Па словах майстра, дадзены творчы праект — працяг ягонай дыпломнай работы, якую Антон Бельскі выконваў падчас навучання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
— Паводле дыплома мной быў выкананы роспіс сцен храма ў 110 квадратных метраў, — распавёў “К” лаўрэат прэміі. — Але ўжо пасля заканчэння alma mater я вырашыў вярнуцца ў Баркалабаўскі манастыр і распісаць там тое, што не паспеў зрабіць. За два наступныя гады разам са сваімі памочнікамі — студэнтамі акадэміі Іванам Аношкам, Захарам Кудзіным, Сяргеем Акеньшыным і Віталем Друем — распісаў яшчэ 800 “квадратаў”.
Як кажа Антон Бельскі, падчас працы ён пастаянна ўдзельнічаў ва ўсіх манастырскіх службах, маліўся і пасціўся.
— Без малітвы да Бога і посту, як я мяркую, у мяне нічога не атрымалася б, — упэўнены візаві. — Бо менавіта тут, у манастыры, я напоўніцу зразумеў майстроў былых часоў, якія без малітвы не прыступалі да падобных спраў. Бо хоць я і рыхтаваўся, хоць вывучаў рэпрадукцыі іншых знакамітых іканапісцаў мінулага, без шчырай малітвы завяршыць гэтую працу было б проста немагчыма…
Роспіс храма — першая самастойная праца маладога майстра. Яшчэ будучы студэнтам ён удзельнічаў у падобных праектах, арганізаваных пад патранатам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Акадэміі мастацтваў. Напрыклад, у складзе студэнцкага калектыву пад кіраўніцтвам Дзяніса Чубакова ён упрыгожваў мазаікай фасады сталічнага храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне.
— Таксама я ўдзельнічаў ва ўпрыгожванні мазаікай капліцы ў польскім Беластоку, пабудаванай пры царкве Святога Духа як помнік праваслаўным беларусам — ахвярам Другой Сусветнай вайны і пасляваенных рэпрэсій, — распавёў суразмоўца. — Так што дадзеная праца не была для мяне новай: я ўжо займаўся напісаннем фрэсак і ікон. Дарэчы, з’яўляюся і аўтарам іканастаса ў тым самым храме Іаана Прадцечы Свята-Узнясенскага жаночага манастыра ў Баркалабаве.
Да слова, роспісы выконваліся адмысловай сілікатнай фарбай, якая вельмі даўгавечная і, можна сказаць, дазваляе сценам “дыхаць”. Сродкі на яе, як і на камандзіровачныя выезды Антона Бельскага і ягоных памочнікаў з акадэміі, а таксама на ўсе іншыя работы выдаткаваў мецэнат з Мінска.
У далейшым Антона чакае яшчэ шмат падобнай працы. Так, Бельскі ўжо мае планы па роспісе аднаго з храмаў Брэста.