Вопыт сумоўя

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў адзначае свой 70-гадовы юбілей маштабнай выстаўкай — на тры паверхі — у сталічным Палацы мастацтва. Падрабязна пра тэндэнцыі і плыні сённяшняй творчасці ў гэтай слыннай ВНУ — у наступных нумарах "К". Дарэчы, сапраўды шматлюдна аказалася ў зале, дзе экспанавалася скульптура. Пра гэта і сведчыць фотафакт "К".

У маі па ініцыятыве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Томскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томскай вобласці Расіі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Захаванне славянскай гісторыка-культурнай спадчыны: вопыт, праблемы і перспектывы”.

Ідэя сустрэчы нарадзілася пад час візіту кіраўніка беларускай дыяспары Томскай вобласці Любові Адаскевіч на леташні, другі па ліку, Фестываль мастацтваў беларусаў свету. У выніку, ініцыятыва знайшла прытулак на кафедры сусветнай гісторыі названага томскага ўніверсітэта. Вынік — мерапрыемства, якое аб’яднала больш як паўсотні навукоўцаў, што вывучаюць славянскія культуры ў гістарычным, культуралагічным, філалагічным і філасофскім аспектах. Геаграфія ўдзельнікаў: Томск, Мінск, Навасібірск, Барнаул, Кемерава, Северск, Марыупаль, Уроцлаў, Ерэван... Беларусь прадстаўляў аўтар гэтых радкоў, а, да прыкладу, сярод прадстаўнікоў Польшчы — колішні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол гэтай краіны ў Беларусі Марыуш Машкевіч.

Праблемнае поле канферэнцыі акрэслівалася, сярод іншага, вопытам адраджэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны славян, асаблівасцямі яе рэпрэзентацыі і трансляцыі ва ўмовах глабалізацыі. Вучоных цікавіла гістарычная дынаміка культур, функцыянаванне дыяспар славянскіх народаў у сучасным свеце, праблемы захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, міжкультурны дыялог і парадыгма міжкультурных камунікацый. Адпаведна, тэматыка дакладаў распасціралася ад разгляду феномена славянскай кнігі, праблем трансляцыі песеннага фальклора перасяленцаў да ролі грамадзянскіх ініцыятыў у захаванні традыцыйнай славянскай культуры, значэнні сацыяльных сетак у яе папулярызацыі...

Працу ў даследаванні названых кірункаў праводзіць гісторыка-філалагічны факультэт Томскага педагагічнага ўніверсітэта. Да прыкладу, тут працуе Цэнтр рускай і польскай моў — прадстаўніцтва Вроцлаўскага ўніверсітэта. І студэнты, якія засвоілі праграму адпаведнай лінгвістычнай падрыхтоўкі, маюць магчымасць стажыравацца або працягнуць навучанне ў Польшчы па магістарскай праграме двайных дыпломаў “Лінгвакультуралогія”. Праводзяцца тут і выязныя археалагічныя, фальклорныя і дыялекталагічныя практыкі ў розных рэгіёнах Расіі. Ну а паміж факультэтам культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ды гісторыка-філалагічным факультэтам ТДПУ падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве.

Праграма знаходжання ў Томску таксама ўключала наведванне гістарычных мясцін і ўстаноў культуры. Адна з такіх — першы Музей славянскай міфалогіі, які вядучыя спецыялісты ў сферы музеязнаўства называюць месцам павышэння кваліфікацыі экскурсаводаў. Наведвальнікі адразу прасякаюцца актуальнымі ідэямі музейнай педагогікі, інтэрактыўнага падыходу да працы з гасцямі ўстановы.

Павел САПОЦЬКА, выкладчык кафедры міжкультурных камунікацый БДУКіМ