Госці тыдня

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

Міжнародны музычны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае" ў чацвёрты раз прайшоў гэтым тыднем. Прывітанне гасцям і ўдзельнікам форуму накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, назваўшы форум "адным з самых яркіх музычных праектаў, скіраваных на захаванне і папулярызацыю акадэмічнага мастацтва". Праанансаваў праграму сам маэстра Співакоў 15 лютага на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі. 16-га ён прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці форуму ў Нацыянальным акадэмічным Тэатры оперы і балета краіны. 17 лютага народны артыст СССР ахвотна правёў нефармальную сустрэчу са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (самыя цікавыя моманты з размовы чакайце ў наступных нумарах "К"). А 18-га Уладзімір Тэадоравіч выступіў на сцэне Магілёўскай абласной філармоніі. На гэтым тыдні ў Мінск завітаў са спектаклем “П’ер Рычард ІІІ” знакаміты французскі акцёр П’ер Рышар. На прэс-канферэнцыі ён сказаў, што з задавальненнем зняўся б у беларуска-французскім фільме: “І ў Беларусь я з задавальненнем прыехаў бы дзеля здымак. Калі ў вас ёсць рэжысёры, якія хочуць прапанаваць сцэнарый, няхай зробяць тое. Я люблю лес, і калі б падзеі у фільме разгортваліся недзе ў сельскай мясцовасці, мне гэта спадабалася б. Нешта накшталт гісторыі пра француза які цалкам згубіўся ў беларускіх лясах. І, дарэчы, мне гэта лепш за ўсё удаецца: губляцца!” Таксама Рышар зазначыў, што, у адрозненне ад калегі Жэрара Дэпардзьё, яму нецікава ўвасабляць гістарычных асоб. Непрыкметны чалавек бліжэй характару мсье П’ера. Адзіная падобная роля, якая яго зацікавіла б, — пісьменнік Леў Талстой.

/i/content/pi/cult/574/12613/6-2.jpg

/i/content/pi/cult/574/12613/6-1.jpg

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст
Аўтар: Таццяна МАТУСЕВІЧ
рэдактар інтэрнэт-рэсурса газеты "Культура" kimpress.by