З любоўю і каханнем

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Ёзас БУДРАЙЦІС, народны артыст Літвы
Я з вялікай павагай стаўлюся да Беларусі, заўсёды чыстай і прыгожай. Шаную ваш народ, вельмі працалюбівы, гасцінны, добразычлівы. Апошнім часам мне пашчасціла зняцца ў двух беларускіх фільмах: спачатку гэта была стужка “Белыя Росы. Вяртанне”, потым — “Салодкае развітанне Веры”.

/i/content/pi/cult/536/11673/5-5.jpgАбодва фільмы рабіліся адным і тым жа рэжысёрам — Аляксандрай Бутар, таму ніякіх праблем асабіста ў мяне не ўзнікала. Працаваць было лёгка: ужо пад час здымак першага фільма ўсталявалася поўнае ўзаемаразуменне, былі вядомыя творчыя схільнасці маладога рэжысёра, яе патрабаванні да акцёраў і ўсёй пастановачнай групы.

Не склала асаблівай цяжкасці і пераўвасабленне ў “сапраўднага” — як у вас гавораць, “шчырага” беларуса. Мне ўвогуле здаецца, што беларусы і літоўцы насамрэч куды больш блізкія народы, чым гэта можа камусьці падацца. Так, у нас розная мова — і гэта цалкам натуральна. Але нас звязваюць стагоддзі агульнага гістарычнага мінулага. Дый сам характар, псіхалагічны тып літоўцаў і беларусаў, усе тыя рысы, што вылучаюць нас сярод іншых народаў свету, вельмі падобныя. Гэта найперш нейкая асаблівая любоў да зямлі. Не проста велізарная працаздольнасць, руплівасць у земляробстве, але і абагаўленне яе жыватворнай сілы. Можа, менавіта таму і беларусы і літоўцы такія спакойныя? “Памяркоўныя”, як у вас гавораць. Але гэта не заспакаенне — хутчэй мудрасць. Уменне ўспрымаць жыццёвыя абставіны такімі, як яны ёсць. Ставіцца да ўсяго сур’ёзна. Дзейнічаць, сыходзячы з рэальных, а не ўяўных умоў. Прымаць рашэнні не спантанна, а ўзважана.

Кожны з нас у той ці іншы момант апынаецца перад жыццёвым выбарам: паступіць так ці інакш. Гэта філасофія жыцця. Узнікаюць такія сітуацыі і ў маіх кіна- і тэатральных герояў. Але неяк перайначваць сябе, рабіць штосьці насуперак сабе самому ў тых жа згаданых фільмах мне не даводзілася. Ці, можа, гэта рэжысёр пераканала мяне, што я паступіў бы гэтак жа?

Але ў тым і справа, што кіно, як і ўсялякае мастацтва, якім бы ярка нацыянальным па духу яно ні было, узнімае вечныя тэмы. Тое ж “Салодкае развітанне Веры” — пра каханне. Без яго чалавек не жыве. Калі ў кагосьці няма любові ў сэрцы, мне папросту шкада гэтага чалавека…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"