Завіткі ды бісквіты

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Новае ў музеі: парцалянавы кубак з выявай жонкі Антонія Радзівіла
Не часта ў музеях можна ўбачыць старадаўнія чайныя кубкі, аздобленыя краявідамі, партрэтамі. Гэтыя прадметы звяртаюць на сябе ўвагу незвычайнай формай, фігурнымі ручкамі, дэкорам. У зборах музея “Замкавы комплекс “Мір” такіх налічваецца тры. Яны былі створаны на Каралеўскай берлінскай парцалянавай мануфактуры, пра што сведчыць падглазурная сіняя марка ў выглядзе скіпетра.

/i/content/pi/cult/536/11647/14-2.jpg

Датуюцца гэтыя прадметы першай трэццю — сярэдзінай XIX стагоддзя. Менавіта ў гэты час былі папулярныя і карысталіся вялікім попытам падарункавыя кубкі з відавым паліхромным жывапісам. На іх таленавітыя і высокакваліфікаваныя мастакі берлінскай мануфактуры малявалі манументы, гарадскія пейзажы, помнікі архітэктуры, будынкі.

У дэкоры тамтэйшай парцаляны скарыстоўваліся таксама папулярныя кветкавыя і раслінныя матывы. Падарункавыя кубкі ўпрыгожвалі астрамі і гваздзікамі, ружамі і макамі, прымуламі і ўюнкамі, васількамі і каласамі, вянкамі з дубовых і лаўравых галінак, гірляндамі са сцяблін плюшчу і вінаграднай лазы. Гэта былі рамантычныя пасланні на мове кветак, добра зразумелай адрасату.

У першай палове XIX стагоддзя папулярнымі сталі таксама кубкі з вытанчанымі бісквітнымі барэльефамі на матавым залатым фоне авальнага медальёна. Напрыклад, парцалянавыя кубкі з барэльефам каралевы Прусіі Луізы. Па адным такім асобніку ёсць у пастаянных экспазіцыях Дзяржаўнага Эрмітажа і Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі.

“Замкавы комплекс “Мір” нядаўна папоўніў сваю калекцыю чайнай парай з падобным бісквітным барэльефам. На кубку прадстаўлена пагрудная выява Фрыдэрыкі Дароты Луізы Філіпіны Прускай, жонкі князя Антонія Генрыка Радзівіла, апошняга ўладальніка Мірскага замка з роду Радзівілаў, якая ў 1806 годзе разам з прускім дваром збегла і ў выгнанні разам з каралевай Луізай належыла да патрыятычна настроенага антыфранцузскага кола.

У 1796 — 1815 гадах Луіза мела літаратурны салон. Разам з мужам у сваім берлінскім доме ў палацы Радзівілаў на Вільгельмштрасэ Луіза прымала шматлікіх дзеячаў мастацтва і навукоўцаў. З 1816-га яна пражывала ў Познані, дзе яе муж служыў намеснікам у вялікім герцагстве. Там яна заснавала прытулкі для бедных і іншыя дабрачынныя ўстановы.

Гістарычныя катаклізмы, якія ўзрушвалі Еўропу ў пачатку XIX стагоддзя, пакінулі свой след на вытворчасці Берлінскай мануфактуры. На змену вытанчанаму стылю ракако прыйшоў класіцызм, які трансфармаваў форму і аздабленне парцаляны. Змяніўся і асартымент вырабаў. Пасля гадоў вайны і напалеонаўскай акупацыі галоўнай каштоўнасцю для людзей стаў мірны дом і ціхія радасці сямейнага дабрабыту. Запатрабаванымі ў той час аказаліся не грандыёзныя сервізы, а асобныя кубкі, якія ўвайшлі ў моду ў якасці сувеніра. Яго прывозілі з падарожжаў, дарылі ў знак сяброўства або любові. Такія кубкі не ставілі на стол, з іх не прынята было піць гарбату. Іх беражліва захоўвалі ў горках-вітрынах разам з успамінамі, якія яны ўтрымлівалі. Дзякуючы гэтаму, да нашых дзён і дайшлі ўзоры далікатных вырабаў Каралеўскай берлінскай парцалянавай мануфактуры.

Вольга КАЛАСОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік Замкавага комплексу “Мір”