“Хуткія спатканні” бібліятэкараў

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Найноўшы час патрабуе і найноўшых спосабаў кантактавання. Тут дзелавы асяродак не саромеецца пераймаць вопыт нават са сферы… кахання. Фармат “speed dating” хутка будзе адзначаць сваё дваццацігоддзе. “Хуткія спатканні”, якія ў 1998-м прыдумаў равін Якаў Дэво для шукальнікаў пары, сталі цікавымі і для... бібліятэкараў.

/i/content/pi/cult/555/12123/12-2.jpg

"Хуткія спатканні" ў сталічнай Ратушы. / Фота Навуковай бібліятэкі БНТУ

А нядаўна апошнія лічыліся даволі закрытай і кансерватыўнай “кастай”. Навуковая ж бібліятэка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ў рамках XV Навукова-практычнай канферэнцыі “Менеджмент вузаўскіх бібліятэк” зрабіла стаўку на “хуткія спатканні”, якія, дарэчы, аднойчы ўжо праходзілі ў галоўнай кніжніцы Беларусі. Сёння ж перад арганізатарамі стаяла канкрэтная амбіцыйная задача — раззнаёміць паміж сабой амаль дзве сотні чалавек, якія могуць быць карыснымі адно аднаму. Канешне, як і на любым мерапрыемстве, кантакты ў кожным разе завязаліся б, але кіраўніцтва бібліятэкі БНТУ зрабіла гэтую лічбу рэкорднай. Намеснік дырэктара ўстановы Іна Юрык распавяла пра тонкасці працэсу.

Поспех такіх “спатканняў” засноўваецца на дакладнай матэматыцы: колькі груп будзе налічваць адзін бок, колькі — іншы. Колькі хвілін спатрэбіцца ім на знаёмства і абмеркаванне спраў, колькі секунд — на пераход да наступнага стала. Да апошніх дзён каманда Навуковай бібліятэкі БНТУ не ведала канкрэтных лічбаў, бо заяўкі на канферэнцыю падаваліся і пасля заканчэння рэгістрацыі, таму цямілі на месцы. У выніку прадстаўнікі 18 выдавецтваў і агрэгатараў электронных рэсурсаў мелі магчымасць цягам сямі хвілін кантактаваць з бібліятэкарамі Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Грузіі, Украіны, Расіі, Беларусі, Польшчы, а таксама з прадстаўнікамі ВНУ, іх навуковых арганізацый (па другой катэгорыі атрымалася зноў жа 18 груп).

Па прызнанні спадарыні Юрык, галоўнае ў гэтым працэсе — дысцыпліна: “Па сігналу ўсе павінны падняцца і змяніць субяседніка. А ў межах навуковай канферэнцыі даволі складана за тым пільнаваць, хвіліна-другая — і ўсё можа сарвацца. Дапамагалі слайды, табліцы, бэйджы, вядучы з таймерам”. Важна было прадумаць і само памяшканне: плыні ўдзельнікаў не павінны былі замінаць адна адной. Спатрэбілася і дысцыпліна мыслення: выдаўцы абавязаны лаканічна і выразна прэзентаваць сябе, бібліятэкары павінны хутка і ўмела задаваць правільныя пытанні. Часу саромецца, размаўляць на адцягненныя тэмы не было, што павышала эфектыўнасць дзеі. У агуле мерапрыемства заняло дзве з паловай гадзіны.

Але ахапіла собой, насамрэч, значны адрэзак часу, бо ў выніку былі заключаны дамовы аб супрацоўніцтве (у тым ліку — міжнародным), продажы кніг, тэставых доступаў. “Мы атрымалі водгукі: удзельнікам фармат вельмі спадабаўся. Прадстаўнікі кампаній асабліва падкрэслілі, што такой колькасці кантактаў за адзін раз яны ніколі не атрымлівалі. Ім такая форма зносін падалася аптымальнай”, — паведаміла Іна Юрык. Больш за тое, ужо не першая і нават не другая ўстанова звяртаецца да Навуковай бібліятэкі БНТУ па парады аб правядзенні нечага аналагічнага ў сваіх краінах.

Ёсць і намёткі на будучае, напрыклад, па тым, што такія “хуткія спатканні” могуць мець і іншы склад: бібліятэкар — студэнт, бібліятэкар — бібліятэкар, бібліятэкар — бізнесмен, бібліятэкар — чытач.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст