Музейная тэрапія

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

У студзені ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы была зладжана праграма для дзяцей з аўтызмам пры падтрымцы Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”.

/i/content/pi/cult/574/12621/3-2.jpg

Падчас імпрэзы ў музеі. / Фота прадастаўлена ўстановай

Па словах загадчыка аддзела культурна-адукацыйнай работы ўстановы культуры Вольгі Пархімовіч, дадзенае мерапрыемства ладзілася не першы раз. Летась падобная акцыя прайшла з удзелам беларускіх пісьменнікаў-казачнікаў, а таксама спевакоў Алега Хаменкі і Алеся Камоцкага.

— Сёлетняе мерапрыемства сталася першым у шэрагу тых, якія плануецца правесці ў музеі Янкі Купалы ў 2016 годзе, — кажа Вольга Пархімовіч. — Справа ў тым, што цяпер мы распрацоўваем цыкл заняткаў для дзяцей з аўтызмам, якія дазволяць вывучаць прадметы даўніны, гісторыі, звязаныя з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры, у гульнёвай форме. Спадзяёмся, што падобныя мерапрыемствы стануць сапраўднай “музейнай тэрапіяй” для такіх дзетак.

Самае цікавае, што падобныя акцыі з дзецьмі-аўтыстамі ў беларускіх музеях дагэтуль не ладзіліся.

— Мы плануем запрашаць на нашы заняткі цэлыя класы, якія створаны пры сталічнай школе №187, пачынаючы з верасня, — кажа візаві. — Натуральна, будзем працаваць у шчыльнай звязцы з дабрачыннымі арганізацыямі.

Больш падрабязна пра будучую музейную праграму ды пра перспектывы працы з дзецьмі-аўтыстамі ў музейных установах Беларусі чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"