Платформа ў Коласаўскім

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

З 2 по 6 лютага ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ўпершыню прайшоў Тыдзень камернай сцэны. Гэтая пляцоўка стала платформай для віцебскіх дзеячаў мастацтва, якіх аб’ядноўвае памкненне да сучаснага творчага эксперымента.

/i/content/pi/cult/572/12560/2-2.jpg

Сцэна са спектакля "Загадкавыя варыяцыі".

У лістападзе Коласаўскі тэатр адзначыць 90-годдзе. Перад’юбілейны настрой віруе ўжо зараз, нараджаючы новыя праекты. Як распавёў літаратурны рэдактар тэатра Алесь Замкоўскі, у коласаўцаў склалася так, што словазлучэнне “камерная сцэна” звязанае не з пэўнай пляцоўкай, а хутчэй тычыцца спектакляў, якія граюцца на невялікую публіку.

Распачынаўся тыдзень у тэатральнай гасцёўні. Тут паказвалі трылер рэжысёра Аляксандра Дольнікава “Я вольны!” па рамане сучаснай французскай пісьменніцы Амялі Натомб “Касметыка ворага”. Эстафету працягнуў сямейны псіхалагічны дэтэктыў “Кошкі-мышкі” па п’есе Аляксандра Марданя. Рэжысёр Юрый Лізянгевіч максімальна наблізіў да акцёраў публіку, расставіўшы глядацкія крэслы непасрэдна на сцэне. Мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка прапанаваў аўдыторыі пастаноўку па творы французскага драматурга Эрыка-Эмануэля Шміта “Загадкавыя варыяцыі”. Прыкметнай падзеяй стала сцэнічнае ўвасабленне артысткай Коласаўскага тэатра Ірынай Цішкевіч гісторыі пра смяротную вайну паміж маці і дачкой. Спадарыня Ірына летась заканчвае рэжысёрскае аддзяленне Акадэміі мастацтваў, і трылер Марціна Мак’Донаха “Каралева прыгажосці з Лінэна” стаўся яе дыпломнай працай. З яе ініцыятывы коласаўцы далучацца да папулярнага руху грамадскіх чытанняў сучасных п’ес. Першая спроба адбудзецца ў красавіку.

— Акрамя спектакляў, мы прапанавалі новы фармат мерапрыемстваў — паэтычна-музычныя вечары. Іх рыхтавалі вядучыя майстры сцэны Наталля Аладка і Святлана Жукоўская, — працягнуў Алесь Замкоўскі. — Са сцэны гучалі вершы і рамансы замежных, а таксама беларускіх аўтараў — Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Вярцінскага…

Дадамо, што зараз тэатральны Віцебск знаходзіцца ў прадчуванні наступнай знакавай падзеі: коласаўцы рэпеціруюць п’есу Францішка Аляхновіча “Цені”. Прэм’ера запланавана на сакавік. Між іншым, драматург з’яўляўся першым літаратурным рэдактарам тутэйшага драмтэатра.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"