227 старонак у сістэме

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

4 чэрвеня адбылося пашыранае пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы. Было разгледжана пытанне “Аб праекце Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/536/11667/4-1.JPGСістэматызацыя прававых норм, датычных развіцця нашай культуры, доўжылася, як зазначыў старшыня камісіі Аляксандр Сягоднік, цягам апошніх гадоў. Летась, да прыкладу, разам з навукоўцамі і супрацоўнікамі Міністэрства ўсебакова аналізавалася заканадаўчае забеспячэнне аховы археалагічнай спадчыны. Як аказалася, менавіта гэта прававое забеспячэнне з’яўлялася ці не самым набалелым. “Нарэшце археолагі і ўсе неабыякавыя да гісторыі роднай краіны грамадзяне, могуць быць спакойнымі, — запэўніў Аляксандр Сягоднік, — бо пытанне знайшло сваё прававое рашэнне ў праекце Кодэкса”.

У выніку законатворчай дзейнасці камісіі падрыхтаваны тры законы, унесены папраўкі ў законы аб народным мастацтве, народных промыслах і рамёствах, аб бібліятэчнай справе… Усяго ж у сферы культуры дзейнічае на сёння сем законаў прамога дзеяння. Практыку іх выкарыстання рабочая група па стварэнні праекта Кодэкса вывучала на прыкладзе работы асобна ўзятых устаноў культуры. У праекце — 5 раздзелаў, 28 глаў і 257 артыкулаў, 227 старонак (урэшце, дакумент значна меншы па аб’ёме ў параўнанні з Кодэксам аб адукацыі). Інакш кажучы, былі ўлічаны ўсе колішнія недапрацоўкі. Да прыкладу, паведаміў міністр культуры Барыс Святлоў, у Кодэксе аб адукацыі не была ўлічана спецыфіка мастацкага выхавання.

Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга зазначыла, што будучы Кодэкс аб культуры стане юрыдычнай энцыклапедыяй культурнай сферы. Аналагаў гэтаму дакументу няма ў свеце. А карысны ён яшчэ і таму, што складаўся пад уплывам патрабаванняў не тэорыі, а практыкі: усе прававыя акты — апрабаваныя жыццём.

Намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Наталля Кучынская — член рабочай групы па распрацоўцы праекта Кодэкса — гаварыла пра тое, што дакумент гэты ўзгоднены з шэрагам дзяржаўных ведамстваў, прайшоў экспертызу. Вынікі — станоўчыя. А папярэдні разгляд праекта выклікае ў грамадстве цікаўнасць.

Начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Алена Вештарт зазначыла, што праект Кодэкса не прадугледжвае ў перспектыве распрацоўкі дадатковых актаў.

Пра тое, што праект на сёння калі і патрабуе дапрацовак, дык яны — неканцэптуальныя, рэдактарскія, казала старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева. А Алена Камоцкая, загадчык аддзела па забеспячэнні работы Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, падкрэсліла, што праект дакумента ўтрымлівае толькі заканадаўчую канкрэтыку, не дэкларацыі, а нормы, што паспрыяюць ўпарадкаванню любой культурнай дзейнасці.

А глыбінную сутнасць дакумента яшчэ раз удакладніў міністр культуры Барыс Святлоў. Ёсць агульная норма для правядзення, да прыкладу, начных дыскатэк, зазначыў ён, але з улікам мясцовых асаблівасцяў могуць быць прыняты і іншыя нормы. Інакш кажучы, мясцовыя ўлады не павінны забывацца на ўласнае права самакіравання. Менавіта Кодэкс на гэта і ўказвае.

На пасяджэнні прагучала інфармацыя, што праект дакумента неўзабаве будзе змешчаны для ўсеагульнага абмеркавання. Вырашана, што разгляд праекта адбудзецца на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"