І помнік Вадзяніку…

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

У свой час вельмі ўразіў Сенненскі раённы дом рамёстваў. І маштабнымі вытворчымі плошчамі, і разнажанравасцю дзейнасці, і якасцю работ, выкананых у традыцыйным беларускім стылі. Прынамсі, арыгамі, ікебанай і бісерапляценнем тут не займаюцца. Мацуюць сваё, спрадвечнае. З гэтай прычыны раз-пораз і звяртаюся да згаданай знакавай для раёна ўстановы. Заўжды штосьці цікавае знаходжу.

Дык вось, у Сянно ўпершыню праведзена адкрытае абласное свята-конкурс народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”. За рэканструкцыю мясцовых строяў (ад сялянскіх да шляхецкіх) Сенненскаму РДР прысуджана другое месца. А лепшым майстрам Віцебшчыны прызнана Вольга Квашко — дырэктар Сенненскага дома рамёстваў.

Інакш кажучы, на гэтай зямлі ёсць каму працягваць справу беларускага гісторыка мастацтва Міхаіла Кацара, які нарадзіўся ў вёсцы Клімавічы Сенненскага раёна і ўсё жыццё даследаваў нашы арнамент, ткацтва, вышыўку.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама Сяргей Мяцеліца паведаміў, што за мінулы год установа выканала план па аказанні насельніцтву платных паслуг (20 мільёнаў рублёў) на 170 %. Гэта адзін з самых важкіх паказчыкаў сярод мясцовых устаноў культуры.

Сёлета, каб пазабюджэтная дзейнасць не зніжала эфектыўнасці, на базе РДР створана батлейка, набыта новая муфельная печка. Сур’ёзным стымулам для таго, каб якасных сувеніраў хапала і для сувенірнага салона (дзейнічае ў сценах РДР), і для мясцовага музея, з’явілася тое, што сёлета Сянно стане сталіцай абласных дажынак.

А сувеніры, сапраўды, не толькі якасныя, але і арыгінальныя. Да прыкладу, падставай для цэлай “лініі” работ стала асоба і творчасць Матроны Маркевіч. Яна, як вядома, праславілася тым, што яшчэ на пачатку XX стагоддзя вышыла ручнік, арнамент якога быў потым перанесены на Дзяржаўны сцяг Беларусі. Дарэчы, летась у райцэнтры быў усталяваны помнік знакамітай зямлячцы.

Яшчэ адным “натхняльнікам” сувенірнай творчасці стаў… Вадзянік з Сенненскага возера, апеты Уладзімірам Караткевічам. Па словах Сяргея Мяцеліцы, у планах — паставіць помнік і гэтай міфалагічнай істоце.

Знайшоўся і яшчэ адзін рэзерв павышэння выніковасці пазабюджэтных шчыраванняў РДР. Раней медалі для пераможцаў спартыўных спаборніцтваў і для выпускнікоў школ замаўляліся ў вобласці, цяпер за іх выраб бярэцца Раённы дом рамёстваў. Разваротлівасці ўстановы застаецца пазайздросціць.

Дамова на рэалізацыю сувенірнай прадукцыі заключана з адной з аграсядзіб. У памяшканнях яе ўжо прадстаўлены карціны, разьба па дрэве і кераміка, аўтарамі якіх сталі шэсць майстроў РДР.

І чарговая навіна. У спісе пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” аказаліся 16 прапаноў з Віцебшчыны. У іх ліку — і ініцыятыва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама “Адраджэнне нацыянальнага касцюма сенненскага строя”. Грант будзе выкарыстаны для наладжвання працы трох ткачых (адзін станок ужо набыты) і чатырнаццаці школьнікаў, якія займаюцца ў гуртках РДР.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"