай зямлі ні крочыў —

Скрозь — ад Прыпяці да Дзвіны —

Перш за ўсё мне ласкалі вочы

Жыта, сосны і валуны.

Дзе ў далёкіх маіх вандроўках

Я ні сніў аб Радзіме сны —

Паўставалі ў іх зноў і зноўку:

Жыта, сосны і валуны.

I па самай высокай мерцы

Мне ўжо ясна, што да труны

Данясу я не шмат у сэрцы:

Жыта, сосны і валуны.

О, сябры! Калі нешта значыць

Мой усім вам паклон зямны —

Хай і цень мой з пагорка бачыць

Жыта, сосны і валуны.

 

Паклон табе, мой беларускі краю!

Ты — мой, я — твой: ад роду і навек.

Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю

Твой ліст дубовы — як чароўны лек.

За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,

За шчасце звацца іменем тваім —

Паклон, паклон табе, мой родны краю!

Ты — мой, я — твой: усюды і ва ўсім!

 

Iсцiна, адвечная, як свет:

Шчасце ходзiць толькi ў пары з горам.

За надзеяй — боль зняверу ўслед.

За пашанай — прынiжэння сорам.

За святлом знаходкi — горыч страты,

За агнём любвi — разлукi снег.

За абдымкамi — падножка здрады...

Iсцiна, адвечная, як свет.

 

Брат мой! Братка мой! Братачка родны!

Адкажы — сам сабе адкажы:

Чым зрабіўся табе непрыгодны

Скарб бясцэнны тваёй жа душы?

Ад чаго так бяздумна, бязмоўна

Ты яго выракаешся сам?

І чаму табе так усё роўна,

Што аборай становіцца храм?

Ці таму, што калісьці падступна

Растапталі твой шчыры давер?

Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,

Вытраўляліся ўсходы твае?

Што ў стагоддзях варожыя збродні

Распіналі твой лёс на крыжы?

Брат мой, братка мой, братачка родны,

Адкажы — сам сабе адкажы!

Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,

I канаў, і сыходзіў крывёй,

I жывым ты гарэў, а ніколі

Не саромеўся мовы сваёй.

Схамяніся ж, ачніся, агледзься!

Ды разваж, ды раздумай як след:

Што пакінеш ты з поля ў налецце?

З чым нашчадкі пакажуцца ў свет?

Ці паверыў, што род твой бясплодны,

I свой лёс прамяняў на чужы?..

Брат мой! Братка мой! Братачка родны!

Адкажы. Сам сабе адкажы!

 

Ты кажаш, я не ведаю вайны,

Што мне было тады гадоў замала.

Чаму ж яна мае забрала сны?

На ўсё жыццё наперад сны забрала?

Чаму ж амаль не кожнае начы

Я прачынаюся, скаваны жахам?

Хачу ад смерці лютай уцячы —

I стрымгалоў бягу аўсом няжатым,

Паўзу бульбянішчам па баразне,

Да хмызняку куляюся па пожні,

Але ратунку мне няма і ў сне —

У вочы стрэл грыміць у міг апошні...

 

Спявайце, юныя паэты!

Спяліце ў бурах пачуцця

Неўтаймаваны боль планеты,

Непераможны крык жыцця!

Магчыма, вам якраз і здзейсніць

Дзядоў вялікіх запавет:

Узняцца так на крыллях песні,

Каб чуў і бачыў цэлы свет!

Назло прарокам самазваным,

Што глуха каркаць пачалі,

Спявайце спевам нечуваным

На мове любай вам зямлі!

Спявайце, помнячы нязменна:

Пакуль паэты будуць пець —

Не быць Радзіме безыменнай,

Зямлі бацькоў — не анямець!

 

Вы шуміце-шуміце нада мною, бярозы,

Калышыце-люляйце свой напеў векавы,

А я лягу-прылягу край гасцінца старога

На духмяным пракосе недаспелай травы.

А я лягу-прылягу край гасцінца старога

Галавой на пагорак, на высокі курган.

А стамлёныя рукі вольна ўшыркі раскіну,

А нагамі ў даліну, хай накрые туман.

Вы шуміце-шуміце нада мною, бярозы,

Асыпайце-мілуйце ціхай ласкай зямлю.

А я лягу-прылягу край гасцінца старога,

Я здарожыўся трохі, я хвілінку пасплю.

Вы шуміце-шуміце нада мною, бярозы,

Асыпайце-мілуйце ціхай ласкай зямлю.

А я лягу-прылягу край гасцінца старога

На духмяным пракосе недаспелай травы.

 

Я хаджу, закаханы у твае краявіды,

І шапчу, як прызнанне: о, мой край дарагі!

Зноў нясу табе ў споведзь і трывогі, і крыўды,

І надзеі, і ўцехі, і любоў, і грахі...

Пасля доўгіх расстанняў і далёкіх вандровак

Я вярнуся навекі ў засень клёнаў тваіх.

Толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве —

Як не дрэвам, хоць кветкай

прарасту для жывых.