Абяцанні сноў

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

У музеі традыцыйнай культуры Браслава адкрылася выстава жывапісу мастака Фёдара Ястраба: напрыканцы мінулага года яна дэманстравалася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дзякуючы супрацоўнікам Браслаўскага аб’яднання музеяў, родныя творцы прывезлі экспазіцыю да нас. Наша прэзентацыя супала якраз з днём нараджэння творцы.

/i/content/pi/cult/574/12620/3-3.jpgФёдар Ястраб нарадзіўся ў вёсачцы Станіслаўцы Докшыцкага раёна, але, па прызнанні родных, ён лічыў сябе глыбачанінам, бо ў час яго дзяцінства яна ўваходзіла ў склад Глыбоцкага раёна. Маляваць пачаў з дзяцінства. Карціны Фёдара Адамавіча захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Беларусь), галерэях “Цісо” (Францыя) і “Кляй-Груве” (Бельгія), Дзяржаўным мастацкім музеі Сочы, Мастацкай галерэі Унечы (Расія), прыватных замежных калекцыях і культурных цэнтрах.

Карціны сябра Беларускага саюза мастакоў, Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, мастака, галерыста, паэта, аўтара і прадзюсара звыш 80 міжнародных праектаў, удзельніка больш чым 120 выстаў прывезлі ў Браслаў яго ўдава Арына і сын Віктар. Дзякуючы ім у браслаўчан з’явілася магчымасць пазнаёміцца з творчасцю таленавітага чалавека.

— Мне вельмі прыемна сёння знаходзіцца сярод вас, адчуваць цікавасць да Фёдара, — адзначыла падчас адкрыцця выставы Арына Ястраб. — У апошнія гады ён пачаў пісаць санеты пра Радзіму, каханне, роздумы на розныя тэмы. За два гады іх было напісана амаль дзве тысячы. Так праявілася яшчэ адна грань яго творчасці. І вось нядаўна быў надрукаваны першы том санетаў “Абяцанне сноў”, рыхтуецца яшчэ чатыры.

Пачуць санеты Фёдара Ястраба наведвальнікі мерапрыемства змаглі ў выкананні гімназістаў, а музычна выставу абрамілі выкладчыкі Дзіцячай школы мастацтваў Альберт Бялусь і Таццяна Саковіч.

Мастак пайшоў з жыцця ў 2014 годзе, але пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. У яго карціны трэба ўглядацца, удумвацца, і тады атрымаецца ўбачыць задуму аўтара. Яны вельмі яркія, экспрэсіўныя, неардынарныя.

Выстава будзе дэманстравацца да 30 сакавіка, пасля, магчыма, адправіцца ў суседнія раёны і на “Славянскі базар у Віцебску”.

Алена НАБЕЕВА

Браслаў