Прафесія на ўсе часы

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

“Ёсць тры святыя прафесіі: настаўнік, лекар, бібліятэкар. Настаўнік вучыць, лекар лечыць, а бібліятэкар — і вучыць, і лечыць. Бібліятэкар — захавальнік і правадыр мноства кніг і часопісаў, розных дакументаў, электронных выданняў. Бібліятэка — гэта Палац ведаў, куды людзі звяртаюцца па інфармацыю”...

/i/content/pi/cult/536/11659/12-1.jpgГэтыя радкі з’яўляюцца своеасаблівым дэвізам навучальнай установы, перад вучнямі і педагогамі якога мне не так даўно давялося выступаць. Гаворка ідзе пра Магілёўскі бібліятэчны каледж імя Аляксандра Пушкіна, выпускніцай якога я стала ў далёкім 1991 годзе. На сустрэчу з юнацтвам мяне запрасіла намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Аксана Крупенька.

Ці думала я ў часы сваёй вучобы ў тады яшчэ тэхнікуме, што калісьці буду распавядаць такім жа, як і я навучэнцам, пра тое, як пачынала свой шлях у прафесію, якія рабіла памылкі, якія перамогі мяне чакалі?

Любы шлях, як вядома, мае сваю гісторыю. Ёсць ён у кожнага з нас, ёсць і ў паважанай намі навучальнай установы, дзе прайшлі лепшыя студэнцкія гады. Коратка пазначу асноўныя гістарычныя вехі гэтага шляху.

Тэхнікум заснаваны 26 кастрычніка 1946 г. і цягам амаль 70 гадоў з’яўляецца адзінай навучальнай установай у Рэспубліцы Беларусь, якая ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў бібліятэчнай справы з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У год заснавання тэхнікум не меў уласнага памяшкання, таму ў 1948 годзе пераведзены ў Мінск. У 1949-м установы стала насіць імя Пушкіна, па краіне раз’ехаліся 55 бібліятэкараў першага выпуску. У 1967 годзе тэхнікум пераехаў у Магілёў. 26 сакавіка 2009-га бібліятэчны тэхнікум перайменаваны ў Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя Пушкіна…

Сёння ён, як і многія іншыя навучальныя ўстановы краіны, перажывае не самыя лепшыя часы. На будучы год план прыёму складзе ўсяго 85 абітурыентаў, сярод якіх бібліятэчную спецыялізацыю атрымаюць 55 чалавек. А быў час, калі тут атрымлівалі прафессію бібліятэкара па 500 (!) навучэнцаў.

Што супрацьпаставіць гаджатам?

Урэшце, на мой погляд, наша прафесія сёння трансфармуецца не “у мінус”, а “у плюс”: яна пераходзіць у статус элітарнай. Такой, якой была да ХХ стагоддзя. Паверце, і тады бібліятэкары атрымлівалі заробак, не нашмат большы за наш сённяшні, ды і праблемы існавалі падобныя. І, разам з тым, бібліятэкары годна працавалі, не наракаючы на час.

Прывяду цікавы прыклад Віленскай публічнай бібліятэкі, у Дзённіку якой за 1911 ёсць цікавая заўвага: “изъ наблюденiй надъ числомъ читателей выводім такое заключенiе: чемъ лучше погода, темъ меньше читателей”. Сёння фразу можна трохі перайначыць: чым больш гаджатаў, тым менш чытачоў. Аднак, на надвор’е немагчыма ўплываць, а гаджэтам мы спакойна можам супрацьпаставіць рэальныя зносіны, якасныя паслугі і многае іншае, да чаго чалавек заўсёды будзе мець цікавасць. І тут усё залежыць толькі ад нас, бібліятэкараў: або “адсядзім” на працоўным месцы, або кожную гадзіну, кожную хвіліну прысвяцім любімай прафесіі. Ні для каго не сакрэт, што менавіта тады асобныя людзі, а затым і грамадства звернуць увагу на бібліятэкі і зразумеюць, што гэта — крута.

Менавіта таму будучыя бібліятэкары сёння абавязаны станавіцца экспертамі не толькі ў літаратуры (гэта, як кажуць, святое), але і ў псіхалогіі, педагогіцы, менеджменце, маркетынгу і многіх іншых спецыялізацыях. За два гады гэтаму навучыцца можна, прынамсі — атрымаць асновы прафесіі. Потым — альбо пастаянная самаадукацыя і справа ўсяго жыцця, альбо вечнае незадавальненне ўсім і ўся.

У сувязі з гэтым хачу звярнуцца да цяперашніх навучэнцаў і да тых, хто толькі думае над выбарам прафесіі: сёння ў бібліятэкарах “не адседзешся”. У прафесіі цяпер шмат праблем, хвалі аптымізацыі змяняюць эканамічнае становішча бібліятэчнай справы, але не кранаюць сутнасці прафесіі — служыць людзям. Што і робяць цяперашнія прафесіяналы.

Яркія і творчыя людзі, штодня на высокім узроўні выконваюць свае абавязкі (вядома іх не так шмат, як хацелася б, але для гэтага і існуе бібліятэчны каледж, задача якога — выпускаць крэатыўных бібліятэкараў). Бібліятэкі, у якіх яны працуюць, паспяхова ўкараняюць у жыццё сцвярджэнне: “бібліятэка — трэцяе месца, пасля дома і працы”.

У кожнага — свой шлях

Прыклады таму — лепшыя бібліятэкі і арганізацыі Магілёва і Магілёўскай вобласці, дзе па словах Аксаны Крупенька, навучэнцы праходзяць тэхналагічную практыку і дзе вывучаюць асноўныя тэхналагічныя працэсы дзейнасці бібліятэк; прымаюць актыўны ўдзел у рэалізацыі мэтавых праграм і праектаў, у абслугоўванні карыстальнікаў, працуюць з фондамі і каталогамі; удзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Пераддыпломная практыка праходзіць ва ўсіх абласцях рэспублікі на базе цэнтральных раённых і сельскіх бібліятэк, у асноўным па месцы жыхарства вучняў і па месцы будучай працы (па размеркаванні) выпускніка.

За час існавання бібліятэчнага тэхнікума каля 300 педагогаў падрыхтавалі і выпусцілі звыш за 20 тысяч спецыялістаў.

У сувязі з 70-годдзем установы прапаную ініцыяваць акцыю “Я — выпускнік бібліятэчнага тэхнікума!” І прапанаваць калегам-бібліятэкарам, выпускнікам розных гадоў напісаць свае гісторыі станаўлення ў прафесіі. Спадзяюся, што выкладчыцкі калектыў каледжа падтрымае ініцыятыву і размесціць такія гісторыі на сайце ўстановы.

Давайце падтрымаем сваю alma mater, зноў і зноў падкрэсліваючы: бібліятэкар — прафесія на ўсе часы.