Лепш за многіх дарослых

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Ірэна КАТВІЦКАЯ, этна-спявачка, кампазітар, піяніст
Канцэрт-фэст “Новая генерацыя: традыцыі і сучаснасць Беларусі” мы праводзім другі год запар. І мо ў кагосьці ўзнікне пытанне: чаму я са сваімі этна-праектамі аб’яднала намаганні са студыяй Лізы Паповай, дзе займаюцца менавіта эстрадным вакалам? Паспрабую адказаць на яго.

/i/content/pi/cult/534/11596/6-2.jpgМае фолк-малечы, падкаваныя ў традыцыі песеннага мастацтва, ведаюць рытуальныя беларускія песні і нават адрозніваюць на слых Палессе ад іншых рэгіёнаў. А вакалісты-эстраднікi, дзеці, якія заўтра зоймуць месца нашых поп-выканаўцаў, пра гэта мастацтва бадай і не чулі. Вось для гэтага і адбываецца такая канцэртная сустрэча, калі можна паслухаць і нават развучыць прыгожую беларускую песню разам. А калі яе спяваюць лаўрэаты міжнародных конкурсаў, фестываляў і фальклорных форумаў, калі гэтая песня выконваецца пад бас-гітару, джамба, флейту ў стылі этна-джаз, — цікавасць гледачоў забяспечана. Ды што дзеці! Некаторыя дарослыя ўпершыню чуюць традыцыйныя напевы ад гэтых “казюрак” з фолк-гурта “Рада” і дуэта “Вера і Патрыцыя”.

Юныя ўдзельнікі канцэрта, лаўрэаты Кубка Еўропы, “Варшаўскага паланэза”, “Берлінскай перліны”, “Маладых талентаў Беларусі”, аўтарскай музычнай праграмы “Этна-Фантазія”, ужо даўно спяваюць лепш за многіх дарослых, а галоўнае — больш вольна, смела і цікава. Таленавітых дзяцей аб’ядноўвае дэвіз “Традыцыі і сучаснасць Беларусі”, паколькі яны цікавяцца ўсім — ад нашай традыцыйнай музыкі да сучаснай эстрады, з азартам дэманструючы фолк, этна-джаз, хіты поп-культуры. Мы штогод змяняем пляцоўку для нашых маленькіх выканаўцаў, а яны любяць разважаць пра акустыку і атмасферу залы. Летась ёю быў Маладзёжны тэатр эстрады, сёлета, 26 мая, “кропкай” стане Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Я займаюся выкладаннем народнага вакалу даўно, і з кожным годам мне ўсё больш цікава займацца сваёй справай. А новая генерацыя часам выклікае захапленне! Яны з тонкім гумарам, мэтанакіраваныя, вельмі рухомыя, з такой здаровай энергіяй! Таму і атрымліваю задавальненне ад працы. Тым больш, працэс стварэння новай кампазіцыі або аранжыроўкі на аснове добра вядомай фолк-песні адбываецца на вачах дзяцей. Мы разам спрабуем і адбіраем: як гучыць гэты басовы рыф з той ці іншай мелодыяй, а якая павінна аказацца даўжыня фразы ў спалучэнні са зменай танальнасці і музычнай формы.

Зараз такі час, калі цікавасць да традыцый узрасла. Бацькі, бабулі і дзядулі імкнуцца праз сваіх дзяцей “наладзіць кантакт” з гісторыяй нацыі. Мяркую, сёння не хапае такіх канцэртаў для бацькоў і дзяцей, якія хочуць быць у кантэксце беларускай культуры. Але — сёе-тое робіцца. Напрыклад, Дзень вышыванкі вельмі запатрабаваны менавіта праз магчымасць у яго рамках адпачыць і атрымаць асалоду усёй сям’ёй, вывучыўшы з мамай ды татам і пракаветны ўзор, і старажытную песню сваіх продкаў. Карацей, ствараюцца такія дадатковыя формы сямейных зносін, якія немагчыма раней было нават уявіць. Я, дапусцім, заўважыла, што вопыт заняткаў-вучобы разам са сваім дзіцем здымае напружанне з дарослага: ён ужо не абавязаны быць больш дасведчаным, адказным, паспяховым за малечу. Мы ж разам вучымся!

Наогул, забаўляльна-адукацыйных форм пад час фэсту запланавана некалькі: можна будзе паслухаць шматгалоссе без суправаджэння інструментаў, блізка да таго, як спяваюць бабулі. Прагучаць жывыя інструменты: скрыпка, флейта, гітара, акарына і яшчэ сёе-тое (пакуль сакрэт). Яшчэ варыянт — электронныя эксперыменты з фолкам. Святочным бонусам стане прэм’ера беларускіх абрадавых песень “Новая навіна” і “Масленіца” ад дзіцячага ансамбля “Рада” з джаз-бэндам і купальскай песні ад этна-дуэта “Вера і Патрыцыя”. У антракце ж для ўсіх цікаўных адбудзецца “чытанка” для дзяцей. Музычныя вобразы створыць кампазітар і акардэаніст Аляксей Варсоба. А напрыканцы мерапрыемства кожны госць і ўдзельнік атрымае магчымасць вывучыць і праспяваць разам з намі беларускую народную песню “Песенька, мая харошая” з абраду “Пахаванне Стралы”.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"