Тэатральнае шчасце — побач

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Уладзімір САВІЦКІ, мастацкі кіраўнік Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача
Рыхтуючыся да ўрачыстага адкрыцця ТЮГа на роднай сцэне пасля яе абнаўлення, мы доўга шукалі той спектакль, пастаноўкай якога можна было б зрабіць гэту вельмі значную і сур’ёзную падзею яркай і запамінальнай. Выбар спыніўся на знакамітай “Сіняй птушцы” бельгійскага пісьменніка, драматурга і філосафа Марыса Метэрлінка. Прычын было многа, і тычыліся яны розных бакоў тэатральнага жыцця.

/i/content/pi/cult/536/11671/5-3.jpgПасля рамонту будынка значна павялічыліся нашы магчымасці, мы атрымалі “разумную” сцэну, забяспечаную сучаснымі тэхнічнымі прыстасаваннямі. Ці ж варта “хаваць” гэта ад гледачоў? Не, хацелася як мага хутчэй апрабіраваць усё на практыцы.

Пераезд “дадому” — свята для ўсёй трупы, таму трэба было знайсці спектакль, у якім удзельнічалі б практычна ўсе артысты. Ці ж можна для такой падзеі ставіць спектакль на камерны склад, “забыўшыся” на астатніх? Нарэшце, Метэрлінк — гэта папраўдзе сур’ёзная літаратура, вартая таго, каб увасобіць яе для сучасных дзяцей і падлеткаў.

Вядома, былі хваляванні. Ці ўспрыме публіка такі няпросты спектакль? Бо апошнім часам, працуючы на непрыстасаванай сцэне, тэатр быў вымушаны абмяжоўвацца сціплым “маленькім” рэпертуарам, схіляцца да простых казак, камедыйных пастановак. Але і трупа, і публіка вытрымалі выпрабаванне “Сіняй птушкай”. Трэба было бачыць, як горача прымалі юныя гледачы нашу прэм’еру, як слухалі, разумелі, рэагавалі на кожны інтэрактыўны момант, уключаючыся і ў гульню, і ў роздум.

Зразумела, давялося шмат чаго ў п’есе скараціць. Бо ў поўным выглядзе яе можна ставіць ажно на сем вечароў, якія ішлі б запар. Толькі хто з публікі пагодзіцца на такі эксперымент? Часы змяніліся, іншым стала і часавае ўспрыманне. Таму тэкст трэба было зрабіць ёмістым, пругкім, але пакінуць у ім галоўную думку аўтара. А тая вельмі простая і зразумелая: наша шчасце — побач. Мы ўсе ўзаемазвязаны, усе — у адной “клетцы”. Шчасце ж у нейкіх іншых “светах” — прывіднае, падманнае, уяўнае. Я даўно заўважыў: чым больш простая думка, тым больш геніяльны аўтар, тым больш таленавіты ды адметны твор.

Публіка ў нас спецыфічная, яе трэба не адно забаўляць, але і навучаць. Як зрабіць гэтыя два працэсы непарыўна знітаванымі? Найперш зразумець, што тэатр — “цацка” дарагая і таннай быць не можа. У той жа “Сіняй птушцы” ўсіх адразу вабіць папраўдзе прыгожае і багатае сцэнічнае ўбранне. Так і павінна быць! Спектаклі для дзяцей трэба рабіць разнапланавымі, але заўсёды маляўнічымі, каб тэатр асацыяваўся са святам, а ўражанні ад яго заставаліся на ўсё жыццё. На тэатр трэба выдаткоўваць немалыя грошы — каб дзеці навучыліся думаць. Бо калі не мы гэта зробім, дык хто ж?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"