"Пацёмкінскіх вёсак" не сустрэлі. Але…

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Ключавое слова не “паказуха”, а “ініцыятыва”
Сённяшняя публікацыя — працяг гаворкі пра Магілёўшчыну. Дакладней — пра яе рэгіянальную культуру, на прыкладзе якой у чарговы раз можна пераканацца, што поспех справы залежыць сёння ад кадравай палітыкі. Прафесіянал нават пры мінімальным фінансаванні зможа здзівіць, захапіць і пераканаць. У мінулым нумары “К” мы далі ў доказ таму нямала пераканаўчых прыкладаў. Але на дасведчаных ды ініцыятыўных — заўжды дэфіцыт. І тычыцца гэта, на жаль, не толькі Магілёўшчыны.

/i/content/pi/cult/536/11663/1-2.jpgВінні-Пух парадаваўся б

Дык вось, як і абяцалі, пачнём мы з аналізу работы СДК вёскі Новы Быхаў Быхаўскага раёна. Звычайная вёска, звычайны СДК. Мастацкім кіраўніком тут — Алена Чурбанава. Працуе ўсяго другі год, раней была ў выхавальніцкім штаце дзіцячага садка. Варыянт “прафпераарыентацыі” — не самы горшы. Аднак у нюансы новай справы Алена Міхайлаўна толькі пачынае заглыбляцца. Не прыхоўвае, што многага яшчэ не ведае. На наш погляд, якраз тая сітуацыя, калі спецыялісту-пачаткоўцу патрэбна сталая метадычная дапамога.

Тым больш, пасада акампаніятара ў Новым Быхаве — вакантная, уся праца ладзіцца пакуль пад фанаграму. Адсутнасць “жывога гуку” трэба кампенсаваць жывой дзеяй. Трэба, але не заўжды атрымліваецца. Не, клубныя фарміраванні дзейнічаюць і з апаратурай асаблівых праблем няма, бо клубная (і не толькі) культура вобласці даўно славіцца неблагой тэхнічнай узброенасцю. Аднак вопыту не стае мастацкаму кіраўніку, каб будні СДК зайгралі яркімі фарбамі.

Пытаемся, ці ёсць ва ўстанове доўгатэрміновы творчы праект, які паспеў стаць брэндам ці на гэтае званне толькі настойліва прэтэндуе? Пытанне застаецца без адказу. Балазе, на вочы аднаму з нас трапляецца старая абвестка, дзе паведамляецца, што СДК на адзін з мядовых Спасаў правёў акцыю “Пчаліны вырай”. Пачалі высвятляць, што за “...вырай”. Аказалася, мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя спецыялізуецца (рэдкая з’ява!) на бортніцтве і займаецца продажам мёду. А мясцовая культура спрабуе падвесці пад сітуацыю сваю базу. Вось вакол гэтага парастка цікавай ідэі мы і пачалі прагназаваць будучыню праектнай дзейнасці СДК.

Алена Чурбанава пагаджаецца: у раёне захаваліся адпаведныя песні, пэўныя абрады, іх і можна паказваць удзельнікам свята. І ці варта тут абмяжоўвацца толькі Спасам? З гэтай “мядовай” нагоды згадалі мы раздзел “Падгляд пчол” з коласаўскай “Новай зямлі”, на падставе якога можна скласці любы арыгінальны сцэнарый. А тэатралізаваны расповед пра напаўзабытую тэхналогію бортніцтва? А кірмашы па продажы мёду? Словам, калі падумаць, адзінкавую акцыю можна і трэба пераўтварыць у брэндавы доўгатэрміновы праект.

А цяпер давайце паразважаем вось над чым. Паказуха і самапіяр — рэчы абсалютна розныя. Першая — пусканне пылу ў вочы, то бок — падман. Другі — заканамернае жаданне належным чынам прэзентаваць для спажыўца свой якасны арт-тавар, да прыкладу — “Пчаліны вырай”. А сціпласць, па прычыне якой нашы работнікі культуры спрабуюць іншым разам атаясаміць паказуху з самарэкламай, — ненатуральная, штучная. Хто аспрэчыць нашу выснову? А той, напэўна, каму выгадна сядзець ды не вытыркацца з ценю шматзначнай сціпласці: маўляў, у нас усё так, як і ва ўсіх. Так, глядзіш, і да пенсіі можна дацягнуць без праблем.

Доказы гэтаму — навідавоку. Яшчэ пазалетась прыняты Указ ад 13 верасня № 425 “Аб грантах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры”. Вы думаеце, чэргі выстраіліся па гэтыя гранты? Ды не.

І як тут зноў не згадаць начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама Міхаіла Зайцава, які ў праектнай дзейнасці на дзяржаўныя грошы не квапіцца, а выкарыстоўвае пры гэтым спрэс сродкі замежных партнёраў? Ну як такога не піярыць? Хаця б таму, каб іншым сорамна стала…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Аксіёма: замежная культура жыве на гранты з розных крыніц. А мы ніяк не хочам усвядоміць падобную практыку. Чаму? З той прычыны, што грант атрымаць няпроста: трэба давесці фундатару, што твая ідэя — вартая раскруткі, а яе рэалізацыя стане нагодай для інфармацыйнага выбуху, таму паспрыяе ўмацаванню станоўчага іміджу той мясціны, дзе ты жывеш і творыш. У такіх імклівых, непрадказальных варунках не кожны здольны зарэкамендаваць сябе асобай карыснай, і для спажыўца культуры і для яе фундатара. Інакш кажучы, для большасці з нас такая ніва дзейнасці — terra incognita. А шкада. Хтосьці на гэтым маршруце кожны этап да драбніц ведае, а хтосьці (такіх, на жаль, большасць) і не ўяўляе, што галоўнае ў творчасці — не адміністрацыйны рэсурс, а элементарнае ўменне думаць.

На літару “Е”

Вось і Крычаў. Маленькі гарадок, памежны з Расіяй раён. Крыху здзівіў знешні выгляд крычаўскага гатэльчыка, дзе мы начавалі: галоўны і бакавыя фасады — патынкаваныя, задні ж бок — не, спрэс цагляная кладка. Пасмяяліся, згадалі колішнія пацёмкінскія вёскі…

Да начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай мы звярнуліся ўсё з тым жа пытаннем: “Якімі праектамі можаце здзівіць?” Не скажам, што адказаў было шмат. Спярша Марына Міхайлаўна паспрабавала пахваліцца святочнай акцыяй “Спасибо деду за Победу!” Справа, без сумневу, цудоўная ды знакавая, ідэя падобнай акцыі характэрная амаль для ўсёй постсавецкай прасторы. Але дэвіз праекта, думаецца, можна было прыдумаць і свой. Блізкасць да мяжы апраўданнем ці тлумачэннем не з’яўляецца. Пасля доўгай гаворкі з начальнікам аддзела абралі для сябе дзве ключавыя тэмы: музейную дзейнасць райцэнтра і сельскія філіяльныя клопаты Крычаўскай мастацкай школы. Пачнём з першай.

Палац Пацёмкіна ў Крычаве называюць музеем. Пра такое аб’яднанне марыў яшчэ першы музейны дырэктар Міхаіл Мельнікаў. Але шлях да гэтага быў надзвычай доўгім. Палац ў стылі класіцызму пабудаваны для князя Пацёмкіна напрыканцы XVIII стагоддзя па праекце Старава — аўтара Таўрычаскага (Таўрыйскага) палаца ў Пецярбургу. У плане забудова нагадвае літару “Е”. Архітэктурны намёк на тое, што ўладальнік Крычава Пацёмкін — фаварыт Кацярыны ІІ. Князь быў дальнабачным: распачаў на Сожы будаўніцтва верфі і мануфактур, у першую чаргу — канатнай і ветразевай. Крычаў перастаў быць правінцыяй. Аднак неўзабаве парк і палац на 72 пакоі былі прададзены Галынскім, якія перабудавалі апошні ў стылі неаготыкі. Потым тут па чарзе былі прыватная гімназія, школа-інтэрнат, што ніяк не спрыяла захаванню былой раскошы. Урэшце, тое захавала сам гмах. Рэстаўрацыя пачалася ў 1990-х, а ў 2003 годзе палац занесены ў Дзяржаўны спіс нашай гісторыка-культурнай спадчыны.

Музеем кіруе Вадзім Рыськоў — чалавек малады (перавага для музейшчыка — несумненная!), дасведчаны і амбіцыйны. Яму ёсць чым ганарыцца: палац застаецца адзіным аб’ектам, які можна назваць культурным брэндам усяго раёна. Мы з цікавасцю пазнаёміліся з палацавым змесцівам і сведчым: тут можна правесці калі не дзень, дык яго палову — дакладна. У палацы ладзяцца грамадзянскія абрады і ўрачыстыя цырымоніі, тут можна пазнаёміцца з духам эпохі, пад час якой жылі Пацёмкін і Галынскія, спрычыніцца да больш позняй гісторыі горада і раёна. Амаль кожны экспанат мае цікавую гісторыю, таму прайсці, абыякава мінаючы яго, папросту немагчыма.

Але і на сонцы бываюць плямы. Так, Кацярына ды Пацёмкін — персанажы з расійскай гісторыі. Задача музейшчыкаў, на наш погляд, выкарыстаць іх так, каб стала зразумела, што той час — частка менавіта беларускай, а не нейкай іншай гісторыі. Ці выканана гэта задача? Як падаецца, пакуль не. І гаворка тут не толькі пра не знойдзеную намі ў музейнай прасторы беларускую мову.

Зрэшты, пазітыўных момантаў у адроджаным палацы значна больш. Тая ж рыцарская зала, дзякуючы артэфактам з археалагічных раскопак Крычава, паказвае амуніцыю мясцовага ваяра. Не менш каштоўна для нашай гісторыі і арыгінальная кніга Сімяона Полацкага, якую таксама можна пабачыць у Крычаве. Заслугоўвае асобнай увагі і зала, прысвечаная подзвігу жыхароў раёна пад час Вялікай Айчыннай вайны.

Словам, рэзервы Крычаўскага музея  — невычэрпныя, а перспектывы — самыя бліскучыя.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Экспазіцыя крычаўскага палаца ўразіла найперш дэталямі. З цікавасцю пазнаёміўся з побытавымі рэчамі, характэрнымі для любога палаца таго часу. Што ні кажы, а цікава даведацца, што з сябе ўяўлялі тагачасная ванна ці туалет, за якімі гульнямі бавіла вольны час шляхта. Гэта таксама наша гісторыя, хай сабе і тая, што ніколі не дэманструецца навідавоку.

Мастакоў, як каласоў…

“К” пісала калісьці пра тое, што ў Крычаўскай школе мастацтваў 12 філіялаў. Напэўна, такім мастацкім сецівам, “накінутым” на сяло, ніхто больш пахваліцца не зможа. Таму і вырашылі прадметна пазнаёміцца з такой культурнай тактыкай. Намеснікам дырэктара галаўной установы з’яўляецца Ганна Саковіч — неўтаймоўны генератар і рашучы рэалізатар самых смелых ідэй. Апошняя, да прыкладу, тычыцца наладжвання мастацкіх выставак у салонах рэйсавых аўтобусаў.

Для чаго спатрэбілася такая шчыльная філіяльная сетка? Адказ, падаецца, зразумелы кожнаму, хто думае. Сённяшнім падлеткам ва ўмовах школьнай мінімальнай колькасці гадзін на вывучэнне роднай мовы і літаратуры хранічна не стае эстэтычнага выхавання, заснаванага на нашым спрадвечным нацыянальным падмурку. А калі ўлічыць, што ў Крычаўскім раёне існуе не толькі 12 сельскіх філіялаў школы мастацтваў, але і роўна гэткая ж колькасць філіялаў музычных школ, дык гэты — філіяльны — праект, звернуты на адраджэнне духоўнасці ды нацыянальных традыцый, падаецца нам самым адметным, надзённым і агульнакарысным. Эстэтычным выхаваннем у выніку ахоплена 40 працэнтаў школьнікаў горада і раёна, 25 працэнтаў выпускнікоў паступаюць вучыцца далей па мастацкай спецыяльнасці. Паказчык — пераканаўчы.

Мастацкае выхаванне, па словах Ганны Саковіч, наладжана ў двух кірунках: выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным. У школе — 374 вучні, у вясковых філіялах — 137. Філіялы працуюць не толькі ў кожным аграгарадку, некалькі іх існуе і ў самім горадзе.

Мы пазнаёміліся з работамі юных мастакоў, з іх таленавітымі выкладчыкамі. Адзін Сяргей Масіхо чаго варты! Займаецца і жывапісам, і керамікай, марыць пра персанальную выстаўку ў Мінску, мае плойму ўдзячных вучняў. Мы пагутарылі з жыхарамі Крычава і пераканаліся, што быць вучнем школы мастацтваў — прэстыжна, што на шматлікія творчыя імпрэзы прыходзіць ці не ўвесь райцэнтр, што малюнак ды жывапіс, як і чытанне, развівае фантазію, абстрактнае мысленне, пераўтвараюць падлетка ў чалавека, здольнага ўпрыгожваць свет. Пагутарылі, паслухалі ды зрабілі выснову: прыгажосць не выратуе свет, а ўжо выратавала. Хіба ж застаўся б ён такім яркім ды чароўным, каб не батыкі ці пейзажы, створаныя жывапісцамі з Крычаўшчыны?

Школа ў школе

Пра вёску Бель мы згадвалі ў артыкуле, які распачаў серыю публікацый гэтага аўтатура. Цяпер вернемся да яе з нагоды аповеду пра мясцовы філіял мастацкай школы. Знаходзіцца ён у будынку мясцовага навучальна-адукацыйнага комплексу. Ягоны дырэктар Сяргей Марозаў лічыць сваім абавязкам засведчыць нам, што ён асабіста бачыць у філіяле лагічны працяг агульнаадукацыйнай школы з той простай прычыны, што другая без першага была б зусім іншай. Мы пахадзілі па школьных паверхах і пераканаліся: Марозаў не памыляецца, бо сцены калідораў, пакоі, сталоўка ўпрыгожаны шыкоўнымі роспісамі, якія карпатліва выканалі выхаванцы філіяла. У выніку школа нагадвае бясконцую і сонечную карцінную галерэю.

Настаўнікам ў філіяле — Святлана Бачкова. Выкладае рысунак, жывапіс, прыкладное мастацтва (валенне) сярод 19 вучняў трох філіяльных класаў. У ліку юных мастакоў, сустрэтых намі, — і старшакласніца Карына Маёрава, якая любіць працаваць у тэхніцы батыку і лічыць, што эстэтычнае выхаванне — аснова любой педагогікі. З такімі дасведчанымі вучнямі і працаваць прыемна.

Узаемадзеянне абедзвюх школ здалося нам узорным. Той, як падаецца, рэдкі выпадак, калі на стыку ведамстваў нараджаецца агульнакарысны вынік. Толькі адна заўвага. Эстэтычнае выхаванне — справа карысная. Але карысці было б удвая больш, каб выхаванне гэтае (найперш — у дачыненні да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) было заснавана на беларускай спрадвечнай традыцыі. Калі б кожны выхаванец ДМШ пераканаўся, што наша мастацтва — адна з цаглінак усеагульнай сусветнай традыцыі. Менавіта з такога ўсведамлення і нараджаецца чалавек, які любіць Айчыну.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Выйшлі з філіяла з добрым настроем. А завіталі ў Бельскі СДК і крыху настрой сабе сапсавалі. Але пра гэта — у наступным нумары. Цяпер жа — пра сённяшнія нашы ўражанні ад пачутага, пабачанага і асэнсаванага. Так, "пацёмкінскіх вёсак" ніхто з работнікаў культуры не будуе, але і да годнай прэзентацыі ўласных дасягненняў на рэспубліканскім узроўні ніхто асабліва не імкнецца. Сайт крычаўскага музея не ўразіў ніяк. Дык што, годнасць раёна адстойваюць, атрымліваецца, адны юныя мастакі, якія пастаянна перамагаюць у не абы-якіх конкурсах і паспяваюць заявіць пра гэта на ўвесь голас?

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"