Пра “слана”, якога не заўважылі

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Прапануем падыскутаваць: Мінску бракуе маштабнага фестывалю і яркіх назваў падзей
Брэнды, брэндзіраванне, нэймінг, прамоўшн, геатэгінг… Такімі тэрмінамі сферы рэкламы, запазычанымі з англійскай мовы, прынята карыстацца, каб апісаць і пэўныя стадыі рэалізацыі паспяховага культурнага праекта. Іх ужывае таксама “К” у сваіх публікацыях, датычных развіцця культуры рэгіёнаў. Але можна канстатаваць: і ў сталіцы з укараненнем сучасных тэхналогій культурнага маркетынгу паўстаюць пытанні. Атрымліваецца, што “слана” і не заўважылі.

/i/content/pi/cult/536/11675/2-6.jpgЧаму не заўважылі?

А калі больш дакладна: не надалі таму ўмоўнаму слану ўвагі. Прычын тут некалькі. Першая — гэткая ўдалая “святломаскіроўка” вялікага ў сваёй сутнасці пытання: усё ж праблемы, датычныя мадэрнізацыі культурных працэсаў Беларусі, прынята асацыяваць з развіццём сферы ў раённых маштабах, а не ў Мінску. Тут усё бачыцца значна, таму — калі не выдатна, дык амаль цудоўна. Другая: культура сталіцы ў значнай ступені складаецца з падзей ад буйных устаноў культуры, устаноў “з іменем” (і з буйнымі мэтамі, адпаведна) ды, што вельмі важна, ад прыватных ініцыятыў (у тым ліку амаль штодзённых гастралёраў у залах памерам ад паба да хакейнай арэны). Адсюль некаторая разнастайнасць і наяўнасць выбару. Трэцяя прычына — наша, унутрырэдакцыйная: так склалася, што абсалютная большасць чытачоў “К” прадстаўляюць несталічны абшар. Адтуль і пошта рэдакцыі, адтуль і канкрэтныя прыклады цікавага досведу, а таксама наша арыентацыя на мэтавую аўдыторыю ў пэўных рубрыках. А сталіца ў плане таго самаго абмену крэатывам амаль маўчыць. Відаць, і першыя дзве прычыны адыгрываюць сваю ролю. Маўляў, усё ОК. Вось і тлумачэнне нашай пільнай увагі да рэгіянальнай культуры і розных праяў яе развіцця.

А што заўважылі?

Вось ужо які год “К” піша пра неабходнасць у кожным раёне, у кожнай хоць з нейкай прычыны адметнай вёсачцы свайго калі не канцэптуальнага фестывалю, дык яркага, зробленага па-за шаблонам з пакрытай пылам папкі, свята. На маёй памяці за больш чым сем гадоў працы ў рэдакцыі “К” дзякуючы работнікам культуры (прычым ні нейкімі іх звышнамаганнямі, а рэальнай зацікаўленай працай) “закруціліся” і раскруціліся фестывалі “Мотальскія прысмакі” і “Покліч Палесся”, рок-форумы ў Камянцы і Браславе, музычны фэст “TyzenHouse” у Гродне, набыў рысы прэстыжу магілёўскі тэатральны “М.@rt.-кантакт”, быў дадзены паспяховы старт “Ружанскай браме” і “Слуцкім паясам”… Карацей, поўны геатэгінг, удалае брэндзіраванне і прадуманы (мо і не задуманы такім чынам) нэймінг: ужо толькі па назвах складай сабе план на год ды вандруй, атрымлівай уражанні, крытыкуй (атрымлівалася не ўсё і не з першага разу), ухваляй (усё ж атрымлівалася галоўнае у любой ініцыятыве: зрабіць першы крок), параўноўвай і — рабі высновы.

І гэта толькі падзеі, запушчаныя прыкладна ў апошняе дзесяцігоддзе. А колькі імпрэз працягвае развівацца і з ліку тых, што пачаліся даўней! Ёсць і адваротныя выпадкі, прыклады стагнацыі той ці іншай адзінкі рэгіянальнага фестывальнага руху, ды іх пакуль, на шчасце, менш. І тычыцца апошняя заўвага тых форумаў, дзе, як пісаў нядаўна на старонках “К” наш калумніст, музыкант, фалькларыст і выкладчык прадзюсарскіх дысцыплін ва Універсітэце культуры і мастацтваў Алег Хаменка, усё “заадміністравана” дарэшты.

Што са “сланом”?

І ўсё ж гаворка не пра рэгіёны, а пра Мінск. Пра тое, што беларуская сталіца так і не займела фестывальнай праявы, вартай яе сталічнага статусу. Хаця дзействаў нібыта хапае — і з дзяржаўнай падтрымкай, і з дзяржаўна-прыватнай, і з выключна прыватнай. Але таго самага фэсту — няма, як няма і наогул ніякага, што вылучаў бы Мінск у спісе айчынных фестываляў. Скажам, Віцебск мы трывала асацыюем са “Славянскім базарам…”, Брэст — з “Белай вежай”, Гродна — з Фестывалем нацыянальных культур, Маладзечна — аднайменным фестывалем Нацыянальнай песні і паэзіі, Навагрудак — з рыцарскім “Навагрудскім замкам”, а невялічкі Акцябрскі на Гомельшчыне — з “Берагіняй”… Спіс можна доўжыць. На гэтыя фестывалі, у большай ці меншай ступені, прыязджаюць гледачы, дзесьці загадзя набываюць білеты, дзесьці проста плануюць пад іх свае вольныя дні. Карацей, праяўляюць увагу. І ў шэрагу выпадкаў чапляюцца адразу за месца правядзення дзеі.

Як ні мучыў, як ні напружваў я сваю памяць, такіх яркіх імпрэз у сталіцы (яшчэ і з удалай прывязкай да месца дзеяння ў назве) амаль не прыгадаў. Хіба тэатральныя “месячнікі” ад “ТэАРТа” і “Лістапад”. Таксама адносна вялікую вядомасць (праўда, збольшага сярод аўдыторыі сацыяльных сетак і наведвальнікаў трэндавых вэб-рэсурсаў) маюць Форум вулічных тэатраў і “Джазавыя вечары…”. Апошнія ў афіцыйнай назве згадваюцца з камерцыйным банкам — партнёрам праекта, а па сутнасці “чытаюцца” як “Джазавыя вечары ля Ратушы” . Паколькі праводзіцца музычны фэст не першы раз, да паўнавартаснай гарадской традыцыі і адпаведнай ёй назве засталося зусім крыху. А можна смела і фестываль праводзіць з назвай “Ля Ратушы”, які ўключаў бы па праекце на сезон (у тым ліку — джаз і вулічныя тэатры). Атрымаецца дзея цягам ўсяго года.

Ды малавата гэтага, па шчырасці. І куды больш людзей, чым, напрыклад, мінскі агульнарэспубліканскі фестываль-кірмаш рамеснікаў “Вясновы букет” (традыцыйны, дарэчы) збірае тусоўка, скажам, рэйвераў на востраве Кахання пасярод Мінскага мора. У разы! У дзясяткі разоў! Хаця там уваход па нятанных білетах (прычым падзея ж — вузкаспецыяльная), а кірмаш “тусуецца” ў бясплатным Лошыцкім парку.

Як назваць?

Без пашырэння колькасці гарадскіх падзей мінчане будуць працягваць скардзіцца на свой горад у плане таго, што пайсці тут няма куды. Бо рух, “дзвіжуха”, — паняцці нязменныя. Ды часам проста немагчыма сябе прымусіць даць веры ў тое, што на пэўным мерапрыемстве (вось дзе “прыцягальнае” слоўца, што проста “дыхае” культурай!) з сумнеўнай з пункту погляду сучаснасці назвай можа аказацца цікава. Вось даруйце мне, спадары рамеснікі, але згаданая вышэй назва — “Вясновы букет” — гэта архаізм у плане нэймінгу. Чаму б не перайменаваць падзею ў нешта больш канкрэтнае, скажам, “Парк рамёстваў у Лошыцы”, каб і лакацыя, і сутнасць адразу праяўляліся? Ды нават “заезджаны” дарэшты варыянт “Горад майстроў” — больш інфарматыўны.

Рыцарскія фэсты сталіцы, надзейна схаваныя ў вялізную праграму гарадскіх святаў, прапанаваў бы выдзеліць у асобную афішу (няхай яна будзе і ў розных раёнах горада, але з цэнтральнай пляцоўкай). Мае варыянты агульнай назвы: “Рыцары на Нямізе” ці “Рыцары на Траецкай гары”.

А чаму б не скарыстаць пры называнні і прывязцы падзей назвы Траецкага прадмесця і Татарскіх гародаў, Старажоўкі і Камароўкі, Зялёнага Луга і Уручча? Нарэшце, банальных Усходу і Захаду: тут столькі ўсяго можна накруціць!.. Але назвы зайграюць, вядома, калі знойдзецца бюджэт пад канкрэтны праект, незалежна ад формы ўласнасці “рукі”, што той каштарыс забяспечыць.

Не магу і не згадаць пра святы горада ды больш дробныя святочныя дзеі. Вось у Малінаўцы энтузіясты з гэтага ж раёна зладзілі “Малінавы фэст”, а перад ім быў і “Грушаўскі...” для Грушаўкі. Цяпер адначасова раскручваецца квартал Асмолаўкі як атмасфернае месца і вядзецца кампанія па яе захаванні ў прасторы горада (пасля паведамленняў аб планах па яе зносе). Ёміста, лакалізавана і па справе. А што наконт агульнагарадскіх урачыстасцей? Ці можаце вы сабе ўявіць, як мінчанін запрашае іншага мінчаніна пайсці на свята горада, згадваючы яго поўную назву кшталту “Мой Мінск, жыцця майго крыніца…” (а такая сапраўды была пару гадоў таму)? Я не магу. Ды і не патрэбна, відаць, такая грувасткая канструкцыя для падзеі, што ёсць проста святам горада Мінска (амаль вычарпальная характарыстыка плюс год правядзення), якое для аднаго — яскравая падзея, а для іншага — банальны “дзень шашлыка”. Дарэчы, таксама прастора для яднання інтарэсаў розных катэгорый гараджан: ёсць над чым падумаць.

У плане самакрытыкі і прапаноў...

Мае варыянты ды ідэі могуць падацца прыцягнутымі за вушы. А ўзнятае пытанне — надуманым. Ды і назва “Вясновага букету” жыве дзесяцігоддзямі (хаця нагадвае імя для конкурсу фларыстаў), а паэтычныя фразы ў тытуле свята горада — гэта, у рэшце рэшт, так лірычна!... Дык і я выступаю ў гэтай публікацыі не столькі як крытык. Хутчэй — як гараджанін, якому шчыра шкада, што Мінск свой фестывальны брэнд пакуль не знайшоў (а быць ён можа “прысвечаны” якой заўгодна тэматыцы, галоўнае — каб цікава аказалася). Але калі ён не выкрышталізоўваецца за кошт падзеі, дык брэндзіраванне, нэймінг, прамоўшн, геатэгінг дапамогуць (а калі падключыць студэнтаў профільных спецыяльнасцей таго ж Універсітэта культуры і мастацтваў, можна атрымаць адразу некалькі версій гатовых стратэгічных планаў). Прынамсі, любы шлях да трапляння “ў яблычак” пачынаецца са стандартных хадоў. Яны ж засцерагаюць ад доўгатэрміновых па сваіх выніках пралікаў. Іміджавых — найперш.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах