Аматары “ціхай язды”

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

ХІХ стагоддзе прынесла ў жыццё Віцебска мноства новамодных тэхнічных навінак. Так, мясцовыя жыхары сталі ездзіць на веласіпедзе ці, як назваў яго вынаходнік Карл фон Дрэз, на “машыне для хады”.

/i/content/pi/cult/536/11648/14-3.jpg

Распаўсюджванню перашкаджала тое, што каштаваў новы транспарт дорага — 1 веласіпед каля 120 — 150 рублёў (для параўнання: карову можна было набыць тады за 25 рублёў). А колькі кепікаў давялося вытрымліваць жанчынам, якія вырашылі сесці на яго! Урэшце, часам гэтаму моднаму захапленню прыпісвалі ледзь не цудадзейныя ды лекавыя ўласцівасці! Пра тое пісалася ў тагачасных часопісах.

Спачатку гэта нават не быў спорт: веласіпед набываў той хто, меў магчымасць. З паведамлення энтузіяста веласпорту К.Шалепіна, надрукаванага ў часопісе “Самокатъ” за 1894 г.: “Першы веласіпед з’явіўся ў Віцебску ў канцы 70-х гадоў”. Гэта быў трохколавы экіпаж, які важыў 80 фунтаў. Такая машына прымушала прыкладаць значную сілу.

Самай першай віцябчанкай, якая стала ездзіць на веласіпедзе, у 1893 годзе стала М.А. Серафімовіч. Яна ж была першым чэмпіёнам Віцебска па “ціхай яздзе”. Цяпер любыя спаборніцтвы вядуцца за хвіліны, метры, а ў канцы ХІХ стагоддзя шырокае распаўсюджанне набылі “гонкі” па прынцыпе “хто павольней”. Пераможцам у іх станавіўся той, хто праязжаў дыстанцыю за большы час. Упершыню спаборніцтвы па “ціхай яздзе” зладзілі ў Віцебску ў садзе “Ялагі” сярод членаў аб’яднання веласіпедыстаў “Уніон”. Там жа разыгралі залаты прыз “Лепшы яздок горада”. Сад “Ялагі” не быў прыстасаваны для гонак: вузкія алеі тут перакрыжоўваліся пад прамым вуглом (мо таму адзін з пяці ўздзельнікаў наскочыў на дрэва). Урэшце, веласіпедныя спаборніцтвы, як навінка для Віцебска, былі добрай рэкламай сада. Калі ў Мінску ўпершыню сеў на веласіпед пераможца многіх міжнародных гонак М.Дзевачка, дык Віцебску належыць прыярытэт па правядзенні першых у Беларусі “гонак”.

Цікавы выпадак адбыўся ў горадзе на Заходняй Дзвіне ў жніўні 1896 года. Тут даваўся старт дальняй паездцы самакатчыкаў на мастацка-прамысловую выстаўку ў Ніжні Ноўгарад. Ім належыла пераадолець ў два канцы больш за дзве тысячы кіламетраў. Шасцёра віцябчан нават не думалі, што ўстановяць рэкорд дальняга прабегу для свайго часу. Балазе ахвотных паўдзельнічаць у гэтай вандроўцы было шмат. Але калі на гарадской Ратушы гадзіннік прабіў дзясятую раніцы, да вандроўкі аказаліся гатовымі толькі шасцёра. Маршрут быў распісаны па днях. Кіраўнік прабега Пражасецкі аказаўся не толькі вопытным веласепідыстам, але і добрым арганізатарам.

Машыны іншаземных марак каштавалі дорага. Як водгук на гэту сітуацыю ў Віцебску Таварыства К. і М.Блохаў і Я.Сіроткіна на вуліцы Замкавай, дом Слуцкай, каля турэцкай булачнай арганізавала дэпо музычных інструментаў і веласіпедаў англійскіх фабрык пад брэндамі “Энфильдъ” і “Науманъ”. За гадзіну пракату бралі ад 25 да 60 капеек — у залежнасці ад якасці машыны.

Пазней у Віцебску адкрылася аддзяленне “Расійскага аб’яднання веласіпедыстаў-турыстаў”, што ўзнікла праз дарагоўлю машын і іх пракату. Самастойны клуб атрымаў права на арганізацыю платных спаборніцтваў і вечарын, латарэй і танцаў. Атрыманы даход ішоў на набыццё веламашын. Віцебск, ветэран веласпорту, захаваў сваё аддзяленне да пачатку Першай сусветнай вайны, пакуль веласіпеды не былі рэквізаваны для патрэб самакатных батальёнаў.

Іна ЯКУБОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея