“Песням больна будзя!”

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

За што варта бабуль любіць…
Супрацоўнік Веткаўскага музея Генадзь ЛАПАЦІН напісаў (дакладней — запісаў) чарговую кніжку. У цэнтры яе — бабуля Варвара Грэцкая (1925 года нараджэння) з пасёлка Амяльное і яе погляды на жыццё ды культуру. Бабулі — даўняя “спецыялізацыя” Лапаціна. Ён у пошуках народнай ісціны не з адным іх дзясяткам пазнаёміўся ў самых розных куточках Веткаўшчыны.

/i/content/pi/cult/530/11497/12-2.jpg

Чытацкае здзіўленне — ад глыбіні кніжнага зместу. “Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры” — своеасаблівы падручнік па разуменні свету для тых, хто любіць Айчыну. З-за чарнобыльскага ператрусу знікла Амяльное. Але баба Вара, пераехаўшы ў Ветку, захавала увесь, як кажуць навукоўцы, фальклорна-этнаграфічны комплекс малой радзімы. І што вы думаеце? Вакол яе людзі пачалі збірацца. І на падворку бабулі зноў гучаць песні, якія яшчэ ейная прапрабабуля спявала… Нават адзін чалавек здольны захаваць і мову сваю, і культуру.

Мяне ж вось якія згадкі Варвары Аляксандраўны ўразілі ў кнізе: “Калісь сядзім так увечары, пяёма. А наша баба: “Ааа! Бяспутныя. Ня пейця этыя песні!” — “Баб, чаго?” — “Ім больна будзя, што не воўрамя пеяцё!” Каляндарная песня, як чалавек, жыве тады, калі Бог наканаваў… Але апрача фальклорна-этнаграфічнага бабульчынага “рэпертуару”, які Генадзь, з кім мы знаёмыя гадоў трыццаць, запісваць пачаў аж з 2005 года, ёсць у кнізе і раздзел народнай педагогікі, дзе Грэцкая выказваецца пра выхаванне, пераемнасць, чалавечнасць…

— Але калі і як узнікла ідэя стварэння такой кнігі?

— З’ездзіў раз да яе, другі, трэці… Так і пачалося сяброўства. Найперш асоба закранула. Уяві, жанчына, нягледзячы на трагедыю чарнобыльскага перасялення, змагла захаваць усё тое, што прынята называць духоўнасцю ці народнай культурай. Захавала, таму і сама захавалася… Мне яшчэ пры першым знаёмстве падалося, што Варвара Аляксандраўна — носьбіт не лакальнай традыцыі Амяльнога, а ўсёй беларускай культуры. Тады і ўзнікла жаданне сабраць усе жыццёвыя прынцыпы Грэцкай пад адной вокладкай, праілюстраваць кнігу фотаздымкамі гераіні выдання, яе радзіны… Ты правільна кажаш пра бабулін “рэпертуар”. У ім — усё кола каляндарных абрадаў, сямейна-побытавай традыцыі… Натуральна, яна сябе носьбітам беларускай культуры не лічыць, бо яна сама па сабе — культура. Прынамсі, бабуля і маці Варвары Грэцкай так яе вучылі: любое свята неабходна ўшанаваць і словам, і дзеяй… Аднойчы баба Вара з унукам паспрачалася наконт тэрмінаў сяўбы і заўважыла катэгарычна: “Па традыцыі будзем рабіць!” Я тады пачаў высветляць, што ж азначае для яе амаль навуковае слова “традыцыя”. Ведаеш, як яна адказала? “Старыя круцяцца, а малыя вучацца”. Геніяльна! На гэтых прынцыпах і будуецца яе светапогляд: “Так рабіла маці, так бабуля рабіла…” 58 вёсак раёна былі адселены, іншымі словамі — зніклі з карты. І гэта — 58 трактовак беларускасці. У нашай з бабай Варварай кнізе — толькі адна. Аднак мы ў выніку маем цудоўныя прыклады народнага мовазнаўства, народнай фалькларыстыкі ды народнай культуралогіі. Адным словам, Грэцкая — носьбіт традыцыі ў васьмі пакаленнях…

— Ты з ёй ці не штотыднёва сустракаешся цягам дзесяці гадоў...

— Перажывае, калі я доўга не прыходжу… Яна мае здольнасць прыцягваць да сябе людзей. Толькі адзін прыклад. Выкананне абраду “Стралы” на Ушэсце патрабуе немалой колькасці ўдзельнікаў. Дык вось, яна штогод на Ушэсце на сваім веткаўскім падворку і адну-дзве песні выконвае ў гонар Стралы. Няхай сабе і рэдуцыраваны, але — абрад. Бо ўсё — ад душы. У веткаўскіх бабуль — суседзяў — свае абрады. Але яны не грэбуюць цяпер і амяльнянскімі святамі. Аднойчы баба Вара так спявала, што я, бадай, упершыню пашкадаваў, што не магу ёй падпець…

— А моладзь як ставіцца? Калі б нават Амяльное засталося, тамтэйшыя маладыя не надта б імкнуліся пераймаць ад Варвары Аляксандраўны? Калі, па-твойму, перарваўся працэс пераемнасці? Калі ўнукі перасталі слухаць бабуль?

— Неглюбка, Стаўбун, Казацкія Балсуны на сёння — жывыя. І, так, масавасці ў абрадах ужо не назіраецца. Тлумачэнне простае: страчваецца прыярытэт сям’і. Прыярытэт камп’ютара — замена кепская… Хоць, да прыкладу, у Свяцілавічах мне даводзілася бачыць, як захапляльна і шчыра спявала па-беларуску дзяўчынка. Аказалася, што яна — сапраўдная ўнучка сваёй роднай бабулі. Ёсць аўтарытэт сям’і, не губляецца аўтарытэт бабулі, значыць, і традыцыя захоўваецца, няхай нават і на ўзроўні асобы… Згодны, і школы, і дамы культуры спрабуюць цяпер штосьці захаваць. Але традыцыя і мастацкая самадзейнасць — не адно і тое ж. Не хачу нікога пакрыўдзіць. Падаецца, людзі шчыра імкнуцца падтрымаць традыцыю. Аднак пэўная няправільнасць імгненна рэжа вока. Не магу патлумачыць, як я гэта бачу. Пэўна, традыцыю, каб яна стала часткай свядомасці, неабходна запускаць у душу змалку. Варвару Аляксандраўну як вучылі спяваць? Спачатку захапілі прыгажосцю калыханачкі. Потым — тым…

— …што песня — жывая істота, яе нельга крыўдзіць, а спяваць трэба толькі тады, калі гэтага каляндар, абрад ці сямейны побыт запатрабуюць?

— Усё правільна разумееш. Варвара сёння, амаль у дзевяноста гадоў, памятае тыя песні, якія ў яе шэсць гадоў вучыла спяваць яе бабуля. А як тонка ды глыбока разважае, якую мае мову! І нічога ў тым дзіўнага няма. У дзяцінстве і адбываецца станаўленне асобы, прыналежнай да нацыянальнай традыцыі. Дзяржава ды школа гэты банальны, падавалася б, факт ігнаруюць. А цяпер у сем’ях рэдкім народным песням — больна… Так што Грэцкая прайшла ў сваім станаўленні шлях да ўсведамлення асабістай ролі ва ўмацаванні традыцыі.

— А колькі ў Варвары Аляксандраўны ўнукаў? Няўжо усе спяваюць як мае быць?

— Ну давай сябе згадаем у юнацтве: мы таксама лічылі сябе разумнейшымі за бацькоў… Зараз які ў моладзі аргумент у дачыненні да нас: “Вы жылі ў пазамінулым стагоддзі. А цяпер час — зусім іншы!”… Адкажу так: два ўнукі ў Варвары Аляксандраўны, і яна для іх — аўтарытэт.

— Кнігу для чаго выдаў?

— Каб жыццё іншых упрыгожыць, каб даць ім шанц. Маўляў, не ўсё страчана, нашы карані — у нашых бацьках, бабулях і дзядулях, яшчэ ёсць час — пытайцеся у іх, вучыцеся быць шчаслівымі!..

— Як у класіка: "Вы пытайцеся, хлопчыкі, вы пытайцеся..."

— Нашы бабулі нам не хлусяць. Дзякуй маці, што нарадзіла, а бабулі — што ўзрасціла, — гэта адзін з прынцыпаў Грэцкай.

— Ты ёй кніжку паказваў? Як яна да яе паставілася?

— Спярша адзначу выдавецтва “Барк”, дырэктар якога — Міла Беразоўская — заўжды ідзе насустрач, калі бачыць, што выданне мае сацыяльную значнасць… Дарэчы, кніжны фармат адлюстравання аднаго носьбіта традыцый ужо вядомы ў нашым фальклоразнаўстве. Да прыкладу, Максім Гарэцкі запісаў ад сваёй маці 118 песень, якія выдаў у 1928 годзе. Пра песні і казкі маці пісаў у 1993-м і Уладзімір Зянько… Дык вось, наша кніжка выдадзена ў падарунак Варвары Аляксандраўны. Беразоўская была вельмі ўзрушана ўнікальнасцю бабулі. І Варвара, калі пабачыла кніжку, сказала: “Я табе з любоўю распавяла, а ты з любоўю напісаў”. І ўвогуле, неадукаваная баба Вара натуральна прыйшла да высноў, якія сустракаюцца ў працах Фларэнскага, Бадуэна дэ Куртэнэ, Доўнар-Запольскага…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"