Як адзначыў у сваім дакладзе міністр, “ад запланаваных тэмпаў адстае інфарматызацыя публічных бібліятэк. На сённяшні дзень камп’ютарызаваны 81,2 % ад іх агульнай колькасці, пры гэтым каля 30 % камп’ютараў не маюць выхаду ў Інтэрнэт, што можна разглядаць як неэфектыўнае выкарыстанне набытага абсталявання. Каля паловы камп’ютарнага парку (48,7 %) патрабуе мадэрнізацыі. Звяртаю ўвагу мясцовых органаў улады на неабходнасць завяршэння поўнай камп’ютарызацыі публічных бібліятэк, у тым ліку з прыцягненнем уласных сродкаў арганізацый і спонсарскіх сродкаў”.
Сапраўды, агучаная праблема наспела ўжо даўно. Сёння камп’ютар з Інтэрнэтам — рэч не проста неабходная, а паўсядзённая. Памятаеце савецкі лозунг: “Аўтамабіль — не раскоша, а сродак перасоўвання”? Так і з ПК: за часы свайго існавання камп’ютар з Сецівам стаўся для многіх сродкам зносін паміж сябрамі ці калегамі па працы, крыніцай атрымання інфармацыі з усяго свету, працоўным месцам, за якім некаторыя праводзяць дні і нават гады жыцця…
На жаль, у многіх бібліятэках — асабліва ў сельскіх — пра ўніверсальнасць камп’ютара з выхадам у Інтэрнэт адно толькі мараць. Бо калі ў бібліятэчнай установе камп’ютар выкарыстоўваецца толькі для набору тэксту, нібыта колішняя друкарка, дык што гэта за дасягненне навукова-тэхнічнага прагрэсу? Гэта проста нонсэнс!
Але гэты “нонсэнс” мне і калегам, на жаль, даводзілася неаднаразова сустракаць падчас камандзіровачных выездаў у многія раёны Беларусі. І гэта нягледзячы на той факт, што Дзяржпраграма “Культура Беларусі на 2011 — 2015 гады” значна паспрыяла камп’ютарызацыі айчынных бібліятэк...
Вось толькі пару красамоўных фактаў. Скажам, у Крупскім раёне Мінскай вобласці з 12 бібліятэк камп’ютары сёння ёсць у 10-ці, а падключаны да Інтэрнэту толькі 8 бібліятэчных устаноў. Як кажа намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Таццяна Мельнік, падключэнне да Сеціва і мадэрнізацыя камп’ютарнага абсталявання ў бібліятэках раёна адбудзецца ў самым хуткім часе.
Тое самае — на Клеччыне. Як адзначыла начальнік аддзела ІРКСМ Клецкага райвыканкама Святлана Чалык, усе 17 сельскіх бібліятэк маюць камп’ютарнае абсталяванне, а вось выхад у Інтэрнэт — толькі 15 з іх. І іх таксама мяркуюць абсталяваць выхадам у Сеціва цягам бліжэйшага часу…
На Гродзеншчыне справы крыху лепш. Па словах Наталлі Сенюць, начальніка аддзела ІРКСМ Астравецкага райвыканкама, падключаны да сеткі Інтэрнэт 100% бібліятэк раёна. Праўда, і тут у справе абнаўлення камп’ютарнага парка ёсць свае складанасці. У раёне гэтае праблемнае пытанне, як кажа кіраўнік сферы, вырашаюць з дапамогай бюджэтнага і пазабюджэтнага фінансавання. Скажам, днямі Астравецкая ЦБС заняла другое месца сярод усіх цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Гродзеншчыны і была прэміраваная вельмі якасным камп’ютарам…
Па прыкладзе сваіх калег працуюць і на Воранаўшчыне. Як кажа кіраўнік мясцовай сферы культуры Алена Ястрэмская, нягледзячы на 100-працэнтную камп’ютарызацыю бібліятэк з выхадам у Сеціва, ПК у іх абнаўляюцца паступова і па меры наяўных сродкаў. Па словах начальніка аддзела, у гэтай справе ім вельмі дапамагла Дзяржпраграма “Культура Беларусі на 2011 — 2015 гады”…
Што ж, можна спадзявацца, агучанае міністрам культуры праблемнае пытанне з цягам часу ўсё ж такі будзе вырашана. І ўсе беларускія бібліятэкары замест “друкарак” займеюць магчымасць ствараць у Сусветным павуцінні свае сайты і групы ў сацыяльных сетках, будуць працаваць з замежнымі і айчыннымі спонсарамі праз Сеціва ды папулярызаваць свае цікавыя бібліятэчныя праекты...
А пакуль што мы, на жаль, познімся і адстаём. Нягледзячы на тое, што ў начным небе ўжо не першы год можна бачыць беларускія спадарожнікі… Ведаючы пра гэта, глядзець на экран старога камп’ютара без выхаду ў Інтэрнэт у сельскай бібліятэцы асабліва крыўдна…
Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"