Не толькі на імпрэзах

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
Штогод напрыканцы мая ля помніка Максіму Багдановічу на сталічнай вуліцы, якая носіць яго імя, збіраюцца людзі з кветкамі, каб ушанаваць памяць таго, хто, пражыўшы ўсяго дваццаць пяць гадоў, стаў не толькі класікам беларускай літаратуры, але і сімвалам прыгажосці роднага слова. Ён узняў яго да высокага і магутнага гучання.

/i/content/pi/cult/536/11672/5-4.jpgУ такі ж дзень 1917 года ў сонечнай прыморскай Ялце ён пакінуў гэты свет, каб назаўсёды застацца ў памяці сваіх землякоў на радзіме. І апошнія радкі яго былі на беларускай мове, якую ён не часта чуў у сваім жыцці. Але ж ёй прысвяціў талент і пал сваёй душы. Ну а багдановічаўскі “Вянок” на доўгія гады стане скарбам для тых, хто шануе высокую паэзію, роднае слова, саму Радзіму, нарэшце. Пражыўшы большую частку жыцця па-за межамі Бацькаўшчыны, ён цешыўся словам свайго народа, песціў яго, уключаючы ў кантэкст сусветнай культуры.

Паэт імкнуўся да таго, каб узбагаціць беларускую літаратуру набыткамі сусветнай. І так сталася, што менавіта гэтымі днямі ў Мінску прайшоў міжнародны кангрэс беларусістаў — вучоных, пісьменнікаў, людзей з розных краін, якія прысвяцілі сябе беларускаму слову. Сярод іх англічане і немцы, палякі і рускія, венгры і чэхі, прадстаўнікі беларускіх дыяспар за мяжой, для каго беларуская мова — не проста сродак зносін, а прадмет вывучэння, крыніцы ведаў і натхнення.

Кангрэсы беларусістаў праводзяцца з 1991 года грамадскім аб’яднаннем “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, чый сузаснавальнік — і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. А рэгулярнае правядзенне кангрэсаў, па сведчанні іх арганізатараў, заклікана садзейнічаць развіццю беларусісцкіх пошукаў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук, спрыяць выкладанню беларусазнаўчых дысцыплін за межамі Беларусі і спрашчаць міжнароднае супрацоўніцтва паміж даследчыкамі ў свеце.

Ці не гэта прызнанне вартасці і моцы мовы, ці не гэта адзін з доказаў яе трываласці, яе значэння ў сусветным культурным працэсе? Пра гэта яшчэ раз хочацца згадаць, калі мы ўшаноўваем памяць Максіма Багдановіча, калі гучаць у душы яго пранікнёныя радкі. І так хочацца, каб мастацкае слова волатаў нашай культуры часцей было з намі не толькі на школьных уроках, урачыстых імпрэзах, а ішло з намі ў паўсядзённым жыцці праз радыё і тэлебачанне, друкаваныя СМІ і Інтэрнэт. І каб да яго часцей далучаўся голас сучасных майстроў пяра.

Нездарма існуе выраз “спачатку было слова”, бо менавіта слова — аснова нашага светапогляду, нашай самаідэнтычнасці, бо менавіта з родным словам найпоўна можна адчуць сябе грамадзянінам сваёй зямлі, роднага краю.

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё