Знайшлі спачынак мастака

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Летась у Слаўгарадзе на гарадскіх прыхадскіх могілках адшукана магіла вядомага рускага мастака ХІХ стагоддзя Фёдара Тулава. Майстар партрэта (вядома больш за 60 ягоных работ), пісаў ён і іконы. Тулаў — выхадзец з прыгонных сялян, але ў свой час атрымаў вольную.

/i/content/pi/cult/573/12608/3-2.jpgАдна з ранніх яго работ “Партрэт Канстанціна Тулава” датуецца 1811 годам. Вядома, што ў 1810-х Фёдар Андрэевіч пісаў партрэты членаў сям’і і блізкіх князя Шахаўскога ў ягоным маёнтку Белая Коўп расійскай Калужскай губерні. Фёдар Тулаў меў ад Імператарскай акадэміі мастацтваў званне мастака XIV класа. Вядома пра ягоныя захапленні механікай і астраноміяй, а таксама пра наведванне жывапісцам Пецярбурга ў 1852 годзе.

Акрамя гэтых звестак, якія можна знайсці пра Тулава (1792 — 1855) у любым даведніку (а 1 лістапада 2015 года споўнілася 160 гадоў з дня яго смерці), цікавіў наступны факт: з 1830-га жывапісец жыў і працаваў у Прапойску — сённяшнім Слаўгарадзе — у маёнтку графа Бенкендорфа. Таму ў апошнія дні мінулага года навуковы супрацоўнік Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Андрэй Кавалёў па накіраванні Абласнога мастацкага музея імя Масленікава займаўся пошукамі магілы Фёдара Тулава. І вось 29 снежня і магіляўчане пабывалі на прыхадскіх могілках ля пліты жывапісца.

Прызнацца, гэтая асоба цікавіла мяне даўно. У 1998 годзе давялося браць удзел у гарадской навуковай канферэнцыі “Мікалай Рыгоравіч Гартынскі (1799 — 1887) і яго час” з дакладам “Мастак Фёдар Тулаў і жыццё яго партрэтаў”. Пазней пра творцу быў зняты дакументальны фільм. У 2014 годзе давялося наведаць Калужскі мастацкі музей і пазнаёміцца з калекцыяй партрэтаў Тулава. Аднак самыя вядомыя яго палотны захоўваюцца ў Эрмітажы, Рускім музеі.

/i/content/pi/cult/573/12608/3-5.jpgНадмагілле Фёдара Тулава на слаўгарадскіх могілках.

Што да ўнёску Магілёўшчыны, дык сёлета вырашана правесці Міжнародны пленэр па жывапісе, прысвечаны Фёдару Тулаву...

Святлана СТРОГІНА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава