Дзе граюць гуслі, а дзе — не...

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Маштабныя фольк-фестывалі: на чыю карысць паралелі
У Вільнюсе прайшоў фальклорны фестываль “Skamba skamba kankliai” (“Граюць, граюць гуслі”). Імпрэза ладзіцца з 1973 года ў апошні тыдзень мая. Танцы на вуліцы, кірмаш рамеснікаў, стравы народнай кухні, прэзентацыя кніг, кінапаказ і, канечне ж, спеўныя гурты з усёй Літвы, а таксама з Эстоніі, Украіны, Грузіі, Фінляндыі, Расіі, Нідэрландаў, ЗША. Сёлета гуртоў з Беларусі не было, а летась краіну прадстаўляла танцавальная этнашкола гурта “Гуда”.

/i/content/pi/cult/536/11660/13-1.jpg

Самыя цікавыя імпрэзы фестывалю праходзілі па вечарах, таму далучыцца да іх маглі не толькі турысты, а і вільнюсцы — пасля працы. На экране над сцэнай мільгалі фотаздымкі з імпрэз фестывалю мінулых гадоў. На выявах і некаторыя беларускія музыканты: дудар Тодар Кашкурэвіч, гурт “Стары Ольса”…

Была яшчэ адна “сустрэча з радзімай” у Вільнюсе. У Каўнасе яшчэ за савецкім часам утварылася школа керамістаў. (Вырабы з Каўнаса я даўно заўважыла на літоўскіх імрэзах.) Пасля распаду СССР распалася і тая школа, але традыцыя засталася. У горадзе да сёння шмат керамістаў і ганчароў, толькі працуюць яны ўжо самастойна на фэстах. Натхняючыся традыцыйнымі формамі народнай керамікі, ствараюць яны сапраўдныя творы мастацтва. І вось, размаўляю ў Вільнюсе з каўнаскім керамістам, і аказваецца, што ён удзельнічаў у адным з пленэраў у нашай Гарадной!

Ладзіў фестываль Вільнюскі цэнтр этнічнай культуры, які стала ўдзельнічае ў арганізацыі іншых вялікіх гарадскіх імпрэз: масленічнага карнавалу, перадкупальскага кірмашу зёлак, Купалля, дзён вясновага і восеньскага раўнадзенства. Адна з галоўных мэт цэнтра — прасоўванне літоўскай традыцыйнай культуры ў Вільнюсе. Гэта шматпрофільная ўстанова, дзе працуе сорак, як бы ў нас сказалі, клубных фарміраванняў — ад студыі поп-музыкі да суполкі ветэранаў, прычым заўважнае месца займаюць гурты этна-кірунку.

"Пакроўскія званы", "Казюкас" ды іншыя

Другі вільнюскі фальклорны фестываль, дзе часам удзельнічаюць беларускія гурты — “Пакроўскія званы”. Яго арганізоўвае Цэнтр фальклору і этнаграфіі літоўскіх нацыянальных меншасцей. Фактычна арганізацыяй займаюцца Ірэна і Мікалай Захаравы, удзельнікі і кіраўнікі фальклорнага ансамбля “Арынушка” і Школы славянскай традыцыйнай музыкі. Можна сказаць, што “Пакроўскія званы” — гэта прыватная ініцыятыва, падтрыманая дзяржавай. І, што істотна, ініцыятыва прадстаўнікоў не тытульнай нацыі.

На “...Званы” запрашаюць пераважна гурты з розных рэгіёнаў Расіі, якія "разбаўляюць" літоўскімі, часам беларускімі, грузінскімі, галандскімі, украінскімі. У 2014 годзе ад Беларусі ўдзельнічаў гурт “Чабатухі” з вёскі Сташаны Пінскага раёна. Акрамя спеваў, “Чабатухі” паказалі на сцэне фрагменты дажынак і вясельнага абраду. Вяселле ў Сташанах завяршалася разгулам: госці білі ў хаце посуд, ламалі мэблю пад адмысловыя прыпеўкі. Карнавал, парушэнне парадку характэрныя для абрадаў, што пазначаюць мяжу часу: на Каляды, у час паміж старым і новым годам, на Масленку, паміж зімой і вясной. І, канешне ж, на вяселлі, паміж дашлюбным і сямейным жыццём маладых. Цікава, што разбіць гаршчок, адмыслова для гэтага прывезены з дому, на сцэне “Чабатухам” дазволілі толькі на завяршальным канцэрце фестывалю. Да сташанскіх бабуль у розныя гады Беларусь прадстаўлялі на “Пакроўскіх званах” спевакі з Любанскага раёна і гурт “Горынь” Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Шырока вядомы кірмаш рамёстваў “Казюкас” у сталіцы Літвы. Менш увагі звяртаюць на тое, што пад час яго праходзіць і цікавая фальклорная праграма, прычым часта — у касцёлах. Напрошваецца паралель з мінскім “Вясновым букетам”, ды і ў Гродне свае “Казюкі”, але ў беларускіх фэстаў непараўнальна меншы маштаб, вядомасць, рэклама.

Раз на тры гады ў Вільнюсе праходзіць фестываль “Балтыка”. Фэст вандруе па краінах рэгіёна: большасць удзельнікаў складаюць калектывы якраз адсюль. Запрашаюць часта украінцаў, грузінаў, бываюць удзельнікі са Швецыі, ЗША. Дарэчы, адзін і той жа гурт запрашаюць на “Балтыку” не больш за тры разы: аднойчы ў кожную краіну.

Раз на чатыры гады праходзіць Свята песні. Збіраецца неверагодная для нас колькасць гуртоў — гэткае спеўнае поле. Свае святы песні ёсць у латвійцаў і эстонцаў (раз на пяць гадоў), прычым усе гэтыя падзеі ў краінах Балтыі занесены ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Наступнае такое свята ў Літве зладзяць у 2018-м. Арганізуе яго Цэнтр народнай культуры (на фасадзе яго будынка так і пазначана: “Галоўны офіс Свята песні”). Што ж, вялікая падзея, мабыць, таму яе арганізацыяй займаецца ўстанова. У Эстоніі ж для гэтага створана асобнае падраздзяленне Міністэрства культуры.

Разам з песнямі і танцамі праходзяць кірмашы рамёстваў, выстаўкі, дэфіле ў традыцыйных і рэканструяваных строях. А ў перапынках паміж фестывалямі Літоўскі цэнтр народнай культуры выдае кнігі і дыскі, ладзіць выстаўкі. Іх серыя дыскаў пра розныя аспекты традыцыйнай культуры, што робяцца на літоўскай і англійскай мовах, дазваляюць у папулярнай форме атрымаць інфармацыю пра строй, танцы, будаўніцтва, рамёствы, ежу, абрады сялян.

І гэта толькі фестывалі ў сталіцы!..

А што ў нас?

Узнікае пытанне: дзе беларускія фестывалі такога маштабу? У нас на ўсю рэспубліку ледзь назбіраецца столькі, колькі ў адным Вільнюсе: “Покліч Палесся” ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах (дарэчы, сёлета ён пройдзе 12 — 14 чэрвеня), “Берагіня” ў Акцябрскім, фэст нацыянальных культур у Горадні. З некаторым нацягам можна назваць танцавальны конкурс “Мяцеліца”, што два апошнія гады праводзіць этнашкола гурта “Гуда” ў Мінску. Але гэта ўсё — падзеі не таго маштабу. Да вільнюскіх фестываляў нашым — як “Вясноваму букету” да “Казюкаса”.

Чаму? Пытанне не рытарычнае. Але усё ж варта перафармуляваць асноўны пасыл з “дзе маштабныя беларускія міжнародныя фальклорныя фестывалі?” у “дзе беларускія ўстановы, здольныя рабіць маштабныя міжнародныя фальклорныя фестывалі?” Прынамсі, я бачу пастаноўку пытання ў такім рэчышчы.

У Вільнюсе я налічыла чатыры ўстановы-арганізатара плюс аргкамітэты “Балтыкі” і “Казюкаса”, а таксама Літоўскае таварыства этнічнай культуры, што займаецца ўнутрылітоўскімі імпрэзамі: танцавальныя вечарыны і летнікі, Купалле і сонцастаянне, дзень балтыйскага адзінства. У Мінску… хто? Міністэрства культуры, перагружанае працай з паперамі? Дык мо трэба ствараць адмысловыя структурныя адзінкі, як эстонцы зрабілі для Свята песні?

Абласныя метадычныя цэнтры займаюцца рэгіянальнымі святамі, часам ладзяць міжнародныя фестывалі, але пра іх мала ведае шырокая грамада, не звязаная са сферай культуры. Да таго ж, такія імпрэзы праходзяць у рэгіёнах. А ў Мінску міжнароднага фальклорнага фестывалю, дзе б выступалі аўтэнтычныя спевакі і гурты-пераймальнікі, наогул няма.

Калісьці Інстытут культуры Беларусі зваўся Інстытутам праблем культуры і лічыўся чымсьці кшталту рэспубліканскага метадычнага цэнтра народнай творчасці. У рэгіёнах установа так успрымаецца, бадай што і цяпер. Але ў Інстытуце няма рэсурсаў для арганізацыі буйных фестываляў. Маглі б выручыць грамадскія арганізацыі, у таго ж Студэнцкага этнаграфічнага таварыства хапае знаёмстваў і сувязяў з замежнымі гуртамі, але, што прадказальна, не стае сродкаў.

Што рабіць? Як вы мяркуеце?

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"