У маі па ініцыятыве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Томскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томскай вобласці Расіі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Захаванне славянскай гісторыка-культурнай спадчыны: вопыт, праблемы і перспектывы”.
Ідэя сустрэчы нарадзілася пад час візіту кіраўніка беларускай дыяспары Томскай вобласці Любові Адаскевіч на леташні, другі па ліку, Фестываль мастацтваў беларусаў свету. У выніку, ініцыятыва знайшла прытулак на кафедры сусветнай гісторыі названага томскага ўніверсітэта. Вынік — мерапрыемства, якое аб’яднала больш як паўсотні навукоўцаў, што вывучаюць славянскія культуры ў гістарычным, культуралагічным, філалагічным і філасофскім аспектах. Геаграфія ўдзельнікаў: Томск, Мінск, Навасібірск, Барнаул, Кемерава, Северск, Марыупаль, Уроцлаў, Ерэван... Беларусь прадстаўляў аўтар гэтых радкоў, а, да прыкладу, сярод прадстаўнікоў Польшчы — колішні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол гэтай краіны ў Беларусі Марыуш Машкевіч.
Праблемнае поле канферэнцыі акрэслівалася, сярод іншага, вопытам адраджэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны славян, асаблівасцямі яе рэпрэзентацыі і трансляцыі ва ўмовах глабалізацыі. Вучоных цікавіла гістарычная дынаміка культур, функцыянаванне дыяспар славянскіх народаў у сучасным свеце, праблемы захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, міжкультурны дыялог і парадыгма міжкультурных камунікацый. Адпаведна, тэматыка дакладаў распасціралася ад разгляду феномена славянскай кнігі, праблем трансляцыі песеннага фальклора перасяленцаў да ролі грамадзянскіх ініцыятыў у захаванні традыцыйнай славянскай культуры, значэнні сацыяльных сетак у яе папулярызацыі...
Працу ў даследаванні названых кірункаў праводзіць гісторыка-філалагічны факультэт Томскага педагагічнага ўніверсітэта. Да прыкладу, тут працуе Цэнтр рускай і польскай моў — прадстаўніцтва Вроцлаўскага ўніверсітэта. І студэнты, якія засвоілі праграму адпаведнай лінгвістычнай падрыхтоўкі, маюць магчымасць стажыравацца або працягнуць навучанне ў Польшчы па магістарскай праграме двайных дыпломаў “Лінгвакультуралогія”. Праводзяцца тут і выязныя археалагічныя, фальклорныя і дыялекталагічныя практыкі ў розных рэгіёнах Расіі. Ну а паміж факультэтам культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ды гісторыка-філалагічным факультэтам ТДПУ падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве.
Праграма знаходжання ў Томску таксама ўключала наведванне гістарычных мясцін і ўстаноў культуры. Адна з такіх — першы Музей славянскай міфалогіі, які вядучыя спецыялісты ў сферы музеязнаўства называюць месцам павышэння кваліфікацыі экскурсаводаў. Наведвальнікі адразу прасякаюцца актуальнымі ідэямі музейнай педагогікі, інтэрактыўнага падыходу да працы з гасцямі ўстановы.
Павел САПОЦЬКА, выкладчык кафедры міжкультурных камунікацый БДУКіМ