Сёння — звычайная з’ява, калі дамы ў вёсках, што абязлюдзелі, набываюць гараджане, каб займець там лецішчы. Ціневічы такі лёс абмінуў з той прычыны, што стаіць вёска ў баку ад вялікай дарогі. Гэта ад шашы Навагрудак — Баранавчы тры кіламетры па грунце. На Ціневічах дарога і заканчваецца. Жыць у гэтай, па беларускіх мерках, глухмені не надта зручна, але некаторы час адпачнуць ад гарадскога тлуму — у самы раз.
Сёння нашымі намаганнямі Ціневічы — паўнавартасная турыстычная вёска “Белыя лугі”. Тут сем дамоў, у якіх яшчэ нядаўна жылі сяляне, маюцца карчма ды лазня. Вясковая вуліца — брукаваная. З даваеннага часу вёска захавалася амаль у нязменным выглядзе. Бадай, адзіны новатвор на гэтай прасторы — навес-эстрада, дзе будуць выступаць артысты ў час фальклорных фэстаў. Але пабудова даволі далікатна ўпісана ў наваколле. “Белыя лугі”, адзначу, унікальны аб’ект ў сістэме беларускага агратурызму. Бо гэта не асобная сядзіба, а менавіта цэлая вёска. І не адмыслова пабудаваная, а — аўтэнтычная.
Днямі адбылося афіцыйнае адкрыццё “Белых лугоў”. На імпрэзу сабралося да 200 чалавек. Збольшага — мясцовыя людзі, але былі і мінчане. Прысутнічалі на свяце і прадстаўнікі раённай адміністрацыі. Мяркую, што атрымалася някепска. Дзеля такой нагоды быў паказаны старажытны абрад, які ў нашых прашчураў папярэднічаў сяўбе. Потым — песні і танцы, катанне на возе. Госці сілкаваліся традыцыйнымі беларускімі стравамі нашага гатунку. Напрыканцы ж артысты-аматары прыехалі з Кобрына і Карэлічаў. Яны дадалі сучасных рытмаў у імпрэзу традыцыйнага кшталту.
Ад нас да Міра — трыццаць кіламетраў. Мелі мы гаворку з дырэкцыяй замкавага комплексу. Афішы нашага свята былі ў замку, і ў самім Міры. Кіраўніцтва ўстановы лічыць, што супраўніцтва з намі пры пэўных умовах можа быць плённым.