Каб не памылка…

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

У сваёй публікацыі “План без пераздач”, напісанай на падставе інтэрв’ю з першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандрам Вярсоцкім (“К” № 9), я згадваў пра тое, што шэраг раёнаў, у тым ліку Гродзенскі, “не справіліся з папаўненнем бібліятэчных фондаў за кошт 15 % ад сродкаў, выдаткаваных на развіццё ўстаноў”. На артыкул імгненна адгукнулася намеснік дырэктара па бібліятэчнай справе Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ганна Сіманенка.

/i/content/pi/cult/576/12658/4-7.JPG“Наш раён адзін з нямногіх у вобласці, хто гэты паказчык выканаў (15,9 %)”.

Так, памылка. Прашу прабачэння ў бібліятэкараў Гродзенскага раёна. Сітуацыя, у прынцыпе, прыкрая. Але, каб не гэтая памылка, я, напэўна, ніколі не даведаўся б, што… чытачы раёна наведваюць віртуальныя выставы, якія размяшчаюцца на сайце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела.

А ёсць яшчэ выставы-інсталяцыі. Да прыкладу, “Кніга і лялька” Скідзельскай гарадской бібліятэкі сямейнага чытання. Уявіце, лялькі, зробленыя бібліятэкарамі і чытачамі, размешчаны на паліцах адпаведна з тэматыкай кніг. Лялькі-траўніцы суседнічаюць з выданнямі аб прыродзе, зёлках. Лялькі-тыльды (брэнд прыдуманы нарвежскай пісьменніцай і дызайнерам Тоні Фінангер) “прэзентуюць” літаратуру пры рукадзелле і дызайн… Клас! Я такога нідзе не бачыў. Больш за тое, выстава-інсталяцыя стала мабільнай, пабывала на раённай акцыі “Свята беларускай лялькі” ў Індуры, на свяце, прымеркаваным да адкрыцця Года культуры ў Абухаве.

Сярод навінак — і выставы-вітражы. Работнікі Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэкі аформілі выставу “Сапоцкін — пасёлак шчаслівых мам”. На макеце вуліц — дамкі, а на іх — фота і звесткі пра дзяцей, унукаў і праўнукаў. Дарэчы, менавіта ў Сапоцкіне прыдуманы Бібліяноч і Кніжная бяссоніца. Аматары мінуўшчыны могуць наведаць “relikt-куток”. А вершы паслухаць запрашае салон мадам Ганны. Ёсць нават куток для асамотнення “Чытаю пад пледам увечары”. Трэба тэрмінова ў Сапоцкін выпраўляцца…

Для рэгіянальнага свята народнай творчасці “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў” прыдуманы Бібліятэчны падворак. Тут прадстаўлены выданні, прысвечаныя раёну і каналу.

Ладзіцца акцыя “Біблясэлфі”, а з мінулага года рушыў “Бібліякараван” — новая форма прафесійнай вучобы, якая кожны раз ладзіцца ў новым паселішчы раёна. Дарэчы, сёлета “Бібліякараван” цалкам прысвечаны Году культуры і будзе распавядаць пра канкрэтных літаратурных творцаў і іхнія кнігі.

Кожны раз па-новаму святкуецца Дзень бібліятэк. Летась, напрыклад, ладзіўся “Літаратурны кірмаш”. Сёлета на Дзень бібліятэк мяркуецца запрасіць ветэранаў бібліятэчнай справы. Для іх будзе арганізаваны краязнаўчы турыстычны круіз “Запаветныя куткі Гродзенскага раёна”.

Асобная гаворка — пра дзейнасць бібліятэкі “на колах”. Нядаўна ў шэраг паслуг тут уключаны адрасныя віншаванні чытачоў аддаленых населеных пунктаў і калядныя, навагоднія віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі…

Так што ў бібліятэчных работнікаў Гродзенскага раёна варта павучыцца, як чытаць і як атрымліваць ад гэтага максімальную асалоду.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"