Тур з кансультацыямі

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Леанід ЗАХЛЕЎНЫ, народны артыст Беларусі, кампазітар, мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Бяседа” Белтэлерадыёкампаніі
10 кастрычніка канцэртам у Палацы Рэспублікі наш калектыў завяршае вялікі гастрольны тур, які прайшоў пад дэвізам “Любіць Беларусь!” і ахапіў усе рэгіёны роднай краіны.

/i/content/pi/cult/555/12137/4-20.jpgМы аб’ехалі 16 гарадоў і мястэчак, а таксама выступілі ў адным з сельскіх дамоў культуры. Паўсюль — паўнюткія залы, самы гарачы прыём, бясконцыя апладысменты, чарга па аўтографы, фота з любімымі артыстамі. Кіраўніцтва ўстаноў, дзе мы выступалі, скардзілася, што мы даём толькі па адным канцэрце, бо жадаючых трапіць на яго было ў разы больш, чым маглі ўмясціць залы нават з усімі прыстаўнымі крэсламі. Мы пераканаліся: публіка, як бы ні абвінавачвалі яе ў недастатковай увазе да сваіх беларускіх артыстаў, насамрэч любіць нацыянальнае мастацтва і ганарыцца ім.

На кожным выступленні не толькі спявалі і гралі, але і распавядалі пра беларускія песні, бо хацелі, каб канцэрты разам з асалодай і святочным настроем мелі б некаторы асветніцкі ўхіл. Да таго ж, літаральна на кожным нашым канцэрце прысутнічалі ўдзельнікі аматарскіх народных калектываў, навучэнцы музычных каледжаў і каледжаў мастацтваў, іншыя музыканты-аматары, для якіх нашы выступленні ператвараліся ў своеасаблівы майстар-клас. Дый пасля канцэртаў працягваліся і абмен думкамі, і творчыя кансультацыі!

Праграму мы пастараліся зрабіць максімальна разнастайнай. Уключылі ў яе апрацоўкі беларускіх народных песень, аўтарскія песні ў народным духу, а таксама інструментальную музыку — тыя ж гармонікавыя найгрышы і нават такую папулярную класіку, як віртуозныя “Чардаш” Монці, “Венгерскі танец” Брамса, “Палёт чмяля” Рымскага-Корсакава.

Тур невыпадкова пачынаўся з Гродна, бо гэта мая радзіма. Імкнуліся мы пабываць і ў родных мясцінах іншых удзельнікаў “Бяседы”, а гэта Слуцк, Баранавічы, Слонім, Наваполацк. Увогуле ж у кожнай з абласцей, каб нікому не было крыўдна, наведалі па тры населеныя пункты. Больш падрабязна пра тыя сустрэчы і, шырэй, пра тыя мясціны, дзе мы пабывалі, можна даведацца з цыклу перадач, што здымала тэлерадыёкампанія. Штосьці ўжо выйшла ў эфір, іншыя чакацьмем: сачыце за эфірам!

“Бяседа” і па-за гэтым турам часта выступае ў розных кутках Беларусі і замежжа. Але гэты тур дадаткова ўпэўніў мяне ў думцы, што падобныя паездкі трэба рабіць часцей. Гэта патрэбна не толькі артыстам — бачыць вочы, усмешкі ўдзячных слухачоў, радавацца гасціннасці, якая заўсёды была і застаецца адной з нашых прызнаных рыс. Шчырых сустрэч з сапраўдным мастацтвам прагне і сама публіка. Людзей, неабыякавых да творчасці, у нас шмат. Але калі на тэлеэкранах мільгаюць толькі расійскія поп-зоркі, часта сумнеўнага густу, гэта ніяк не спрыяе духоўнасці. Наадварот, жывыя канцэрты, ды яшчэ з тэлеверсіяй у стане здзейсніць зрух у свядомасці людзей, закцэнтаваць увагу і моладзі і старэйшых пакаленняў на нашых нацыянальных мастацкіх здабытках. А да ўсяго, узмацніць гонар за беларускую зямлю і нашых людзей розных прафесій. А яшчэ такія выступленні ўсталёўваюць мастацкую планку, на якую павінны арыентавацца музыканты-аматары. Не ў тым сэнсе, што калі няма такога ўзроўню, дык на публіку і выходзіць нельга, а ў тым, што да яго трэба імкнуцца.

Фота hor.by

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"