У вясельным вянку на дзяжы

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

У Наваянчынскім доме фальклору (Барысаўскі раён), які працуе з 2012 года, 27 лютага гурт “Суседкі” павіншаваў з залатым вяселлем дзве пары аднавяскоўцаў.

/i/content/pi/cult/576/12677/10-3.jpg“Суседкі” — заўсёды ініцыятары святкаванняў, і аднавяскоўцы да іх задум ахвотна далучаюцца. У Наваянчыне святкуюць Каляды, Масленку, Саракi, Сёмуху, Купалле, Спас... Падчас Пiлiпаўскага паста ладзяць вячоркі, на другі дзень Вялікадня ходзяць у валачобнікі.

Мастацкі кіраўнік дома фальклору і самога гурта Раіса Анікеева распавяла, што раней карысталася попытам наваянчынская вясельная праграма: маладыя прыязджалі з барысаўскага ЗАГСа. Зараз “Суседкі” збольшага “паказваюць” вяселле падчас канцэртных выступаў.

У віншаванні сем’яў Жук (Соф’я Рыгораўна і Рыгор Сцяпанавіч) і Мажэйка (Яўгенія Сцяпанаўна і Анатоль Мікалаевіч) з залатым вяселлем атрымалася сумясціць сучасныя і традыцыйныя элементы. Гучалі вершаваныя пажаданні, “маладым” дарылі падарункі і букеты, крычалі “Горка!”, яны танчылі вясельны вальс. А Яўгенія Сцяпанаўна была ў тым жа вясельным вянку, у якім выходзіла замуж паўстагоддзя таму. Потым, на дзяжы, яго знялі і завязалі хустку. Гарманісту Валянціну Анікееву на знак таго, што пачынаецца вяселле, павязалі на гармонік стужку. “Маладым” давялося прайсці некаторыя выпрабаванні: паказаць, што ўмеюць ткаць і вышываць, праспяваць калыханкі. Дарэчы, пра наваянчынскія калыханкі неяк зняла тэлеперадачу даследчыца Ірына Мазюк, а тэлеканал “СТБ” зрабіў цыкл пра тутэйшыя каляндарныя абрады.

Быў задзейнічаны ў імпрэзе таксама і элемент абраднасці другога дня сапраўднага вяселля: калі “падменным” маладым дораць жартоўныя падарункі і кажуць троху больш фрывольныя, чым з “праўдзівымі” падарункамі, прыказкі. Гэтым разам “маладыя” былі сапраўдныя, і да ўсяго, вопытныя. Сем’ям Жукоў і Мажэек падарылі палена, качан капусты, дзве грушы.

Не кожнай пары пашанцуе адсвяткаваць залатое вяселле ў антуражы прадметаў традыцыйнага побыту, як у Наваянчынскім доме фальклору. Калекцыя ўражвае, сустракаюцца вельмі цікавыя ручнікі, вясельныя строі.

Кульмінацыяй жа залатога вяселля стала дзяльба каравая. Які ён быў смачны!

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"