Бажніца з экспедыцыі Ластоўскага

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

У адной з хат Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту днямі з’явілася рэканструкцыя ўнікальнага прадмета — бажніцы. Гэта драўляная шафка ў покуці, пакрытая ўзорыстым ручніком, дзе захоўваліся абразы і рытуальныя прадметы: свянцоная вада, соль, крэйда, грамнічная свечка. Некаторыя навукоўцы лічаць, што бажніца — архаічная з’ява, што з’явілася ў дахрысціянскі час, калі на ёй захоўваліся пенаты — фігуркі хатніх багоў.

/i/content/pi/cult/573/12610/3-1.jpg

Бажніца, адрэстаўраваная ў музеі, і фота яе прататыпа, выяўленага Вацлавам Ластоўскім.

Беларусы называлі гэты прадмет таксама “ківот”, “багоўня”. Бажніца была сямейнай рэліквіяй — як дзяўчына рыхтавала да вяселля пасаг, так малады мужчына рабіў бажніцу для першых сямейных абразоў.

Самыя раннія беларускія бажніцы, інфармацыю пра якія знайшлі, — прадметы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, зафіксаваныя экспедыцыяй кафедры этнаграфіі Інстытута беларускай культуры пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага, якая праходзіла летам 1929 года па маршруце Слуцк — Асташкавічы. Бажніцы, знойдзеныя падчас экспедыцыі, захоўваліся ў Беларускім дзяржаўным музеі, але зніклі падчас Вялікай Айчыннай вайны і да сёння не выяўлены ні ў адным зборы. Фотаматэрыялы экспедыцыі Ластоўскага таксама былі вывезены ў ваеннае ліхалецце за мяжу. Зараз яны — у бібліятэцы Лонданскага ўніверсітэта. Копіі гэтых здымкаў былі перададзены айцом Аляксандрам Надсанам прафесару Адаму Мальдзісу. Пра матэрыялы экспедыцыі Вацлава Ластоўскага пісала і сучасніца — даследчыца Вольга Лабачэўская.

/i/content/pi/cult/573/12610/3-4.jpg

Сёння мы маем доступ да шасці здымкаў з выявамі бажніц. Пад чатырма з іх ёсць подпісы, зробленыя рукой Вацлава Ластоўскага, з якіх вынікае, што прадметы зафіксавалі ў вёсках Асташкавічы (сучасны Светлагорскі раён), Давыдавічы і Лесец (Калінкавіцкі раён). Вось адзін з подпісаў: “Бажніца драўляная пісаная плоскай разьбой, да камплекту не стае толькі вечка ад скрынкі. Куплена за 2 рублі ад Агаты Крупенка з в. Асташкавічы. Бажніца роблена гадоў 70 таму назад, рабіў дзядзька Лявон. 4.VII.29.”

Супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту было вырашана зрабіць па захаваным здымку першую рэканструкцыю менавіта гэтай бажніцы і экспанаваць яе ў адной з самых старых хат музея. Рэканструкцыю рабілі знакамітыя разьбяры па дрэве — сям’я Лёляў. Яны паўтарылі старажытную разьбу, якая мае назву трохгранна-выемчатая, частым матывам у ёй з’яўляецца шматпрамянёвая разетка — колішні знак сонца. Такой разьбой, падобнай на карункі, быў некалі ўпрыгожаны арыгінал.

Наталля ГЕРМАЦКАЯ, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту