Справа ў часціцы “не”

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Крыху пра важкасць “верставых слупоў”
У Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі працуе выстаўка архіва кампазітара, музыканта Ігара Паліводы. Зірнем на гэты праект з пункту погляду яго важкасці ў сучаснай культурнай прасторы.

/i/content/pi/cult/536/11668/2-6.jpgУ дзень адкрыцця ў музеі выстаўкі адбыўся невялікі канцэрт з удзелам творцаў розных жанраў — заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Надзеі Мікуліч і мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслава Шарапава, салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Святланы Старадзетка і кіраўніка музычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Аляксея Еранькова, сталага сааўтара Паліводы, ягонага сябра, паэта Лявона Пранчака і юнай спявачкі ды піяністкі Рымы Дракінай. Пад час камернай імпрэзы ўдалося згадаць прынамсі па адным нумары з кожнай аўтарскай праграмы Ігара Ігаравіча. І чарговы раз пашкадаваць пра тое, што ў публічнай прасторы ўзоры музыкі Паліводы гучаць, мякка кажучы, не асабліва часта. Я сказаў бы, што іх там проста няма. І шкада. Бо менавіта крытычнай масы падобнага ўзроўню музыкі сёння бракуе як нейкага эталону, абавязковай планкі мастацкасці ў сучаснай культурнай прасторы. Балазе час яе стварэння і актуалізацыі праз гукавае палатно блізкіх кампазітару ідэй аддалены ад нас у прасторы і часе, вобразна кажучы, на адлегласць выцягнутай рукі. Павінна было б атрымацца (паводле цытаты асноўнага пасыла адной вядомай праграмы з гістарычным ухілам) прыкладна “тое, без чаго нас складана ўявіць і яшчэ больш складана зразумець” у сучаснай музыцы. Павінна, але…

Колькі слоў пра саму экспазіцыю. Выстаўка спрабуе у сціслай форме (праз невялікі аб’ём зменнай экспазіцыйнай прасторы ў музеі) ахапіць асобу Ігара Паліводы. Праз гэта яна выглядае альбомам ілюстрацый “на тэму”, своеасаблівым зрэзам архіва майстра. Тут ёсць нотны матэрыял як у выглядзе дасканалых па выкананні завершаных рукапісных партытур і клавіраў, так і пададзены праз друкаваныя зборнікі з кампазіцыямі маэстра. Шырока асветлены праз фотаздымкі перыяд працы героя выстаўкі ў ансамблі “Песняры”. Цікавыя штрыхі дадаюць асабістыя рэчы музыканта. Але для пранікнення ў літаратурную і дзённікавую спадчыну Паліводы, вядома, не хапае магчымасці прагарнуць хаця б у копіях асобныя сторонкі яго запісаў, як, дарэчы, і “матэрыялізацыі” для рук наведвальніка копій, скажам, нумара “песняроўскай” самвыдатаўскай газеты “Ведамасць”, якую рэдагаваў Палівода. Ну і малюнкі Ігара Ігаравіча — таксама цікавы фрагмент ягонай таленавітай шматаблічнасці. Хацелася прагарнуць і альбом з імі.

Вядома, для судакранання з творцам такога палёту, як Палівода, патрабуецца максімальная інтэрактыўнасць. Скажам, апрача названых варыянтаў, — магчымасць (і нават неабходнасць — пры эклектычнасці і шырыні прапанаванай візуальнай інфармацыі з архіва) праслухаць для стварэння адпаведнай атмасферы прыклады кампазітарскіх і аранжыровачных работ, адносных да часу працы Паліводы ў складзе ансамбля “Песняры” і пазнейшых праграм кампазітара — “Максім”, “Беларушчына”, “Матчын спеў”, “Нёман”. Калі казаць пра “Песняроўскі перыяд, дык чаго каштуюць аўтарская “Маналог сабакі” альбо, напрыклад, “Бывай, красуня…” (з цыкла “Вясёлыя жабракі” паводле Роберта Бёрнса). А бліскучая аранжыроўка “Вяртання” з праграмы ансамбля “Праз усю вайну” альбо візітоўкі калектыву ў 1980-я — “Зачарованнай...”! Ну і класічная “Па-над белым пухам вішняў” на верш Багдановіча, напружана-трагедыйны саспенс у купалаўскіх “Паязджанах”, лірычная куляшоўская “Ужо з другім заручана дзяўчынка…”, дакладная па акцэнтах музычнага аповеду “А ў полі бяроза…” з цыкла “Нёман”. А “Сівы голуб”, а “Талака”, а “Песню бярыце з сабою”… Урэшце, спіс далёка не вычарпальны і суб'ектыўны: 96 песень аўтарства Паліводы — такі абшар толькі гэтай часткі ягонага архіву, які захоўвае яго ўдава.

На жаль, абмежаваная прастора, упісанасць дадзенай выстаўкі ў рамкі пастаяннай экспазіцыі, даюцца ў знакі. Хочацца большага аб’ёму і найшырэйшага прадстаўлення. Усё гэта патрабуе фінансавання. Карацей (і на жаль), нічога новага адносна суадносін ідэй і магчымасцей у галіне культуры…

Але нават у такім выглядзе праект пры ўважлівым знаёмстве з ім не можа не зацікавіць. І далібог: няблага, каб з ім пазнаёміліся не толькі асобы, дасведчаныя ў айчыннай музычнай культуры, але і кіраўнікі гэтай сферы. Для чаго? Хаця б для таго, каб мець самае агульнае ўражанне, чаму прозвішча Паліводы згадваецца адным з першых у шэрагу не толькі кампазітараў Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў, але і ўсяго ХХ стагоддзя. Праграма максімум — выдаць на годным узроўні спадчыну гэтага творцы. Самы час, каб не спазніцца, каб данесці гэтую спадчыну да новага пакалення. Паставіць верставы слуп, калі жадаеце. Бо, прынамсі, папярэдняе пакаленне ў адносінах увагі да культуры Беларусі наогул (і айчыннай музыкі, у прыватнасці) відавочна згублена. Ці варта павялічваць лік не на карысць роднай культуры?

Урэшце, можна згадаць у айчыннай музыцы зусім блізкага нам часу яшчэ з дзясятак імёнаў тых, хто варты не меншай увагі і памяці. Гэта зусім не шмат (калі вымяраць грашыма тэарэтычных мерапрыемстваў па мемарыялізацыі) і вельмі шмат (калі дбаць пра будучыню). Справа ў часціцы “не”.

А колькі ідэй і праектаў маглі б гэтак жа “засталбіць” месца ў беларускай культуры з прыцэлам на важкасць і нават абавязковасць толькі паміж тымі “шмат” і “няшмат”! Хіба не вартыя асобных музеяў беларуская фатаграфія (і нават асобныя яе прадстаўнікі), айчынныя школы графікі і плакатнага майстэрства, дызайну ды нават пастаянная экспазіцыя аўтографаў знакамітых беларусаў! Я ўжо не кажу пра Музей традыцыйных рамёстваў, пра які не першы год гавораць у Саюзе майстроў народнай творчасці. І хіба не годная айчынная музыка паўнавартаснага інтэрактыўнага музея, які б нязменна “гучаў” творамі слынных нашых кампазітараў розных часоў, прадстаўляў багацце інструментарыя, сведчыў бы пра тое, што айчынны музычны працэс мае не толькі мінуўшчыну, але і дзень сённяшні. І заўтрашні.

Дарэчы, гатовы падыскутаваць з тымі, хто не пэўны ў матэрыяльным прыбытку ад дзейнасці прынамсі некаторых з названых мной пакуль што гіпатэтычных устаноў. Спадзяюся, усё ж галоўнае слова тут “пакуль”. Бо “верставыя слупы” ставіць усё адно давядзецца — раней ці пазней. І ў канкрэтным часавым адмежку таксама пытанне: проста гэта будзе рабіцца ці, як тое часта бывае, з праявамі "геройства" ў плане пошуку матэрыяла для экспанавання. Зусім непатрэбныя тыя праявы, калі падыходзіць да справы своечасова...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах