Выступае Наталля Качанава; Наталля Качанава аглядае выставу ў фае Палаца культуры Маладзечна разам з яго дырэктарам, членам Савета Рэспублікі Святланай Сарока.
Год культуры, зазначыла яна, — знакавы, вельмі важны для кожнага з нас, для ўсёй галіны, і тычыцца ён, апроч уласна культурных дзей, і культуры паводзін, і адносін адно да аднаго, і многіх іншых бакоў жыцця.
Давер народа неабходна апраўдаць, падкрэсліла Наталля Качанава. А давер гэты ёсць. Таму кадравае пытанне — першаступеннае. Кадры трэба вырошчваць, цаніць, звяртаць увагу на тое, каб маладыя спецыялісты былі зацікаўлены ў падаўжэнні кантрактаў па месцы працы, што стала для іх першым. Гэтак жа, на думку Наталлі Качанавай, не павінна губляцца пераемнасць у моладзі са старшым пакаленнем прафесіяналаў.
У рэгіёнах, па словах віцэ-прэм'ера, нямала годных творчых калектываў, творчых асоб. На рэспубліканскім узроўні варта пастаянна падтрымліваць стасункі з імі. Красамоўны прыклад — выязная калегія Міністэрства культуры, што адбылася ў Маладзечне, абвешчаным сёлета Культурнай сталіцай Беларусі. Намеснік Прэм’ер-міністра, у прыватнасці, падкрэсліла:
— Усё, што сёння адбываецца ў нашай сталіцы ў галіне культуры, у поўнай меры мае быць рэалізавана ў рэгіёне.
Віцэ-прэм’ер пераканана, што патэнцыял нацыянальнай культуры недастаткова выкарыстоўваецца для развіцця культурнага турызму, сувенірнага бізнесу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А тыя магутныя магчымасці павінны працаваць на імідж нашай краіны за мяжой.
Спынілася Наталля Качанава і на якасці работы галіны. Тэатральныя пастаноўкі, музычныя праграмы, выставачныя праекты павінны прыцягваць усё большую колькасць наведвальнікаў музеяў, кіназалаў, тэатраў, бібліятэк.
— Да аптымізацыі трэба падыходзіць асцярожна, — зазначыла Наталля Качанава. — Яна — не дзеля скарачэння работнікаў, а дзеля павышэння эфектыўнасці работы галіны.
Гаворка ў выступленні віцэ-прэм’ера таксама ішла пра рэканструкцыю аб’ектаў культуры, пра выпрацоўку стратэгіі паэтапнага абнаўлення матэрыяльнай базы.