Грошы на культуру: пытанне да багатых людзей

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Брэст / Брэсцкія нататкі: меркаванні шоумена
26 мая ў Георгія Волчака — сольная праграма ў мінскім Палацы культуры МАЗа. А ў першай дэкадзе месяца ён прыняў запрашэнне нашай газеты здзейсніць сумесны марш-кідок у яго родны Брэст, каб наведаць асяродкі культуры горада, якія сінтэтычны акцёр наведваў у дзяцінстве і юнацтве. Прайсціся, паўзгадваць і даведацца, чым сёння дыхаюць тыя ўстановы...

/i/content/pi/cult/534/11607/10-1.jpg

Круціцца Волчак

Будаваць сваю кар’еру ў горадзе над Бугам Георгій пачаў гадоў у пяць, калі на падоранай дзіцячай балалайцы граў серэнады перад дзвярыма дамы сэрца — Валюшы. “А ты мне казала, што прыйдзеш сёння!” — пакутвала дзіця, пакутвалі ад ляманту “Рамэа” жыхары дома, пакутвала і каханая, якая назірала сольнік-прысвячэнне ў замочную адтуліну. Праз год Жора ўжо асвойваў акардэон, а ў сямігадовым узросце, не паведаміўшы бацькам, самастойна паступіў у музычную школу (загадчыкам там працаваў сусед Волчакаў). Маме і тату было абвешчана, што іх сын таленавіты (і як інструменталіст, і як спявак, чый голас да мутацыі нагадваў нават Раберціна Ларэці). Такім чынам 14 рублёў 80 капеек раз на квартал выдаткоўваліся на яго навучанне.

Па заканчэнні “музыкалкi” падлетка залічылі на тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне музычнага вучылішча (цяпер Музычны каледж імя Рыгора Шырмы). І акурат там да 14-гадовага юнака прыходзіць разуменне таго, што найважнейшымі з мастацтваў для яго з’яўляюцца ўсё ж такі кіно і тэатр. Да “здрады” музыцы яго падштурхнулі “капуснікі”, якiя практыкавалiся ў вучылішчы, дзе Георгій быў аўтарам і акцёрам (і першыя свае пародыі Волчак рабіў там: на спартыўнага каментатара Мікалая Озерава, да прыкладу).

На адным з прадстаўленняў Георгія пабачыў тагачасны галоўны рэжысёр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Сяргей Яўдашанка і запрасіў яго ў трупу. Такім чынам, не скончыўшы вучылішча, у 17 гадоў Волчак становіцца тэатральным акцёрам (з роляў таго часу — Керубіна ў “Вар’яцкім дні, або Жаніцьбе Фігаро”, Колесаў у “Развітанні ў чэрвені”). Натуральна, артысты, якія атрымалі прафесійную адукацыю, пачалі наракаць на гэтую “мастацкую самадзейнасць”. Тым часам Георгій…

— Глядзеў я на светлавое абсталяванне, якое выкарыстоўвалася ў спектаклях, і думаў, што апаратуру можна ўжыць і па іншым прызначэнні, што мела адбіцца на наведвальнасці, — прыгадвае Георгій. — Думаў я пра дыскатэку (досвед працы дзі-джэем у мяне меўся), якую мы і сталі праводзіць па заканчэнні вячэрніх спектаклей. Глядач купляў білет на спектакль, а пасля яго — па тым жа білеце — мог застацца на танцавальную праграму. Моладзь да нас і ламанулася! Мяркую, што ішла яна на дыскатэку, а ці зазіралі маладыя людзі ў тэатральную залу — не ўпэўнены. І вось сыграў я, напрыклад, маленькага джазіста ў п’есе Радзінскага “Яна ў адсутнасці кахання і смерці”, а потым у белым гарнітуры круціў “Electric Light Orchestra”. Дзяўчаты вішчалі ад захаплення! А вось “старым” у тэатры задумы аказаліся не даспадобы.

Пад час гастролей брэстчан у Севастопалі Волчаку прапанавалі службу-працу ў матроскім клубе, але ён здрэйфіў: “Тры гады на флоце, хоць і ў якасці артыста... Не”. Урэшце, наш герой служыць у Германіі. А затым паступае — у 1984 годзе — у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе будучы “акцёр драматычнага тэатра і кіно” (такая спецыяльнасць Волчака) як акардэаніст уваходзіў у склад рок-гурта навучэнцаў. Ён называўся... “Бонда”! Так, тая самая “Бонда”, легенда беларускага року! Уласна, з таго часу ў горадзе над Бугам наш герой бывае наездамі.

— Якім было маё ўспрыняцце культуры Брэста ў тыя гады?.. — задумваецца Георгій Сяргеевіч. — У асноўным, звязана яно з музычнай школай, вучылішчам і тэатрам, з клубам чыгуначнікаў, у народным тэатры якога я граў у спектаклі “Дзівакi” па апавяданнях Шукшына. Затым там жа стаў клавішнікам ў ВІА “Пістоны” (Антонава, “Лейся, песню”, “Сінюю птушку” здымалі “адзін у адзін”!). Урэшце, мы, піянеры, замянілі “лабухаў”, якія выступалі ў клубе на танцах, а за намі прыходзілі бацькі, каб пасля мерапрыемства забраць 10 рублёў ганарара. За месяц набіралася 120 — сярэдні заробак па краіне. З паўгода на дывановым камбінаце з’яўляўся мастацкім кіраўніком тэатра (праўда, так нічога і не паставіў). Падабалася бываць у Краязнаўчым музеі, само сабой, у Музеі абароны Брэсцкай крэпасці. Усю яе аблазілі з хлопцамі, шмат чаго знаходзілі — аж да аўтаматаў.

І таксама ў галіне балета...

Першай “кропкай” для нас з Георгіем Волчакам у Брэсце выпала стаць Дому культуры чыгуначнікаў (некалі клубу). У ім не мылі — націралі падлогу да такога бляску, што люстэркi здаліся мне тут лішнімі. Ну і адразу ж з холла гэтай установе могуць пазайздросціць некаторыя тэатры краіны.

— За станам ДК сочым пільна, — пацвярджае Фёдар Мазоль, намеснік дырэктара па культурна-масавай рабоце (дарэчы, выпускнік таго ж музвучылішча). — А дэвіз “Кадры вырашаюць усё!” яшчэ ніхто не адмяняў. Нашы кадры — тэхнічныя, творчыя — усё і вырашаюць.

З творчых Фёдар Аляксеевіч вылучыў два народныя тэатра, узорную дзіцячую эстрадна-вакальную студыю “Фантазія”, ансамблі “Фартуна” і “Славяначка”. І паспрабаваць рэалізаваць уласныя таленты тут могуць усе жыхары горада, а не выключна работнікі Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі і члены іх сем’яў. Усе гурткі (акрамя тэатральных) у ДК платныя (штомесяц — каля 100 тысяч рублёў). А гаворачы аб фінансаванні ўстановы, спадар Мазоль адзначыў, што чыгунка робіць усё, што ў яе магчымасцях.

— Скардзіцца не хачу, — зазначае ён, — але паглядзіш, дапусцім, на якім-небудзь рэспубліканскім мерапрыемстве, у чым выступаюць іншыя калектывы, і нават пазайздросціш. Так, мы таксама стараемся па меры магчымасцей абнаўляць гардэроб, але на кошт, скажам, тканіны ўвагу звяртаем. Апаратура ў нас добрая, але каб мелі большыя сродкі, дакупілі б лепшай, больш сучаснай…

У адным з пакояў Волчак сустракае старадаўняга прыяцеля, які працуе ў Доме культуры, — абдымкі, усмешкі, воклічы. Артыста ў калідоры пазнаюць маладыя супрацоўнікі ўстановы. У глядзельнай зале Мазоль, узяўшы працяглую ноту, дэманструе яго акустыку, а V.I.P.-персона сядае за фартэпіяна і, акампануючы сабе, напявае папулярны савецкі хіт “Ну што цябе так цягне танцаваць?”. А ў вялікай харэаграфічнай зале Георгій Сяргеевіч нават паказвае балетныя па.

Тэатр — гэта...

На чарзе — Акадэмічны тэатр драмы. Тэатр жыў звычайным працоўным днём — са спектаклямі і рэпетыцыямі. На адну з іх у малой зале зазірнулі і мы: я нават крадком зрабіў некалькі здымкаў, за што рэжысёр пастаноўкі пагразіла мне пальцам. Урэшце, і яна, і хтосьці з артыстаў аказаліся колішнімі калегамі Волчака. На другім паверсе Георгій нетаропка разглядаў фотагалерэю трупы, прыгадваў гісторыі, звязаныя з той ці іншай асобай, а затым перайшоў да разваг сур’ёзных:

— І ў 1970 — 1980-я паходы ў тэатр для школьнікаў, ПТВшнікаў былі “абавязалаўкай”. Але ў студэнтаў, у моладзі, у дарослых яны карысталіся ўжо ўвагай натуральнай. Да ўсяго, з варыянтаў баўлення вольнага часу і забаў меліся кіно, канцэрты, танцавальныя вечары, музеі, балет, цырк. І тэатр. А сёння — і гэта ўсё, і процьма іншага, што, бадай, і не мае адносін да культуры. І цяпер, каб завабіць публіку ў тэатр, трэба пастаноўкамі здолець перабіць цікавасць да гэтай самай масы ўсяго іншага. І выкручваюцца, як могуць — эпатажнымі, скандальнымі спектаклямі, папсовымі антрэпрызамi. І тое не факт, што глядач пойдзе. Зараз, перш за ўсё, ідуць на імёны. А якія гэта імёны? Са свецкай хронікі. Тая акцёрская школа і цяперашняя — рэчы абсалютна непараўнальныя. Хто сёння ў акцёрах? Добра, я сам трапіў у тэатр з самадзейнасці, але ў мяне ўжо меўся музычны багаж, нейкія намёкі на прафесійныя навыкі, імкненне вучыцца рамяству. А зараз у акцёры ідуць адразу з КВЗ — і ўвесь той “дзіцячы сад” пераносяць у свае працы, не развіваючыся, не вучачыся. Гэгі дзеля гэгаў, што ні слова, то адна вялікая... Ну, вы тое слоўца не надрукуеце. Учора ты быў Міша Галустян — дзяўчынка з касічкамі і барадой, папярэднік Канчыты Вурст, а сёння — зорка экрана, фільмы з удзелам якога, праўда, нармальнаму чалавеку з нармальным пачуццём гумару глядзець не рэкамендуецца. Дык Мішу я яшчэ прыгадаць магу, а беларускіх артыстаў з пакалення 30-гадовых, хто хоць неяк прыкметны ў станоўчым або адмоўным сэнсе?

На думку Георгія Сяргеевіча, у маладых артыстаў знікла культура ігры, індывідуальнасць: “Усё роўненька, без іскры, усе падобныя адзін на аднаго. А яшчэ самі па сабе да такой ступені, што дух сям’і з тэатра выветрыўся”. Акцёраў, мяркуе візаві, губіць лішак інфармацыі, які яны не напрацоўваюць і не перапрацоўваюць, а выхопліваюць адтуль мінімум, які, не асабліва асэнсоўваючы, павярхоўна пераносяць у сваю дзейнасць. Такая скапіраваная творчасць выглядае не жывым, а клішаваным, штучным. Прычына дэпрафесiяналiзацыi яшчэ і ў тым, што беларускія тэатры амаль не гастралююць: не глядзяць, што і як робяць калегі ў краіне і за мяжой, адпаведна, — застойваюцца.

— Ларыса Аляксандраўна, — звярнуўся я да спадарыні Навіцкай, намесніка генеральнага дырэктара тэатра па інфармацыі і арганізацыі гледача, — давайце паспрабуем на прыкладзе вашага тэатра пацвердзіць або абвергнуць некаторыя тэзісы, выказаныя вышэй Георгіем Сяргеевічам. Узровень тэатральнага майстэрства ўпаў: вы з тым пагаджаецеся?

— Я б не была настолькі катэгарычнай, калі, скажам, нас запрашаюць на гастролі па рэспубліцы. А меркаванне калег — гэта меркаванне калег. Другое. Запаўняльнасць залы. Па выніках мінулага года мы былі ў краіне ў ліку лідараў (як і Вялікі тэатр, Купалаўскі і Горкаўскі) з паказчыкам 76% прададзеных білетаў (максімальны кошт у нас — 60 тысяч рублёў).

— Пачуў слова “гастролі”...

— Па рэспубліцы выязджаем разы два на год на 4-6 дзён.

— Нішто сабе... Пра ўзровень тэатральнай публікі што-небудзь скажаце?

— Ад публікі хочацца большай павагі і разумення. Асабліва гэта тычыцца маладога гледача. І тут на дапамогу могуць прыйсці ўстановы адукацыі, з якімi хочацца большага ўзаемадзеяння. Разумееце, разавы глядач, непрывучаны да тэатра, літаральна вымушаны рабіць цяжкую для яго інтэлектуальную працу. Таму і цікавасці ў такой публікі няма ў вачах. А калі ў школе, у інстытуце навучэнцам будуць тлумачыць, не фармальна, што такое тэатр, што ён дае і тое — не проста паход, каб пацешыцца і тут жа забыцца.

На развітанне пажадаўшы Ларысе Навіцкай такога гледача, пацікавіўся, што ёй яшчэ хочацца мець у тэатры з матэрыяльна-тэхнічнага складніка. Высветлілася, што ў ім няма сістэм клімат-кантролю і публіцы гарачымі летнімі вечарамі неміласэрна спякотна. Іншая мара намесніка дырэктара — абнаўленне светлавой і гукавай апаратуры. Тэма знаёмая...

Добрае слова пра...

У Дзіцячай музычнай школе №1 дзеці з інструментамі накіроўваліся хто на заняткі, а іншы — вяртаўся з урокаў. Усе запар будучыя мэтры, як Эдуард Ханок, Ігар Карнялюк або Расціслаў Крымер, якiя у розныя гады вучыліся тут.

— 80% выкладчыкаў — гэта выпускнікі нашай школы, — паведамляе яе дырэктар Аляксандр Салонінка (выпускнік музвучылішча і даўні таварыш Волчака) і ўсміхаецца: — Шкада, што Георгія Сяргеевіча сярод іх няма.

Кожны год у падрыхтоўчую (самаакупную) групу ДМШ паступае 80 — 100 дзяцей, навучанне аднаго каштуе 400 тысяч рублёў у месяц. У самой школе вучыцца каля 550 чалавек і штомесячная аплата складае каля 90 тысяч.

— Таксама набіраеце ўсіх запар? — цікаўлюся я, памятаючы пра паездку з музыкантам “Беларускіх песняроў” Аляксандрам Кацiкавым у Астравец.

— Конкурс менш, чым 10-15 гадоў таму, — пачынае Аляксандр Яўгенавіч. — Гэта факт, і звязаны ён з падзеннем прэстыжу прафесіі музыканта. Зараз жа ў трэндзе спецыяльнасці, дзе ёсць рэальныя грошы. Бацькі і арыентуюць дзяцей на такія сферы. Акардэаніст зараз не патрэбен, нават у вёсцы. Ды і дзеці пайшлі... лянотныя, ці што. А музыка — гэта велізарная праца. Вось і атрымліваецца, што музычная школа, у тым ліку, сёння — адзін з апошніх прыстанкаў для дзяцей, у якіх яны могуць развіваць уласны інтэлектуальны ўзровень, акрамя агульнаадукацыйных устаноў, вядома ж. Я перакананы: скрыпка, гітара, фартэпіяна становяцца бар’ерам на шляху ўсялякай брыдоты.

Праўда, зыходзячы з асабістага вопыту і назіранняў, дырэктар з сумам канстатуе, што сярод тых, хто, у прыватнасці, заканчваў і яго школу, у далейшым сцяжыну прафесійнага музыканта абралі адзінкі. Прычыны названы 
вышэй.

Аб праблемах сваёй ДМШ Аляксандр Яўгенавіч моцна сумаваць не стаў: рамонт будынка паволі, але робіцца; новы раяль не зашкодзіў бы, але пакуль граюць і на старым. А вось пра музычныя вучылішчы ў яго ёсць меркаванне вызначанае. Іх у рэспубліцы больш за дзесяць, гэта шмат, паколькі набор у іх навучэнцаў з кожным годам скарачаецца. Вось дзе ёсць магчымасць разгарнуцца аптымізацыі.

Планавая культура

Вяртаўся я ў Мінск у адзіноце. Георгій застаўся ў Брэсце яшчэ на суткі: пад горадам ён са сваім братам дабудоўвае дачу, да ўзвядзення якой Волчак і мяне культурна далучыў на паўгадзінкі. І па традыцыі заключнае слова прадастаўляецца нашаму герою:

— Спачатку скажу за шоу-бізнес, якога ў нашай краіне няма. Я не магу назваць шоу-бізнесам тую дзейнасць, якая ў значнай ступені кантралюецца дзяржавай. І культура ў цэлым, на мой погляд, такая ж — несамастойная. Ёй кіруюць, яе плануюць, як і 30-40-50 і гэтак далей гадоў таму. Гэта нармальна на ўзроўні агульнадзяржаўных, буйных праектаў. Але калі ў нас практычна кожнае вясковае свята ўзгадняецца, пад яго пішацца сцэнар, які, мабыць, павінен быць завізiраваны, то і культуру мы маем на выхадзе адпаведную — абавязкова-паказальную. Асобнае пытанне з яе фінансаваннем. Прычым, дзяржаве я гэта пытанне задаваць не збіраюся. Задаў бы яго нашым багатым людзям. На Захадзе, калі буйны бізнесмен не “адсцёгвае” на культуру пэўны адсотак са сваіх прыбыткаў, яго лічаць ізгоем. Наш чарговае футра купіць жонцы, а нешта вылучыць на культуру — ані! Ёсць, вядома, тыя, хто дапамагае, але іх мізэрная колькасць, і пра нейкі мецэнацкi рух казаць не даводзіцца. (Кажуць, уся справа ў падатках, але хтосьці шукае і знаходзіць спосабы для аказання дапамогі.) А потым мы разводзім рукамі — чаму на канцэрты ў філармонію, скажам, ансамбля танца ходзяць гледачы ў асноўным “са сваіх”. Таму што рэкламы мала, выступленні лепшых айчынных выканаўцаў прапагандуюцца мала, самі яны не падаюцца публіцы як нейкія неверагодныя з’явы. У дзяржавы грошай няма на такое масіраванае прасоўванне артыстаў, ў спонсараў таксама. Дзіўна нават, што культура яшчэ ёсць...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"