Леў Алімаў. "Дзень ухвалення".
Гэты творца віртуозна валодае тэхнікай афорта. Яго працы неаднойчы прызнавалі найлепшымі ўзорамі графікі малых формаў далёка за межамі радзімы.
Жыццёвы шлях Алiмaва, як і многіх іншых творчых асоб, складаўся з шэрагу заканамернасцяў, уплываў, вызначаных традыцый і, вядома, выпадку. Яго бацька быў выдатным каліграфам, чый дар, відаць, на генетычным узроўні перадаўся сыну. У Маскоўскім мастацкім вучылішчы Памяці 1905 года Леў Алімаў скончыў аддзяленне прамысловай графікі. Дзякуючы мастаку Міколу Селешчуку, экслібрыс Алімава ў 1985 годзе трапіў на выставу ў Германію. Так пачалася выставачная дзейнасць і прыйшла вядомасць за мяжой.
Што ж прыцягвае ў эстампах Льва Алiмaва? Кожны твор ненавязліва запрашае гледача на інтымную размову-падарожжа. Праходзіць некалькі хвілін, і лініі, энергічныя рыскі, украпванні яркай акварэлі завалодваюць увагай, зачароўваюць. Магнетычная сіла утрымлівае погляд на афортах творцы. Фантастычны сюжэт, мудрагелiстыя формы пачынаюць здавацца натуральнымі і рэальнымі. З лёгкасцю ўяўляеш, што ўсё гэта можа існаваць на самой справе, няхай і ў нейкім тагасвецці.
Экспазіцыю ў галерэі склалі работы амаль за трыццаць гадоў. Асабліва цікавыя афорты апошніх гадоў, такія, як “Агульная песня” (2014 — 2015), “Псіхадэлічны эцюд” (2009), “Каламбур picture” (2014 — 2015). Тут мікракосм мастака, ягоны дзённік жыцця. Сцэны ўяўляюць з сябе спляценне мініяцюрных дэталяў і персанажаў, розных імёнаў, тонкіх іранічных нататак на тэмы паўсядзённасці, прачытаць якія можна часам пры дапамозе люстэрка. Фрагментарнасць кампазіцыі гэтых работ ашаламляльна адрозніваецца ад эстампа “Далягляд” (2013). Чысты мінімалізм і дасканалая геаметрыя складанага колеру, падсветленая белізной самога ліста паперы, ствараюць атмасферу паветранай прасторы і бясконцасці. Глыбокi друк і аўтарская тэхніка ў афортах “Астылы гром” (2003), “Улюбёнае надвор’е” (2003), “Хмара” (2004) прыцягваюць прыгажосцю насычанага тону, святлоценевых мас і жывога, суцэльнага ладу пейзажу. Штрых тут ахінальны, амаль расплывісты, якi ўцягвае гледача ў стан лірычнага перажывання.
На выставе вялікую цікавасць выклікае афорт “Дзень падзякі” (2002 — 2004), які будзе прадстаўлены ў некалькіх этапах стварэння. Наведвальнікам даецца шанц патрапіць у творчы працэс і прасачыць, як змянялася карціна.
Афорты “Вялікая хваля на Гудзоне” (1995 — 1997), “Народжаны ў масцы” (1992 — 1999), “Старая яблыня” (1986), “Госць з Чарнобыля” (1992) захоўваюцца ў калекцыях розных музеяў свету. Іх сэнсавая напоўненасць выходзіць за рамкі простага сузірання. Абраны калісьці сюжэт сёння, праз шмат гадоў, праз прызму падзей асэнсоўваецца ўжо інакш. Некаторыя з іх проста ўнікальныя, бо пласціны ўжо знішчаны.
Ульяна ФЯДОТАВА, мастацтвазнаўца